Дата стварэння: 17.08.2023 13:45:27
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
«Дырлева́нгер» («Dirlewanger»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Смалявіцкім і Лагойскім раёнах Мінскай вобласці ў 2‑й дэкадзе сакавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
У загадзе на аперацыю, падпісаным начальнікам паліцыі бяспекі і СД Беларусі оберштурмбанфюрарам СС Э. Штраўхам, указвалася, што «ў раёне Лагойска размяшчаюцца партызаны, якія знаходзяцца часткова ў лясах, часткова ў прылеглых вёсках. Яны вядуць актыўную дзейнасць па правядзенні ўзрываў на чыгунцы на ўсход ад Мінска, а таксама арганізоўваюць налёты на шашэйныя дарогі...». Э. Штраўх загадаў выступіць асобаму батальёну СС пад камандаваннем оберштурмбанфюрара СС О. Дырлевангера з прыдадзенай яму камандай СД пад кіраўніцтвам гаўптштурмфюрара СС А. Вільке і камандай радыёсувязі «Пайгот». Па няпоўных даных, гітлераўцы праводзілі аперацыю ў вёсках Халмецічы, Ляды, Дуброўка, Прылепы і вярталіся ў Лагойск «пры полымі пажару». Вёска Прылепы Смалявіцкага раёна была спалена, 29 яе жыхароў расстраляны.
Батальёнам О. Дырлевангера 22 сакавіка 1943 г. была спалена в. Хатынь разам з жыхарамі.