Дата стварэння: 02.10.2023 11:54:46
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Паўно́чна-Захо́дняя аператы́ўная гру́па ЦК КП(б)Б
Рабочы орган ЦК КП(б)Б па кіраўніцтве партыйным падполлем і партызанскімі атрадамі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Створана паводле пастановы ЦК КП(б)Б ад 20 сакавіка 1942 г. Групу ўзначаліў сакратар ЦК КП(б)Б Р. Б. Эйдзінаў; у яе ўваходзілі адказныя партыйныя, савецкія і камсамольскія работнікі: К. I. Бударын, А. С. Шаўроў, В. Р. Раманаў, М. В. Зімянін, М. I. Красоўскі, С. I. Сікорскі і інш.
Базіравалася ў в. Шэйна Тарапецкага pаёна Калінінскай вобласці (РСФСР).
Асноўнымі задачамі групы было ўстанаўленне сувязі з падпольнымі арганізацыямі і партызанскімі фарміраваннямі, якія дзейнічалі ў Віцебскай вобласці і паўночных раёнах Мінскай і Магілёўскай абласцей, аказанне дапамогі падпольшчыкам і партызанам, збор і апрацоўка разведвальнай інфармацыі пра варожы тыл. У сваёй рабоце група абапіралася на дапамогу ваенных саветаў 3‑й і 4‑й ударных армій, членамі якіх адпаведна былі першы сакратар ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнка і першы сакратар Віцебскага абкама КП(б)Б I. А. Стулаў. Група ўзаемадзейнічала са штабамі Калінінскага фронту, 3‑й і 4‑й ударных армій.
Вяла работу па перакідцы ў акупіраваныя раёны партыйных, камсамольскіх работнікаў, арганізатараў партызанскага руху, дастаўцы літаратуры, зброі, медыкаментаў. Удзельнічала ў стварэнні падпольных райкамаў КП(б)Б, партызанскіх брыгад і атрадаў. Праз Віцебскія «вароты» пераправіла ў тыл ворага больш за 20 партызанскіх атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы агульнай колькасцю больш за 3 тыс. чалавек, больш за 5 тыс. адзінак стралковай зброі, шмат процітанкавых ружжаў, боепрыпасаў, узрыўчаткі, мільёны экзэмпляраў газет, лістовак, брашур, прыняла і накіравала ў савецкі тыл тысячы грамадзян, эвакуіраваных з акупіраванай Беларусі. Філіялам аператыўна-вучэбнага цэнтра пры аператыўнай групе падрыхтавана больш за 600 падрыўнікоў. На падставе сабраных і абагульненых інфармацыйных матэрыялаў аб варожым тыле група выпусціла 16 аператыўна-разведвальных зводак для ЦК КП(б)Б, Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР), камандавання Калінінскага фронту, 3‑й і 4‑й ударных армій.
Расфарміравана ў верасні 1942 г. у сувязі са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху.