pdf

ГОМЕЛЬСКАЯ СТРАЛКОВАЯ ДЫВІЗІЯ

Дата стварэння: 16.06.2023 10:22:20

Дата змены: 11.09.2024 15:54:56

Го́мельская стралко́вая дыві́зія

Гомельская гвардзейская стралковая Чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Леніна дывізія.

Сфарміравана ў час Вялікай Айчыннай вайны ў верасні — лістападзе 1941 г. у Саратаўскай вобласці (Расія) як 342‑я стралковая дывізія ў складзе трох стралковых і аднаго артылерыйскага палкоў. Баявыя дзеянні пачала 24 снежня 1941 г. у Тульскай вобласці, у складзе 61‑й арміі Бранскага фронту. У 1942–1943 гг. вяла абарончыя баі на Бранскім і Заходнім франтах. Летам 1943 г. у складзе 3‑й арміі вызначылася ў Курскай бітве і Арлоўскай аперацыі, пераўтворана ў 121‑ю гвардзейскую стралковую дывізію (23.9.1943).

Удзельнічала ў разгроме бранскай групоўкі ворага і ў складзе войск Беларускага фронту — у Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. Дывізія 23 лістапада 1943 г. фарсіравала р. Сож у раёне г. п. Карма і разам з іншымі злучэннямі 3‑й арміі стварыла пагрозу акружэння нямецка-фашысцкіх войск у раёне Гомеля, што садзейнічала яго вызваленню. Вызначылася ў баях пад Гомелем, за што ўдастоена ганаровага наймення «Гомельская» (26.11.1943); чатыром яе воінам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у т. л. капітану М. Г. Калінкіну.

Удзельнічала ў разгроме фашысцкіх войск на Правабярэжнай Украіне, у Львоўска-Сандамірскай аперацыі, вызваленні Польшчы, Вісла-Одэрскай аперацыі, фарсіраванні р. Одэр, Берлінскай аперацыі. Баявыя дзеянні завяршыла ў Чэхаславакіі.

Узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга (7.2.1944); ордэнам Суворава II ступені (9.8.1944) і ордэнам Леніна (28.5.1945). Больш за 15 тыс. воінаў дывізіі ўзнагароджана ордэнамі і медалямі СССР, 31 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Камандзіры: падпалкоўнік, з 28 снежня 1941 г. палкоўнік А. I. Папоў (верасень 1941 — лістапад 1942); палкоўнік Р. I. Каначадзэ (лістапад 1942 — люты 1943); палкоўнік М. К. Масленікаў (люты — сакавік 1943); генерал-маёр Л. Д. Чарваній (сакавік 1943 — да канца вайны).