ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Г. К. ЖУКАВА, Вілейскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Г. К. ЖУКАВА

Дата стварэння: 17.08.2023 13:54:50

Дата змены: 11.09.2024 14:35:47


Партыза́нская брыга́да імя́ Г. К. Жу́кава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Браслаўскага, Мёрскага і Дзісенскага раёнаў Вілейскай вобласці.

Створана ў ліпені 1943 г. у адпаведнасці з распараджэнннем ЦК КП(б)‌Б і Беларускага штаба партызанскага руху ў Расонскім раёне на базе атрадаў: імя М. І. Кутузава (арганізаваны ў снежні 1942, у маі 1944 атраду нададзена імя П. I. Кліменценкі, камандзіра атрада, які загінуў у баі) і імя К. К. Ракасоўскага (арганізаваны ў маі 1943), вылучаных партызанскай брыгадай Расонскай імя I. В. Сталіна, і перадыслацыравана ў Браслаўскі раён. У час фарміравання брыгады арганізаваны атрад імя А. Я. Пархоменкі, у жніўні 1943 г. — атрад імя В. І. Чапаева, у верасні 1943 г. — атрад імя А. В. Суворава, у студзені 1944 г. — атрады імя Р. І. Катоўскага і імя В. П. Чкалава.

У час рэйду ў Вілейскую вобласць партызаны прайшлі з баямі больш за 200 км праз Полацкі, Ветрынскі, Дзісенскі, Мёрскі і Шаркаўшчынскі раёны. У ліпені — жніўні 1943 г. разграмілі гарнізоны ў вёсках Курылавічы і Германавічы Шаркаўшчынскага pаёна, вялі бой каля в. Шпакоўшчына Ветрынскага раёна (цяпер Полацкі). У жніўні 1943 г. група падрыўнікоў А. Іванава і Л. Д. Загнетава на чыгуначным участку Шаркаўшчына — Друя разабрала 300 м чыгуначнага палатна, вывела са строю вузкакалейку Дукштас — Друя, якая не была адноўлена да канца акупацыі. Увосень 1943 г. і ўвесну 1944 г. партызаны вялі баі супраць карнікаў. У маі 1944 г. разбілі абоз, захапілі многа зброі, боепрыпасаў і прадуктаў харчавання; 2 ліпеня разграмілі гарнізон ў в. Опса і вызвалілі яе.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя П. I. Кліменценкі, імя К. К. Ракасоўскага, імя А. Я. Пархоменкі, імя В. І. Чапаева, імя А. В. Суворава, імя Р. І. Катоўскага, імя В. П. Чкалава, у якіх налічвалася 815 партызан. Разам з Чырвонай арміяй брыгада 9 ліпеня 1944 г. вызваліла г. Браслаў, у першыя дні перад злучэннем удзельнічала ў знішчэнні асобных груп ворага, якія адступалі, хаваючыся ў лясах.

Камандзір П. Я. Сырамаха; камісары: П. Я. Сырамаха, П. П. Булойчык (загінуў), А. П. Запарожац, М. А. Кароўкін; начальнікі штаба: А. П. Запарожац, В. С. Чаромін.