Дата стварэння: 16.06.2023 10:48:09
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Умацава́ны раён, УР
1. Прыгранічная мясцовасць (раён, паласа), абсталяваная сістэмай даўгачасных і палявых фартыфікацыйных збудаванняў і падрыхтаваная для абароны спецыяльнымі войскамі самастойна або разам з агульнавайсковымі часцямі.
Пасля Першай сусветнай вайны замест устарэлай сістэмы крэпасцей у шэрагу краін (СССР, Францыя, Германія і інш.) ствараліся УРы. У СССР уздоўж заходняй мяжы ў 1928–1939 гг. быў пабудаваны шэраг УРаў, якія ўваходзілі ў лінію абаронных збудаванняў «Даўгачасны сухапутны фронт» (гл. Лінія Сталіна), у т. л. 4 на заходняй мяжы БССР (61‑ы Полацкі, 63‑і Мінскі, 65‑ы Мазырскі, 67‑ы Слуцкі).
З пачаткам Другой сусветнай вайны заходняя мяжа СССР была адсунута на захад на 250–300 км. Уздоўж новай заходняй мяжы БССР пачаліся падрыхтоўчыя работы і будаўніцтва чатырох новых УРаў (62‑і Брэсцкі, 64‑ы Замброўскі, 66‑ы Асавецкі і 68‑ы Гродзенскі). Усяго ў складзе УРаў на заходняй мяжы СССР планавалася пабудаваць каля 1,2 тыс. жалезабетонных абаронных збудаванняў. Да лета 1941 г. іх было 505, але цалкам узброеных і абсталяваных толькі 193 (17 %), а таксама 909 збудаванняў палявога тыпу. УР займаў па фронце да 180 км, углыбіню — 5–20 км. Аснову УРа складалі вузлы абароны (ад 4 да 11) з апорнымі пунктамі (ад 2 да 5). У кожным апорным пункце ўзводзіліся даўгачасныя агнявыя збудаванні (10–15) і назіральныя ды камандныя пункты з жалезабетону, а таксама перашкоды (равы, надаўбні, засекі, мінныя палі). З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны супраціў нямецкім войскам аказалі гарнізоны Брэсцкага, Гродзенскага, Мінскага і Мазырскага УРаў. Баі на рубяжы р. Заходняя Дзвіна, у т. л. за Полацкі УР, доўжыліся з 4 па 16 ліпеня 1941 г. (гл. Полацка абарона 1941 г.).
2. Назва штатных вайсковых фарміраванняў, якія спецыяльна рыхтаваліся для вядзення абарончых баявых дзеянняў і выкарыстоўваліся ў складзе агульнавайсковых армій.
Пры правядзенні Беларускай аперацыі 1944 г. УРы дзейнічалі ў складзе франтоў: 1‑га Прыбалтыйскага (155‑ы — у 43‑й арміі), 3‑га Беларускага (152‑і — у 11‑й гвардзейскай арміі), 2‑га Беларускага (154‑ы — у 33‑й арміі), 1‑га Беларускага (119‑ы, 153‑і і 161‑ы — у 28‑й арміі, 115‑ы — у 48‑й арміі). Некаторыя з іх атрымалі ганаровыя найменні за вызваленне гарадоў Беларусі (напрыклад, 115‑ы Жлобінскі УР).