«ОТА»

Дата стварэння: 17.08.2023 13:51:05

Дата змены: 01.03.2024 09:29:03


«О́та» («Otto»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у лістападзе 1943 г. у ходзе адбіцця аперацыі «Генрых» (31.10 — 9.11.1943), у Дрысенскім, Асвейскім і Расонскім раёнах Віцебскай вобласці 20 снежня 1943 г. — 1 студзеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася баявымі групамі начальніка паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрара СС Ф. Екельна і начальніка СС і паліцыі на тэрыторыі Беларусі группенфюрара СС К. фон Готберга.

Мэта аперацыі — знішчыць партызанскія сілы на тэрыторыі паміж г. Дрыса (цяпер г. Верхнядзвінск) і г. Себеж (Расія), наладзіць бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач» па дарогах Дрыса — Себеж і Полацк — Себеж.

Праціўнік 20 снежня з Себежа, г. п. Ідрыца (Расія) і в. Шкяўне (Латвія) на поўначы, г. Даўгаўпілс (Латвія) на захадзе і г. Полацк на поўдні пачаў наступленне супраць партызанскай абароны, якая праходзіла па правым беразе р. Нішча да яе ўпадзення ў р. Дрыса, а потым па Дрысе і далей на поўнач уздоўж дарогі Дзёрнавічы — Задзежжа і па р. Свольна. Гітлераўцы вялі наступленне шырокім фронтам трыма эшалонамі, маючы на кожным участку фронту, у кожным баі многаразовую перавагу ў жывой сіле і ўзбраенні.

Праціўніку ўдалося 24 снежня адцясніць партызан да апошняй лініі іх абароны, да лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага раёна, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, перапоўненыя параненымі шпіталі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На пасяджэнні Асвейскага і Дрысенскага падпольных райкамаў КП(б)‌Б сумесна з камандзірамі і камісарамі брыгад было прынята рашэнне ў ноч на 28 снежня прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых праз лінію фронту ў савецкі тыл.

З мэтаю адцягнення сіл праціўніка і прарыву лініі фронту, якая праходзіла па рубяжы станцыя Дрэтунь (Полацкі раён) — возера Нешчарда (Расонскі раён) — г. Пустошка Калінінскай вобласці (Расія), былі створаны 2 ударныя групы. Адну ў складзе партызанскай брыгады Асвейскай імя М. В. Фрунзэ, партызанскай брыгады 1‑й Дрысенскай, партызанскай брыгады 2‑й Дрысенскай і Латышскага партызанскага атрада ўзначаліў сакратар Асвейскага падпольнага райкама КП(б)‌Б I. К. Захараў, другую ў складзе 1‑й, 7‑й, 11‑й, 12‑й, 20‑й Калінінскіх брыгад — камандзір 1‑й Калінінскай брыгады В. М. Лісоўскі.

Партызаны 26 снежня схавалі цяжкае ўзбраенне, і 1‑я ўдарная група нанесла рашаючы ўдар па карніках каля в. Канюхова паміж вёскамі Клясціцы і Сакалішча Расонскага раёна. Зламаўшы апошні эшалон абароны праціўніка, калона людзей, што расцягнулася амаль на кіламетр, па ўмёрзлым у лёд сплаўным лесе перайшла цераз р. Нішча. Каля 10 тыс. жыхароў пад прыкрыццём партызан 30 снежня пераправіліся цераз Дрысу і ўвайшлі ў размяшчэнне часцей Чырвонай арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы — в. Юхавічы не ўдаўся, і яна з часткаю мясцовых жыхароў, якія ішлі з ёю, пасля двухдзённых баёў адышла ў лясы на поўнач і захад ад в. Роўнае Поле, частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы.

У ходзе аперацыі «Ота» гітлераўцы, толькі па даных баявой групы Готберга, расстралялі каля 2 тыс. чалавек, захапілі для вывазу на катаргу больш за 500 чалавек, спалілі многія вёскі.

У 1974 г. у в. Канюхова Расонскага раёна пастаўлены помнік партызанам і мясцовым жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.

Адзін з галоўных арганізатараў і кіраўнікоў «Ота» і іншых крывавых карных аперацый на тэрыторыі Беларусі і Прыбалтыкі Ф. Екельн пасля вайны быў асуджаны на Рыжскім судовым працэсе і публічна павешаны ў Рызе 3 лютага 1946 г.