Дата стварэння: 22.05.2023 10:18:16
Дата змены: 10.11.2025 11:50:07
Брэ́сцкая гарадска́я антыфашы́сцкая арганіза́цыя
Брэсцкая падпольная антыфашысцкая арганізацыя савецкіх патрыётаў.
Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Брэст са жніўня 1942 г. да 28 ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Створана камуністамі, былымі савецкімі работнікамі, былымі членамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. З лета 1943 г. работу арганізацыі накіроўвалі Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б і штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, з мая 1944 г. таксама Брэсцкі падпольны гаркам КП(б)Б.
Арганізацыя складалася з падпольных груп, якія аб’ядноўвалі больш за 100 патрыётаў. Кіраўнік — кандыдат у члены КП(б)Б А. I. Бароўскі (падпольная мянушка Мельнікаў), які да вайны працаваў у Брэсцкім аблвыканкаме.
Групы ўзначальвалі А. А. Антанюк, В. М. Верабей, А. Р. Галаўчынер, Д. Р. Гарабец, У. К. Катовіч, Я. А. Каханоўскі, Д. Г. Красоўскі, М. М. Лісач, В. К. Назарук, I. К. Назарук, М. К. Сцепанюк, П. Ф. Федарук і інш.
Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва савецкія газеты, лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, рэгулярна інфармавалі падпольныя партыйныя органы, штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, партызанскую спецгрупу «Іскра» пра перамяшчэнне войск і тэхнікі праціўніка, размяшчэнне аэрадромаў, складоў з боепрыпасамі і гаручым, абарончых збудаванняў, пра колькасць і ўзбраенне нямецкіх гарнізонаў, выяўлялі варожую агентуру, дапамагалі партызанам зброяй і медыкаментамі, выводзілі са строю тэлефонна-тэлеграфную сувязь праціўніка. Члены арганізацыі разам з партызанамі падарвалі і спалілі 30 аўтамашын з ваеннымі і іншымі грузамі ворага, знішчылі некалькі фашыстаў. Падпольшчыца М. Ф. Шаўчук 18 мая 1944 г. учыніла выбух у афіцэрскай сталовай, у выніку якога забіты і паранены дзесяткі гітлераўцаў. Летам 1944 г. члены арганізацыі аказалі вялікую дапамогу разведкай наступаючым часцям Чырвонай арміі пры вызваленні гарадоў Брэст, Кобрын і іншых населеных пунктаў Брэсцкай вобласці.
У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі М. В. Баршчэўскі, В. Р. Дземянчук, Д. Г. Красоўскі, Ф. I. Лысюк, А. А. Макарэвіч, Р. Пракапчук, П. К. Сычук, Ф. Ф. Федарук.