Дата стварэння: 05.05.2023 12:09:20
Дата змены: 11.09.2024 15:58:57
Расо́нска-Асве́йская партыза́нская зо́на
Тэрыторыя на поўначы Віцебскай вобласці, якую кантралявалі партызаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У маі 1942 г. партызаны разграмілі паліцэйскія ўчасткі і валасныя ўправы на тэрыторыі 10 сельсаветаў Расонскага раёна, да кастрычніка вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў тэрыторыю Расонскага, Асвейскага, частак Дрысенскага і Полацкага раёнаў, у т. л. райцэнтры Расоны, Асвея і мястэчка Клясціцы. У канцы 1942 г. партызаны ўтрымлівалі каля 1,8 тыс. км², вясной 1943 г. — 5 тыс. км². Вызваленая тэрыторыя стала часткай партызанскага краю, створанага рускімі, беларускімі і латышскімі партызанамі на стыку РСФСР, БССР і Латвіі (10 тыс. км², больш за 100 тыс. чалавек).
Пачынаючы з чэрвеня 1942 г. і да снежня 1943 г. зону абаранялі партызанскія фарміраванні Расонскага, Асвейскага і Дрысенскага раёнаў, партызанскія брыгады Калінінскай вобласці РСФСР, латышскія партызанскія брыгады. Дзейнасць партызан накіроўвалі ЦК КП(б)Б, Паўночна-Заходняя аператыўная група ЦК КП(б)Б (да верасня 1942), Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), мясцовыя партыйныя органы. Зону ўтрымлівалі брыгады Расонская імя І. В. Сталіна, Асвейская імя М. В. Фрунзэ, 1‑я Дрысенская, імя К. К. Ракасоўскага (да сакавіка 1943 «За Савецкую Беларусь») і інш. На тэрыторыі зоны знаходзіліся некаторы час брыгады «За Савецкую Беларусь», 3‑я і 4‑я Беларускія, імя С. М. Кароткіна, 1‑я і 3‑я Калінінскія, латышскі атрад (потым брыгада) В. П. Самсона.
У зоне была адноўлена савецкая ўлада. На яе тэрыторыі базіраваліся Дрысенскі, Асвейскі, Расонскі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся раённыя газеты. У Расонскім pаёне ўжо вясной 1942 г. працавала 7 млыноў, 12 гарбарных прадпрыемстваў, 13 рамонтна-пашывачных, кавальска-такарна-слясарныя майстэрні, 7 хлебапякарняў, электрастанцыя. Падтрымлівалася двухбаковая радыёсувязь з Вялікай зямлёй. У вёсках Сяляўшчына, Роўнае Поле і Забор’е Расонскага pаёна дзейнічалі партызанскія аэродромы і пасадачныя пляцоўкі. У 1943 г. на Сяляўшчынскі аэрадром дастаўлена больш за 300 т баявых грузаў для 20 партызанскіх брыгад.
Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону. Баі па абароне зоны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ішлі бесперапынна з чэрвеня 1942 г. Тэрыторыя зоны неаднаразова пераходзіла з рук у рукі і была пераўтворана гітлераўцамі ў «выпаленую зямлю». Акупанты спалілі поўнасцю разам з усімі ці большасцю жыхароў каля 100 вёсак, якія не былі адноўлены пасля вайны.
Камандаванне нямецкай групы армій «Цэнтр» у чэрвені 1942 г. паставіла перад 201‑й ахоўнай дывізіяй задачу «...канчаткова ўціхамірыць Расонскі раён і замацавацца ў ім». Аднак першыя ж спробы карнікаў уварвацца ў зону з поўдня і ўсходу былі спынены партызанскімі атрадамі, якімі кіраваў Аб’яднаны штаб партызанскіх атрадаў Расонскага раёна (на чале з Р. А. Ахоціным і В. Я. Лапенкам). У ліпені гітлераўцы павялі наступленне паміж станцыямі Полацк і Дрэтунь з поўначы і поўдня ад чыгункі Полацк — Невель (карныя аперацыі № 12, 13, 14). На ўсіх напрамках нямецка-фашысцкія захопнікі былі спынены, а потым адкінуты на зыходныя пазіцыі сіламі партызанскіх атрадаў «Няўлоўныя», імя І. В. Сталіна, імя В. І. Чапаева, імя М. І. Калініна і імя К. Я. Варашылава (гл. у артыкуле Партызанская брыгада Расонская імя I. В. Сталіна). Найбольш кровапралітныя баі па абароне зоны ад карнікаў летам — восенню 1942 г. адбываліся ў раёне вёсак Асёткі Асвейскага раёна і Рум, Прудок, Краснаполле Расонскага pаёна. Праваліліся і карныя аперацыі (у т. л. «Пантэра» № 32), якія праводзіліся гітлераўцамі летам — восенню 1942 г.
У студзені 1943 г. нямецка-фашысцкія захопнікі зрабілі новую спробу: масіраваным ударам (з боку возера Асвейскае на захад і ад чыгункі Полацк — Невель на ўсход) сціснуць партызанскія сілы паміж рэкамі Свольна і Дрыса, адрэзаць шляхі адыходу ў паўднёвым напрамку і разграміць іх. Да 11 лютага партызаны стрымлівалі карнікаў на загадзя падрыхтаваных рубяжах абароны, потым без аператыўнай паўзы перайшлі ў наступленне і выгналі ворага з зоны (гл. «Заяц-бяляк»). Аднак гітлераўцы падцягнулі новыя сілы і 14 лютага пачалі наступленне (гл. «3імовае чараўніцтва»). Каб пазбегнуць барацьбы на двух франтах, партызаны нанеслі на расонска-дрэтунскім напрамку вырашальны апераджальны контрудар па ўсходняй групоўцы праціўніка. Заходняй, больш моцнай, групоўцы партызаны проціпастаўлялі тактыку актыўнай абароны. Яны абяскроўлівалі ворага на загадзя падрыхтаваных рубяжах, рухомыя групы партызан наносілі ўдары па тылах і камунікацыях карнікаў.
З мэтай больш аператыўнай каардынацыі дзеянняў партызан па ініцыятыве прадстаўніка ЦК КП(б)Б і БШПР А. Ф. Бардадына быў створаны аб’яднаны штаб партызанскіх сіл. У яго ўвайшлі: А. Ф. Бардадын, адказны сакратар Віцебскага падпольнага абкама партыі Б. I. Мажайскі, прадстаўнік Калінінскага штаба партызанскага руху А. I. Штрахаў, сакратар Расонскага падпольнага райкама КП(б)Б Я. П. Васілевіч, камбрыг I. К. Захараў, кіраўнік аператыўнай групы ЦК КП(б) Латвіі К. М. Озалінь. Паводле загаду штаба асноўныя сілы партызан і тысячы жыхароў Асвейскага раёна пачалі адыход за Свольну. Апошні рубеж абароны працягласцю больш за 30 км па фронце быў створаны партызанамі і насельніцтвам на ўсходнім беразе Свольны ад в. Лісна да в. Дзёрнавічы. Да 20 сакавіка 1943 г. партызаны стрымлівалі націск ворага, а потым самі перайшлі ў наступленне і праз некалькі дзён поўнасцю ачысцілі ад ворага большую частку Асвейскага і Дрысенскага раёнаў.
Восенню 1943 г. нямецка-фашысцкае камандаванне пачало распрацоўку яшчэ больш буйной карнай аперацыі супраць Pасонска-Асвейскай партызанскай зоны, якую гітлераўцы называлі «бандыцкай рэспублікай Расоны». Новае буйное наступленне нямецка-фашысцкіх войск (гл. «Генрых») пачалося 31 кастрычніка 1943 г., абарончыя баі партызан супраць намнога большых сіл праціўніка працягваліся да 9 лістапада 1943 г. Ворагу ўдалося пацясніць партызан і захапіць Расоны, Клясціцы, Межава, рассячы зону з поўначы на поўдзень, стварыць т. зв. расонскі кацёл. Наступальныя дзеянні войск 1‑га Прыбалтыйскага фронту на некаторы час прыпынілі развіццё карнай аперацыі. Аднак 20 снежня 1943 г. гітлераўцы падцягнулі з фронту новыя сілы і пачалі баявыя дзеянні супраць партызан у Асвейскім і Дрысенскім раёнах, а таксама ў паўднёвай частцы Себежскага раёна Пскоўскай вобласці (гл. «Ота»). Праціўнік імкнуўся прыціснуць партызан да р. Нішча, да якой адсунулася перадавая лінія абароны гітлераўскіх войск на савецка-германскім фронце, і з дапамогай франтавых часцей знішчыць партызанскія сілы і тысячы мірных жыхароў, якія адступалі разам з партызанамі. Партызанская абарона з сістэмай стралковых ячэек, дзотаў і хадоў зносін праходзіла па правым беразе Нішчы да яе ўпадзення ў р. Дрыса, па Дрысе да шляху на Асвею і далей на поўнач па Свольне. Гітлераўцы вялі наступленне шырокім фронтам у 3 эшалоны, значна пераўзыходзілі партызан у сілах. Але партызанам удалося прарваць кальцо блакады і 30 снежня 1943 г. выйсці на злучэнне з перадавымі часцямі Чырвонай арміі. Пад аховай партызан у раён возера Страдань выйшла каля 10 тыс. жанчын і дзяцей.
Абаронцам зоны дапамогу аказвала Вялікая зямля. На аэрадром у Сяляўшчыну 8 сакавіка 1943 г. было дастаўлена 220,9 тыс. вінтовачных і 66,5 тыс. аўтаматных патронаў, 240 гранат, 200 мін, 6 ручных кулямётаў, 10 процітанкавых ружжаў і 1 760 патронаў да іх, 112 кг солі, медыцынскія камплекты. У ноч на 10 сакавіка на Сяляўшчынскі партызанскі аэрадром быў скінуты груз з самалётаў: 3 планёры даставілі партызанам 78,3 тыс. патронаў, 200 вінтовак, 200 кг толу, больш за 700 гранат. У ноч на 11 сакавіка 2 самалёты даставілі абаронцам зоны аўтаматы, кулямёты, процітанкавыя ружжы і боепрыпасы да іх. У лістападзе 1943 г. аэрадром у Сяляўшчыне зноў прыняў самалёты са зброяй, боепрыпасамі і харчаваннем. Зваротнымі рэйсамі самалёты адвозілі параненых і дзяцей.
Стойкай абаронай зоны партызаны Беларусі ў баявой садружнасці з партызанамі Калінінскай вобласці і Латвіі выратавалі дзясяткі тысяч мірных жыхароў, нанеслі цяжкія страты захопнікам, пастаянна ўносілі дэзарганізацыю ў забеспячэнне левага фланга нямецкай групы армій «Цэнтр», перашкаджалі вывозіць да чыгункі хлеб, мяса, іншыя рэсурсы. У выніку наступлення савецкіх войск значная частка зоны аказалася ў прыфрантавой паласе, і са студзеня 1944 г. дзеянні партызан на яе тэрыторыі насілі пераважна разведвальна-дыверсійны характар.
У памяць пра баявыя дзеянні партызанскіх фарміраванняў, якія абаранялі зону ад гітлераўцаў, насыпаны курганы (1959, каля в. Прошкі Верхнядзвінскага раёна; 1964, в. Маторына Расонскага раёна), пастаўлены помнікі і мемарыяльныя знакі.