pdf

ДВАЦЦАЦЬ ДРУГАЯ АРМІЯ

Дата стварэння: 16.06.2023 10:28:41

Дата змены: 11.09.2024 15:54:56

Два́ццаць друга́я а́рмія

Сфарміравана ў чэрвені 1941 г. ва Уральскай ваеннай акрузе ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У яе склад увайшлі 51‑ы і 62‑і стралковыя карпусы, артылерыйскія і іншыя часці.

У канцы чэрвеня 1941 г. пачала прасоўвацца ў раён Полацка. Перададзена ў склад Заходняга фронту 2 ліпеня 1941 г. Не закончыўшы канцэнтрацыю і разгортванне, 9 ліпеня 1941 г. пачала баі з ворагам на рубяжы Ідрыца — Дрыса — Віцебск, удзельнічала ў Віцебска абароне 1941 г. У далейшым усе 6 дывізій арміі ўдзельнічалі ў жорсткіх баях на вялікалуцкім напрамку. З кастрычніка 1941 г. у складзе Калінінскага, з красавіка 1943 г. — Паўночна-Заходняга, з кастрычніка 1943 г. — 2‑га Прыбалтыйскага, з красавіка 1945 г. — Ленінградскага франтоў. Перададзена ў рэзерв Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання і накіравана на фарміраванне Таўрычаскай ваеннай акругі.

Камандуючыя: генерал-лейтэнант П. А. Ершакоў (чэрвень — жнівень 1941); генерал-маёр, з 21 сакавіка 1943 г. генерал-лейтэнант В. А. Юшкевіч (жнівень — кастрычнік 1941; красавік — снежань 1942; сакавік 1943 — красавік 1944); генерал-маёр У. І. Вострухаў (кастрычнік 1941 — сакавік 1942); генерал-маёр Д. М. Селязнёў (снежань 1942 — сакавік 1943); генерал-лейтэнант Г. П. Караткоў (красавік 1944 — май 1945).