Дата стварэння: 01.03.2023 15:19:37
Дата змены: 11.09.2024 14:50:23
«Зімо́вае чараўні́цтва» («Winter-zauber»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партызанскай зоны і цывільнага насельніцтва ў трохвугольніку Себеж — Асвея — Полацк (на тэрыторыі сучасных Верхнядзвінскага, Полацкага і Расонскага раёнаў Віцебскай вобласці) 14 лютага — 20 сакавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася карнай групоўкай «баявая група “Берта”», у склад якой уваходзіла 10 паліцэйскіх батальёнаў, матарызаваныя жандарскія падраздзяленні, падраздзяленні сувязі і артылерыі, 2‑я авіягрупа асобага прызначэння. З поўначы і поўдня раён аперацыі быў акружаны падраздзяленнямі 201‑й ахоўнай і 391‑й вучэбна-палявой дывізій.
Сумеснымі ўдарамі з фронту і тылу партызаны Віцебскай і Калінінскай абласцей і Латвіі нанеслі карнікам цяжкія страты і прымусілі іх адступіць. Асабліва дзёрзка і эфектыўна дзейнічалі ў тыле спецыяльныя атрады партызанскай брыгады 1‑й Дрысенскай, партызанскай брыгады Асвейскай імя М. В. Фрунзэ і лыжнікі атрада імя М. А. Шчорса партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага пад камандаваннем П. М. Машэрава.
У ходзе аперацыі гітлераўцы забілі і спалілі жывымі 3,5 тыс. мясцовых жыхароў, 2 тыс. угналі на катаржныя работы ў Германію, больш за тысячу дзяцей — у Саласпілскі лагер смерці (Латвія); разрабавалі і спалілі 158 населеных пунктаў, у т. л. разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Булы, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнава, Сакалова і інш. Забойцы засмучаліся з прычыны таго, што «для размініравання мінных палёў у цяперашні час няма цывільнага насельніцтва». Карнікі забралі з вёсак усю сельгаспрадукцыю, угналі жывёлу, аднак ім не ўдалося знішчыць партызан і ліквідаваць партызанскую зону.