pdf

БРЭСЦКІ ПАДПОЛЬНЫ ГАРКАМ КП(б)‌Б

Дата стварэння: 22.05.2023 10:18:30

Дата змены: 22.08.2025 11:45:27


Брэ́сцкі падпо́льны гарка́м КП(б)‌Б

Брэсцкі падпольны гарадскі камітэт КП(б)‌Б.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Брэст і ў паўднёвай частцы Брэсцкай вобласці.

Створаны ў маі 1944 г., працаваў пад кіраўніцтвам Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б.

Яшчэ ў жніўні 1941 г. сакратар парткама Брэсцкага чыгуначнага вузла П. Г. Жулікаў і інструктар гаркама КП(б)‌Б Р. С. Радкевіч стварылі падпольны партыйны цэнтр, які дзейнічаў пад назвай гаркама партыі, аднак па ўзроўні і аб’ёме работы ён адпавядаў камітэту (бюро) пярвічнай арганізацыі. Паступова дзейнасць партыйна-камсамольскага падполля набыла моцны і разгалінаваны характар. Але ў верасні — кастрычніку 1943 г. многія падпольшчыкі былі схоплены гестапа і закатаваны, у т. л. П. Г. Жулікаў, які памёр у турме ў снежні 1943 г.

Са стварэннем Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б і да ўтварэння гаркама падпольнай барацьбой з акупантамі ў горадзе з красавіка 1943 г. да канца сакавіка 1944 г. кіраваў упаўнаважаны Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б З. Ф. Паплаўскі.

Падпольны гаркам узначальваў Брэсцкае партыйнае падполле, меў сувязь з Брэсцкай гарадской антыфашысцкай арганізацыяй, праводзіў арганізацыйную і палітычную работу ў партызанскіх атрадах імя М. М. Чарнака і імя М. В. Фрунзэ партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна Брэсцкай вобласці, каардынаваў дзейнасць усіх падпольных партыйных органаў і партызанскіх атрадаў у паўднёвых раёнах Брэсцкай вобласці. Базіраваўся ў партызанскай брыгадзе імя У. I. Леніна Брэсцкай вобласці.

Скасаваны 20 ліпеня 1944 г.

Сакратары гаркама: Р. I. Мажаеў, В. А. Церахаў; члены гаркама: Н. А. Камолава, А. I. Літвінава.