Ве́лле
Вёска на тэрыторыі Расонскага раёна Віцебскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 1,5 км на захад ад в. Ушчалёпкі Альбрэхтаўскага сельсавета. Перад вайной у вёсцы жылі 77 чалавек.
У час карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва» ў лютым 1943 г. гітлераўцы загубілі жыхароў (74 чалавекі), вёску (22 двары) спалілі.
Пасля вайны не адрадзілася.
На магіле ахвяр фашызму каля Ушчалёпак у 1965 г. устаноўлены помнік.
На месцы вёскі ў 1965 г. насыпаны курган, на вяршыні якога пастаўлена стэла, у 1986 г. устаноўлены пліты з імёнамі загубленых жыхароў. У 2021 г. мемарыял абноўлены.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».