pdf

ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШАЯ АРМІЯ

Дата стварэння: 16.06.2023 10:28:56

Дата змены: 11.09.2024 15:54:56

Два́ццаць пе́ршая а́рмія 1‑га фарміравання

Сфарміравана ў чэрвені 1941 г. у Прыволжскай ваеннай акрузе напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. У яе склад увайшлі 63‑і і 66‑ы стралковыя карпусы, 25‑ы механізаваны корпус, артылерыйскія і іншыя часці.

З ліпеня да верасня 1941 г. вяла абарончыя і наступальныя баі на Беларусі з нямецка-фашысцкімі войскамі ў складзе Заходняга, з 30 ліпеня 1941 г. — Цэнтральнага, з 25 жніўня 1941 г. — Бранскага франтоў. Яе войскі ва ўпартых абарончых баях адбілі наступленне намнога большых сіл праціўніка на р. Дняпро; сіламі 63‑га стралковага корпуса армія правяла Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941 г., вяла Гомеля абарону 1941 г. У складзе Паўднёва-Заходняга фронту з 2 верасня 1941 г. армія прымала ўдзел у Кіеўскай аперацыі 1941 г. і ў Харкаўскай аперацыі 1942 г. З ліпеня 1942 г. у складзе Сталінградскага і Данскога франтоў удзельнічала ў Сталінградскай бітве 1942–1943 гг. У красавіку 1943 г. за баявыя заслугі і высокае ваеннае майстэрства асабовага складу пераўтворана ў 6‑ю гвардзейскую армію.

Камандуючыя: генерал-лейтэнант В. П. Герасіменка (чэрвень — ліпень 1941), Маршал Савецкага Саюза С. М. Будзённы (ліпень 1941), генерал-палкоўнік Ф. I. Кузняцоў (ліпень — кастрычнік 1941), генерал-лейтэнант М. Р. Яфрэмаў (ліпень — жнівень 1941), генерал-маёр В. М. Гордаў (жнівень 1941; кастрычнік 1941 — чэрвень 1942), генерал-лейтэнант В. I. Кузняцоў (жнівень — верасень 1941), генерал-маёр А. I. Данілаў (чэрвень — кастрычнік 1942), генерал-лейтэнант I. М. Чысцякоў (кастрычнік 1942 — красавік 1943).