pdf

БЕЛАСТОЦКАЯ АБЛАСНАЯ АНТЫФАШЫСЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ

Дата стварэння: 14.10.2025 14:01:01

Дата змены: 25.03.2026 10:58:35


Беласто́цкая абласна́я антыфашы́сцкая арганіза́цыя

Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны з лістапада 1943 г. да ліпеня 1944 г. на тэрыторыі Беластоцкай вобласці на чале з Беластоцкім абласным антыфашысцкім камітэтам пад кіраўніцтвам Беластоцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б.

Першыя антыфашысцкія арганізацыі і групы сталі ўзнікаць у 1941–1942 гг. у Ваўкавыскім, Гродзенскім, Крынкаўскім, Свіслацкім і Скідзельскім раёнах, перш за ўсё ў тых населеных пунктах, дзе ў час панавання Польшчы быў развіты рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух працоўных пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Значную ролю ў стварэнні і развіцці сеткі антыфашысцкіх арганізацый і груп у Беластоцкай вобласці адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі», створаны ў маі 1942 г. Антыфашысцкі рух узмацніўся з пачаткам дзейнасці Беластоцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б і са стварэннем на тэрыторыі вобласці міжраённых і раённых камітэтаў партыі.

Беластоцкі падпольны абкам КП(б)‌Б 28 лістапада 1943 г. стварыў Беластоцкі абласны антыфашысцкі камітэт і зацвердзіў яго склад: старшыня — Д. КСукачоў, са студзеня 1944 г. — К. І. Лук’янаў; члены: Я. Г. Бонк, I. С. Целеш, М. М. Уладыка (Ладыка). Камітэт узначальваў дзейнасць Беластоцкай гарадской, Бельскай, Браньскай, Ваўкавыскай, Гродзенскай, Заблудаўскай, Крынкаўскай, Лапскай, Свіслацкай, Скідзельскай, Снядоўскай, Саколкаўскай раённых антыфашысцкіх арганізацый. Да мая 1944 г. Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя аб’ядноўвала 86 антыфашысцкіх арганізацый і груп (639 чалавек).

Падпольшчыкі вялі масава-палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, узнімалі народ на барацьбу супраць акупантаў. Абласны антыфашысцкі камітэт выдаваў друкарскім спосабам бюлетэнь. Антыфашысцкія арганізацыі і групы падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, удзельнічалі ў стварэнні схаванага партызанскага рэзерву, які да лета 1944 г. налічваў больш за 3 тыс. чалавек. Антыфашысты здабылі і перадалі партызанам 340 вінтовак і аўтаматаў, 31 кулямёт, 16 пісталетаў, 10 тыс. патронаў, больш за 3 тыс. снарадаў, значную колькасць медыкаментаў, прадуктаў і інш. У г. Беласток спалілі тэкстыльную фабрыку, у г. Гродна ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, сістэматычна парушалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь ворага, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, знішчалі гітлераўцаў, нападаючы на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў, вялі разведку.