Дата стварэння: 22.05.2023 11:28:52
Дата змены: 11.09.2024 16:22:27
ВАНЕ́ЕЎ Уладзімір Рыгоравіч (6.8.1896, в. Шчыпічоўшчына Кацельніцкага раёна Кіраўскай вобласці, Расія — 12.10.1941).
Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў партыйнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. У далейшым на партыйнай і савецкай рабоце.
З кастрычніка 1937 г. старшыня выканкама Мінскага гарсавета, са жніўня 1938 г. наркам гандлю БССР, з сакавіка 1939 г. намеснік старшыні СНК БССР, з сакавіка 1941 г. трэці сакратар ЦК КП(б)Б.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны вёў вялікую работу па мабілізацыі ваеннаабавязаных у Чырвоную армію, перабудове жыцця на ваенны лад; арганізоўваў эвакуацыю ў савецкі тыл насельніцтва, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў, дакументаў, матэрыяльных каштоўнасцей; прымаў удзел у арганізацыі партыйнага падполля, мабілізацыі сіл для разгортвання партызанскай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі.
З 23 ліпеня 1941 г. брыгадны камісар, член Ваеннага савета 19‑й арміі Заходняга фронту. Удзельнічаў у абароне гарадоў Віцебск, Смаленск, Масква. Загінуў у баі ў час выхаду з акружэння.
Імем У. Р. Ванеева названы вуліца і плошча ў Мінску.