МАТЭРЫЯЛЬНЫЯ СТРАТЫ, нанесеныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі
pdf

МАТЭРЫЯЛЬНЫЯ СТРАТЫ

Дата стварэння: 16.06.2023 10:34:57

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58


Матэрыя́льныя стра́ты

Матэрыяльныя страты, нанесеныя СССР нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Былі вызначаны Надзвычайнай Дзяржаўнай камісіяй па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі СССР. Страты склалі каля 30 % нацыянальнага багацця Савецкага Саюза, а ў раёнах, што былі акупіраваны, гэты паказчык дасягаў у сярэднім 66–67 %.

Матэрыяльныя страты складаліся са страт ад разбурэння, знішчэння і рабавання вытворчых фондаў, з ваенных выдаткаў, выкліканых неабходнасцю вядзення вайны і звязанай з ёю перабудовай эканомікі. Толькi прамыя страты (ад знішчэння і рабавання маёмасці грамадзян, калгасаў, грамадскіх арганізацый, дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў), нанесеныя СССР, склалі 679 млрд руб. у цэнах 1941 г.

Велізарныя страты вораг прычыніў народнай гаспадарцы і насельніцтву БССР. Рэспубліка страціла больш як палову свайго нацыянальнага багацця. Сума матэрыяльных страт па БССР склала 75 млрд руб. у цэнах 1941 г. Гітлераўцы спалілі 209 з 270 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў. У Мінску, Віцебску, Оршы, Гомелі, Полацку, Маладзечне, Жлобіне і некаторых іншых гарадах разбурэнні склалі 70–90 % і вышэй.

У сельскай мясцовасці фашысты знішчылі каля 11 тыс. вёсак, спалілі 1,2 млн пабудоў, у т. л. 420 996 хат калгаснікаў. Амаль 3 млн чалавек, каля 34 % даваеннага насельніцтва, былі пазбаўлены жылля. Агульныя матэрыяльныя страты жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэспублікі склалі 4,7 млрд руб. Фашысцкая акупацыя абяскровіла найважнейшыя галіны матэрыяльнай вытворчасці.

Агульныя страты, якія былі нанесены прамысловасці БССР, склалі 6,2 млрд руб. Гітлераўцы разбурылі 10 338 прадпрыемстваў, што склала 85 % даваенных заводаў і фабрык. Па прамысловай і энергетычнай магутнасцях рэспубліка была адкінута да ўзроўню 1913 г.

У сельскай гаспадарцы вораг разрабаваў і спустошыў усе 10 тыс. калгасаў і 92 саўгасы з усім комплексам жывёлагадоўчых ферм, запасам гатунковага насення, доследнымі станцыямі і інш. Прычыненыя сельскай гаспадарцы маёмасныя страты склалі 22 471,9 млн руб., у т. л. калгасам — 19 389,9 млн руб. Практычна не ўцалела ні адна з галін сельскай гаспадаркі. У параўнанні з 1940 г. на 43 % скараціліся пасяўныя плошчы. Зямля была ўзарана траншэямі, акопамі, бліндажамі, варонкамі ад бомб і снарадаў і літаральна «засеяна» мінамі і неразарванымі бомбамі і снарадамі, якія і праз шмат гадоў пасля вайны працягвалі забіраць жыцці. Больш за 1 млн га ворнай зямлі параслі кустоўем і пустазеллем. Знішчана, раскрадзена і адпраўлена ў Германію большасць жывёлы: коней засталося 39 % ад даваеннага ўзроўню, буйной рагатай жывёлы — 31, авечак і коз — 22, свіней — 11 %. Былі пазбаўлены сваёй асабістай жывёлы 60 % калгасных сямей. Поўнасцю знішчана энергетычная і тэхнічная база сельскай гаспадаркі. Гітлераўцы знішчылі 316 машынна-трактарных станцый (МТС), знішчылі і вывезлі ў Германію 8 896 трактароў, больш за 1 100 камбайнаў і шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Моцна пацярпеў транспарт Беларусі — страты склалі 9 547,6 млн руб., у т. л. чыгуначныя — 8 118,2 млн руб. Былі цалкам знішчаны 6 026 км чыгуначных пуцей, усе буйныя і сярэднія масты, дэпо, вакзалы, гаспадарчыя збудаванні, рамонтныя майстэрні. Страты воднага і аўтамабільнага транспарту рэспублікі склалі адпаведна 176 млн руб. і 1 253,4 млн руб., арганізацый сувязі — 347,2 млн руб. Поўнасцю разбурана амаль 80 % гандлёвых прадпрыемстваў, таварных баз, сховішчаў для агародніны, складскіх памяшканняў.

Bopaг знішчыў тысячы ўстаноў асветы, аховы здароўя, навукі, культуры, у т. л. 8 825 з 12 294 школ, навукова-даследчыя цэнтры, АН БССР, 219 бібліятэк, 5 425 музеяў, тэатраў і клубаў, 2 187 бальніц і амбулаторый, 2 651 дзіцячую ўстанову.

Самымі цяжкімі з усіх былі страты людзей — галоўнага багацця грамадства, яго асноўнай вытворчай сілы. Загінула каля 3 млн чалавек (амаль кожны трэці жыхар рэспублікі), што складае больш як 11 % ад агульных людскіх страт СССР. На катаржныя работы ў фашысцкую Германію было вывезена каля 380 тыс. чалавек, з якіх многія дзясяткі тысяч загінулі ад непасільнай працы, невыносных нягод і катаванняў.

СССР у перыяд вайны, акрамя прамых, панёс і ўскосныя матэрыяльныя страты. Да іх належаць: зніжэнне нацыянальнага даходу ад спынення і скарачэння работы прамысловых прадпрыемстваў, калгасна-саўгаснай вытворчасці, гандлю, транспарту; страты ад запаволення тэмпаў народна-гаспадарчага развіцця; людскія страты ад скарачэння нараджальнасці (у параўнанні з мірным часам); поўная альбо часовая страта працаздольнасці параненых, інвалідаў і г. д.

Агульныя матэрыяльныя страты СССР ад вайны з Германіяй і Японіяй склалі 2 569 млрд руб., куды (акрамя страт ад прамога знішчэння і разрабавання ўжо створаных рэсурсаў) уваходзяць таксама бюджэтныя расходы на вайну — 582,4 млрд руб. і ўскосныя страты — 1 307,6 млрд руб.