pdf

«ЗАЯЦ-БЯЛЯК»

Дата стварэння: 17.08.2023 13:45:58

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20

«За́яц-бяля́к» («Schneehase»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва Расонска-Асвейскай партызанской зоны (на захад ад чыгункі Полацк — Невель) 28 студзеня — 13 лютага 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі чатырох палкоў 201‑й ахоўнай дывізіі вермахта (камандзір генерал-маёр А. Якабі), батальёнаў 8‑га паліцэйскага палка, гарнізонаў Себежа, Ідрыцы, Пустошкі, Новахаванска і спецыяльных гаспадарчых атрадаў.

Карнікі наступалі па збежных напрамках з раёнаў возера Язна і станцыі Дрэтунь на лініі Полацк — Невель з мэтаю прыціснуць партызан да чыгункі Полацк — Ідрыца (праходзіла каля в. Расоны, не адноўлена пасля вайны) і знішчыць сустрэчным ударам з боку возера Асвейскага. У паўночным і паўднёвым напрамках стварыць перашкоду партызанам у прарыве даручалася 281‑й ахоўнай дывізіі (генерал-маёр Б. Скультэтус) тылу групы армій «Поўнач», часцям 391‑й вучэбна-палявой дывізіі (камандзір генерал-маёр А. Д. фон Манцятон) і падраздзяленням ваенна-паветранага флоту.

Рашэннем ваеннага савета камандзіраў партызанскіх брыгад створаны 2 ударныя групоўкі: паўночная—1‑я, 3‑я, 5‑я Калінінскія брыгады, 3 атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партызанскі атрад; паўднёвая — Дрысенская брыгада, атрады брыгад Асвейскай імя М. В. Фрунзэ, Расонскай імя І. В. Сталіна, «Спартак». У тыле карнікаў дзейнічала брыгада «Няўлоўныя», у рэзерве — брыгада імя С. М. Кароткіна. Тылы і флангі ўдарных груп прыкрывалі 4‑я, 6‑я, 10‑я, 11‑я Калінінскія брыгады, частка атрадаў Асвейскай брыгады імя М. В. Фрунзэ.

Аб’яднаныя сілы партызан 11 лютага 1943 г. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лютага выцеснілі праціўніка з Расонскага раёна. Амаль адначасова на ўсходзе і захадзе Віцебскай вобласці гітлераўцы 14 лютага 1943 г. пачалі новыя карныя аперацыі «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва» з мэтаю ўзяць рэванш за няўдачу ў гэтай аперацыі.

У час аперацыі «Заяц-бяляк» карнікі знішчылі ў Расонскім pаёне (па няпоўных даных) 877 мясцовых жыхароў, у т. л. у вёсках Альбрэхтава (45 чалавек), Байдзіна і Тродавічы (140 чалавек), Гарбачэва (120 чалавек), Двор Чарэпіта (63 чалавекі), Ізбішча (36 чалавек); Межава і Замошша (36 чалавек); разам з жыхарамі знішчаны вёскі Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова і інш.