Дата стварэння: 16.06.2023 10:26:47
Дата змены: 11.09.2024 16:09:03
«Да́льва»
Мемарыяльны комплекс у Лагойскім раёне Мінскай вобласці на месцы вёскі Дальва, знішчанай гітлераўцамі разам з жыхарамі 19 чэрвеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Створаны ў 1973 г. (скульптар У. В. Церабун; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974).
Размешчаны на адкрытай паляне сярод лесу.
Каля дарогі — камень-валун, на якім выбіты надпіс: «Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была вёска Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў».
На месцы пажарышча пастаўлены помнік — фігура маці і хлопчыка на фоне трох сімвалічных абгарэлых бэлек. Справа ад помніка магіла загубленых фашыстамі вяскоўцаў, невысокая бетонная сцяна з надпісам: «Людзі, схіліце галовы перад памяццю жыхароў вёскі Дальва, нявінна загубленых 19 чэрвеня 1944 года». Тут жа пералік тых, хто загінуў.
Побач у памяць аб ахвярах пасаджаны 44 бярозы.
Уздоўж былой вясковай вуліцы на месцах спаленых хат стаяць сімвалічныя бетонныя зрубы, на ганках якіх выявы нібыта кінутых гаспадарамі побытавых рэчаў, прылад мірнай працы, кніг, лялек.
Пляцоўкі перад усімі элементамі комплексу, дарожкі, што вядуць да іх, выбрукаваны каменнем, пасыпаны шэрай галькай, што стварае ўражанне выпаленай зямлі.