Дата стварэння: 22.05.2023 11:26:04
Дата змены: 11.09.2024 16:22:27
БУМАЖКО́Ў Ціхан Піменавіч (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941).
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Палескай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Герой Савецкага Саюза, першы з савецкіх партызан удастоены гэтага звання (6.8.1941).
Скончыў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум (1933).
Працаваў дырэктарам завода, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкама Палескай вобласці. З ліпеня 1939 г. першы сакратар Акцябрскага райкама КП(б)Б Палескай вобласці.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць гітлераўскіх захопнікаў. Сумесна з Ф. I. Паўлоўскім 26 чэрвеня 1941 г. стварыў партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік», які разам з часцямі Чырвонай арміі стрымліваў наступленне гітлераўцаў на р. Пціч, разграміў у в. Воземля Акцябрскага раёна штаб нямецкай дывізіі (гл. Воземлянскі бой 1941 г.).
Са жніўня 1941 г. начальнік палітаддзела кавалерыйскай групы на Паўднёва-Заходнім фронце. Загінуў у баі ў час выхаду з акружэння.
У г. п. Акцябрскі Ц. П. Бумажкову пастаўлены помнік; яго імем названы калгас у Акцябрскім раёне, чыгуначная станцыя (на лініі Бабруйск — Рабкор) і вуліцы ў гарадах Бабруйск, Мінск, Мазыр, Петрыкаў, у Акцябрскім, аграгарадку Парэчча Акцябрскага раёна.