Дата стварэння: 18.05.2024 09:53:19
Дата змены: 11.09.2024 15:00:12
Партыза́нская брыга́да імя́ У. I. Ле́ніна
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Маларыцкага і Дамачаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці.
Створана ў красавіку 1944 г. паводле загада па Брэсцкім партызанскім злучэнні на базе атрадаў імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў лютым 1943) і імя Г. К. Жукава (арганізаваны ў ліпені 1943), вылучаных з партызанскай брыгады імя I. В. Сталіна Брэсцкай вобласці. У чэрвені 1944 г. арганізаваны атрад імя Л. П. Зяленіна (названы ў гонар камандзіра брыгады імя І. В. Сталіна; загінуў у баі ў верасні 1943).
Партызаны вялі баі па ліквідацыі варожых апорных пунктаў і валасных упраў. Пры нападзе на гарнізон у райцэнтры Дамачава знішчылі склады са збожжам, сыравінай, захапілі шмат зброі. У жніўні — кастрычніку 1943 г. падарвалі 3 эшалоны, 19 мастоў, у т. л. адзін чыгуначны, разабралі 1 км чыгуначнага палатна, пашкодзілі 4 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі. Разам з мясцовымі жыхарамі вывелі са строю ўчастак шашэйнай дарогі Брэст — Уладава. У ноч на 15 лістапада 1943 г. атрад імя Г. К. Жукава разграміў гарнізон ворага ў Шацку Валынскай вобласці, які налічваў каля 400 нямецкіх салдат і паліцэйскіх. У час бою атрад знішчыў варожыя склады, захапіў у палон каля 100 нямецкіх паліцэйскіх, шмат зброі.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 20–21 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя К. Я. Варашылава, імя Г. К. Жукава, імя Л. П. Зяленіна, у якіх налічваўся 1 151 партызан.
Камандзір брыгады В. У. Каткоў, камісар В. М. Грабянёў, начальнік штаба Л. С. Гуляеў.