Дата стварэння: 16.06.2023 10:22:30
Дата змены: 11.09.2024 14:33:51
Го́мельскія вайско́выя злучэ́нні і ча́сці
Загадамі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 26 снежня 1943 г. і наркама абароны СССР ад 27 мая 1944 г. ганаровае найменне «Гомельскія» нададзена 20 злучэнням і часцям 11‑й, 48‑й, 16‑й паветранай армій і тром злучэнням авіяцыі далёкага дзеяння, якія найбольш вызначыліся пры вызваленні г. Гомель (26.11.1943) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Часці і злучэнні, якім нададзена найменне «Гомельскія»: 4‑ы гвардзейскі бамбардзіровачны авіяцыйны корпус далёкага дзеяння (палкоўнік С. П. Кавалёў); 121‑я гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр Л. Д. Чарваній); 96‑я (палкоўнік Ф. Г. Булатаў) і 283‑я (палкоўнік В. А. Канавалаў) стралковыя дывізіі; 22‑я артылерыйская дывізія прарыву (палкоўнік К. I. Каралёў); 5‑я гвардзейская [падпалкоўнік П. Е. Цімашоў (Цімашаў)], 45‑я (генерал-маёр В. I. Лебедзеў) і 301‑я (палкоўнік Ф. М. Федарэнка) бамбардзіровачныя авіяцыйныя дывізіі; 273‑я (генерал-маёр I. Я. Фёдараў) і 282‑я (падпалкоўнік Ю. М. Беркаль) знішчальныя авіяцыйныя дывізіі; 57‑я інжынерна-сапёрная брыгада (палкоўнік I. А. Логінаў); 231‑ы [маёр П. Ф. Паляшчук (Палішчук)] і 253‑і (падпалкоўнік В. I. Андрэеў) танкавыя палкі; 295‑ы пушачны артылерыйскі полк (падпалкоўнік Б. В. Падольскі); 584‑ы (падпалкоўнік П. М. Ушакоў) і 1179‑ы (палкоўнік Г. Ю. Юсупаў) знішчальна-процітанкавыя артылерыйскія палкі; 1444‑ы самаходны артылерыйскі полк (падпалкоўнік Ф. П. Мячаў); 37‑ы (падпалкоўнік К. М. Астрэйка) і 92‑і (падпалкоўнік П. П. Цароў) гвардзейскія мінамётныя палкі; 481‑ы мінамётны полк (падпалкоўнік I. I. Дзербянёў); 506‑ы асобны кулямётна-артылерыйскі батальён (маёр В. П. Фёдараў); 85‑ы пантонна-маставы батальён (падпалкоўнік П. I. Масік); 741‑ы матарызаваны інжынерны батальён (маёр П. С. Федарчук).
Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Гомеля, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 26 лістапада 1943 г. абвешчана падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.