pdf

КАЗУЛІЦКІЯ БАІ 1943, 1944 гг.

Дата стварэння: 16.06.2023 10:30:29

Дата змены: 11.09.2024 15:57:11

Казу́ліцкія баі́ 1943, 1944 гг.

Баі паміж партызанскім палком 277‑м, атрадамі 25‑м, 115‑м, 278‑м Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы і нямецка-фашысцкімі акупантамі ў в. Казулічы Кіраўскага раёна ў кастрычніку 1943 г. і чэрвені 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

У Казулічах гітлераўцы стварылі гарнізон (каля 80 паліцэйскіх, 642‑і паліцэйскі батальён і дзве роты 161‑га паліцэйскага батальёна), які праводзіў карныя аперацыі супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Кіраўскім і Клічаўскім раёнах, ахоўваў шашэйную дарогу Магілёў — Бабруйск і прыкрываў г. Бабруйск з паўночнага захаду.

Аперацыя па разгроме гарнізона распрацавана і праводзілася пад кіраўніцтвам штаба Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы. Партызаны перакрылі засадамі дарогі на Казулічы і 6 кастрычніка 1943 г. скрытна сканцэнтраваліся ў лесе на поўнач ад в. Кострычы. Атрады непрыкметна падышлі да перадавых пастоў гарнізона ў ноч на 7 кастрычніка і пры падтрымцы мінамётных батарэй падняліся ў атаку. Вулічны бой працягваўся паўтары гадзіны. Партызаны падавілі агонь варожых мінамётаў, захапілі артылерыйскую гармату. Праціўнік паспешліва адышоў.

У выніку бою знішчана і ўзята ў палон 169 гітлераўцаў, захоплены штабныя дакументы, шмат узбраення і боепрыпасаў: адна гармата, 8 мінамётаў, 12 кулямётаў, 11 аўтаматаў, 89 вінтовак, каля 18 тыс. патронаў, а таксама перасоўная радыёстанцыя і абмундзіраванне. Партызаны страцілі 15 чалавек параненымі і забітымі.

Партызаны 277‑га палка ў 1‑й палове чэрвеня 1944 г. у другі раз разграмілі гарнізон у Казулічах. Кіраваў боем камандзір палка М. П. Каканцаў. Ноччу партызаны імкліва пераадолелі ўмацаванні гітлераўцаў і нечакана для ворага ўварваліся ў гарнізон. За некалькі гадзін начнога бою народныя мсціўцы знішчылі больш за 150 салдат праціўніка, 5 узялі ў палон, узарвалі 2 дзоты, 4 аўтамашыны, ружэйна-рамонтную майстэрню, 4 склады, захапілі 3 мінамёты і 80 адзінак стралковай зброі.