Дата стварэння: 17.08.2023 14:06:21
Дата змены: 11.09.2024 16:10:25
«Шарава́я мала́нка» («Kugelblitz»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва Суражскай партызанскай зоны (Віцебскі, Гарадоцкі, Суражскі раёны Віцебскай вобласці) 14 лютага — 19 сакавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі 201‑й ахоўнай дывізіі, 2‑га матарызаванага палка 3‑й танкавай арміі, трох здрадніцкіх фарміраванняў, артылерыйскіх, сапёрных, контрразведвальных падраздзяленняў, 825‑га «ост-мусульманскага» батальёна, прыдадзенага 391‑й вучэбна-палявой дывізіі вермахта. Карнікаў падтрымлівалі бронецягнік і 10 бронемашын. Агульная колькасць гітлераўскіх карнікаў складала 36 тыс. салдат і афіцэраў. Кіравалі аперацыяй камандзір 201‑й ахоўнай дывізіі генерал-маёр А. Якабі і камандуючы «ўсходнімі добраахвотніцкімі фарміраваннямі» генерал-маёр Вартэнберг.
Карнікі імкнуліся акружыць і знішчыць партызан у трохвугольніку Гарадок — Сураж — Мяжа, захапіць працаздольнае насельніцтва для вывазу ў Германію, стварыць бяспеку руху на ўчастку ракаднай чыгункі Віцебск —Гарадок — Невель, перашкодзіць пранікненню праз гэты раён партызан за лінію фронту, баявому ўзаемадзеянню партызан з часцямі Чырвонай арміі.
Да 14 лютага ў кальцы карнікаў паміж рэкамі Аўсянка, Лужаснянка і чыгункай Віцебск — Езярышча апынуліся 9 тыс. партызан і больш за 20 тыс. мясцовых жыхароў. На асобных участках партызаны імкнуліся контратакамі перашкодзіць праціўніку сканцэнтраваць сілы і захапіць плацдарм на берагах рэк, што абкружалі партызанскую зону. Партызаны брыгады «Аляксея» (гл. Партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава) 15 лютага авалодалі вёскамі Сахарава, Жабенцяі, Баліна, Мельны на левабярэжжы р. Заходняя Дзвіна, знішчылі больш за 100 гітлераўцаў, захапілі 20 чалавек палонных, зброю і боепрыпасы. Гітлераўцы не змаглі ўварвацца ў зону і з 18 лютага пачалі сістэматычна абстрэльваць і бамбіць пярэдні край партызанскай абароны.
ЦК КП(б)Б і Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) прымалі меры па аказанні дапамогі партызанам і насельніцтву. Экіпажы савецкай ваеннай авіяцыі 11 і 15 лютага зрабілі 46 самалёта-вылетаў з боепрыпасамі і зброяй, дадаткова з 20 да 24 лютага даставілі ў партызанскую зону больш за 115 тыс. патронаў, каля 800 мін і 18 мінамётаў, 700 кг толу.
Гітлераўцы 22 лютага перайшлі ў наступленне па ўсім перыметры блакады, 5 сутак ішлі бязлітасныя крывавыя баі. На ўсход ад г. Гарадок партызанская брыгада імя М. I. Кутузава разграміла батальён праціўніка, захапіла яго сцяг, мінамёты, аўтаматы, вінтоўкі; партызаны-бранябойшчыкі падбілі 3 бронемашыны, грузавую і легкавую аўтамашыны. У ноч на 23 лютага на бок партызан амаль у поўным складзе (506 салдат) перайшоў 825‑ы «ост-мусульманскі» батальён і ўліўся ў 1‑ю Віцебскую і «Аляксея» брыгады. Партызаны не ўступалі ў зацяжныя баі, прабіваючыся невялікімі групамі праз шчыльныя ланцугі карнікаў. Партызаны і мясцовыя жыхары да 3 сакавіка былі абкружаны на зарослым драбналессем і хмызняком балоце (плошчай 112 км² на мяжы Суражскага і Гарадоцкага раёнаў). Сілы карнікаў размяшчаліся на рубяжы вёсак Канашы — Дубрава — Азёркі, Кавалёва —Сапраны — урочышча Астроўская Дача. Партызаны ва ўрочышчы Шчалбоўская Дача Гарадоцкага раёна 5 сакавіка трымалі кругавую абарону, потым пайшлі ўрукапашную і да 11 сакавіка выйшлі ў раён вёсак Стайкі, Дражна, Платы, Коставічы.
Гітлераўцы да 20 сакавіка адышлі ў гарады Віцебск, Гарадок і г. п. Сураж. У баявым дзённіку 201‑й ахоўнай дывізіі камандуючы аперацыяй «Шаравая маланка» падвёў яе вынікі. Фашысты «праверылі» 169 вёсак, «прафільтравалі» ў іх 3 583 чалавекі і перадалі іх 9‑й айнзацкамандзе СД, 1 456 чалавек з іх былі расстраляны, 804 чалавекі дастаўлены ў зборны лагер для адпраўкі на работы.
У баях было забіта і паранена каля 500 гітлераўцаў толькі з 201‑й ахоўнай дывізіі, амаль поўнасцю знішчаны бронедывізіён вермахта.
Партызаны страцілі ў баях каля 400 чалавек забітымі, больш за 100 чалавек параненымі. Паводле даных праціўніка, было ўзята ў палон 260 партызан, з якімі зверскі расправіліся: іх рэзалі нажамі і штыкамі, звязвалі калючым дротам, абкладвалі смалой і дровамі і падпальвалі. Жанчын і дзяцей, што спрабавалі схавацца ў зямлянках, знішчалі гранатамі, злоўленых у лесе цывільных жыхароў заганялі ва ўцалелыя пабудовы і жывымі спальвалі.
Працягам аперацыі «Шаравая маланка» стала карная аперацыя «Грамавы ўдар».