Да́льва
Вёска на тэрыторыі Лагойскага раёна Мінскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася ў Акалоўскім сельсавеце. Перад вайной у вёсцы жылі 65 чалавек.
У час карнай аперацыі «Баклан» 19 чэрвеня 1944 г. гітлераўцы (т. зв. баявая група фон Готберга) загубілі жыхароў (44 чалавекі) і спалілі вёску (10 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
З усіх жыхароў Дальвы цудам застаўся ў жывых 13‑гадовы Гірыловіч Мікалай Пятровіч, які ў час расправы гітлераўцаў з вяскоўцамі пасвіў у лесе бацькоўскага каня. Стаўшы дарослым, ён зрабіў усё магчымае, каб памяць аб роднай вёсцы і аднавяскоўцах была ўвекавечана. У многім дзякуючы яго ініцыятыве і клопатам у 1955 г. на магіле дальвінцаў былі пастаўлены агароджа і часовы помнік, у 1963 г. — абеліск з прозвішчамі і імёнамі тых, хто загінуў, у 1973 г. адкрыты мемарыяльны комплекс «Дальва».
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».