Дата стварэння: 22.05.2023 10:20:58
Дата змены: 20.06.2025 10:09:57
Партыза́нская брыга́да Ле́пельская імя́ І. В. Ста́ліна
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Лепельскага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці.
Сфарміравана 1 ліпеня 1943 г. як Лепельская ў выніку вылучэння з партызанскай брыгады Чашніцкай «Дубава» і атрадаў 3‑га (арганізаваны ў сакавіку 1942 як атрад 68‑ы, да жніўня 1942 дзейнічаў асобна), 4‑га (арганізаваны ў верасні 1942), 8‑га, 9‑га і 13‑га (усе арганізаваны ў маі 1943). Пры арганізацыі брыгады створаны артылерыйскі дывізіён і кавалерыйскі эскадрон, атрад 3‑і быў перайменаваны ў 1‑ы, 4‑ы — у 2‑і,, адначасова з часткі партызан атрада 2‑га сфарміраваны атрад 3‑і. У жніўні 1943 г. у брыгадзе былі арганізаваны атрад 4‑ы і дыверсійны атрад, у лістападзе 1943 г. — атрад 5‑ы. У снежні 1943 г. брыгадзе нададзена імя І. В. Сталіна.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных лініях Лепель — Орша, Полацк — Маладзечна. У верасні 1943 г. падарвалі больш за 2 тыс. рэек. У Лепельскім раёне ў ліпені — кастрычніку 1943 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Катоўшчына, Парэчча, Студзёнка, Забаенне, вялі баі за в. Іван-Бор, у раёне вёсак Свяда (цяпер Слабада) і Слабодка. У ноч на 20 кастрычніка і 22 кастрычніка 1943 г. разам з брыгадай Чашніцкай «Дубава» ўдзельнічалі ў штурме варожага гарнізона ў Лепелі (гл. Лепельская аперацыя 1943 г. і Лепельскі бой 1943 г.), у снежні 1943 г. вялі абарончыя баі каля вёсак Лі́пнікі (спалена ў маі 1943), Храмёнкі Лепельскага раёна (цяпер Ушацкага) і Пуцілкавічы Ушацкага раёна, у сакавіку 1944 г. за вёскі Падлобныя, Заазер’е, Забалацце Лепельскага раёна. У красавіку — маі 1944 г. вялі баі супраць карнай экспедыцыі ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне (гл. Полацка-Лепельская бітва 1944 г.). У чэрвені 1944 г. разам з часцямі Чырвонай арміі ўдзельнічалі ў баі за вёскі Шасцярні Ушацкага раёна, Вокана і Свядзіца Лепельскага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і імя Д. Ц. Караленкі, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы, 8‑ы, 9‑ы імя С. А. Пацея (камандзір атрада С. А. Пацей загінуў у сакавіку 1944), 13‑ы, дыверсійны атрад, артылерыйскі дывізіён, кавалерыйскі эскадрон, у якіх змагаліся 1003 партызаны.
Камандзіры: У. Е. Лабанок, Д. Ц. Караленка (загінуў), А. В. Ярмаш; камісары: А. В. Ярмаш, У. Л. Качан; начальнікі штаба: Д. Ц. Караленка, М. Е. Атрашкевіч.
Камандзіру брыгады У. Е. Лабанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад.
У гонар брыгады ў в. Бароўка Лепельскага раёна і ў в. Старынка Ушацкага раёна ў 1965 г. пастаўлены стэлы.