Дата стварэння: 17.08.2023 13:39:33
Дата змены: 27.02.2025 16:11:58
Азяра́ўскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле
Дзейнічала ў в. Азяраўцы (з 2006 аграгарадок) і наваколлі ў Браслаўскім раёне Вілейскай вобласці (з 1960 Віцебскай) з ліпеня 1942 г. да ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Аб’ядноўвала 26 чалавек. Кіраўнікі: I. К. Пяткун (сакратар), К. I. Максімовіч. Актыўнымі падпольшчыкамі былі В. В. Брылевіч, В. М. Пяткун, Л. І. Пяткун, С. Пяткун, І. І. Раманчык і інш. Летам 1942 г. у г. Браслаў створана падпольная камсамольская арганізацыя на чале з К. І. Максімовічам.
Падпольшчыкі здабылі і перадалі партызанскай брыгадзе імя Г. К. Жукава шмат зброі, перапраўлялі ваеннапалонных да партызан. Перадавалі партызанам медыкаменты, друкарскую фарбу, паперу, радыёдэталі. Распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі. Пранікалі ў нямецкія гарнізоны гарадоў Даўгаўпілс (Латвія), Вільнюс (Літва) і паведамлялі пра колькасць і размяшчэнне баявой тэхнікі ворага, папярэджвалі аб карных аперацыях. Па заданні партызан знішчалі масты, рабілі завалы на дарогах, у сакавіку 1944 г. партызаны, папярэджаныя падпольшчыкамі, захапілі нямецкі абоз — 45 фурманак з прадуктамі, узялі ў палон 41 гітлераўца.
У аграгарадку Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна ў гонар падпольнай камсамольскай арганізацыі на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.