pdf

«МАЛАНКА»

Дата стварэння: 17.08.2023 13:48:45

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20


«Мала́нка» («Blitz»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады Сіроцінскай (камандзір С. М. Кароткін, гл. Партызанская брыгада імя С. М. Кароткіна) і мясцовага насельніцтва ў Бешанковіцкім і Сіроцінскім (цяпер Шумілінскі) раёнах Віцебскай вобласці (у міжрэччы Заходняй Дзвіны і Обалі, уздоўж чыгункі Віцебск — Полацк) 23 верасня — 4 кастрычніка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі 201‑й ахоўнай дывізіі, якія падтрымлівалі бронецягнік і паліцэйскія падраздзяленні мясцовых гарнізонаў.

Праціўнік 23 верасня пачаў наступленне з боку г. п. Шуміліна Сіроцінскага раёна на поўдзень і паўднёвы захад, разлічваючы акружыць Сіроцінскую партызанскую брыгаду, рассячы яе асноўныя сілы і знішчыць іх на поўдзень ад чыгункі і на правым беразе Заходняй Дзвіны ад в. Вусвіца (Усвіца) да в. Астраўляны (Ушацкі раён), дзе былі створаны лініі загараджэння. Аднак асноўныя сілы брыгады своечасова адышлі за р. Обаль і занялі абарону на яе правым беразе, у акружэнні засталіся атрады 4‑ы (камандзір Д. М. Ляўковіч, камісар А. Б. Эрдман) і 3‑і (камандзір В. Р. Несцераў, камісар А. У. Сіпко).

Трое сутак 4‑ы атрад вёў бой у акружэнні, а потым, пакінуўшы невялікі заслон, двое сутак адцягваў на сябе сілы праціўніка, прарваўся да в. Залужжа Сіроцінскага раёна. Мясцовыя жыхары вывелі атрад да в. Грабянцы таго ж раёна ў тыл карнікам.

Трэці атрад быў акружаны гітлераўцамі на ўсход ад в. Шашы Сіроцінскага раёна, разам з партызанамі ў лесе хаваліся каля 3 тыс. мясцовых жыхароў. Праціўнік вёў масіраваны артылерыйскі агонь, а потым густымі ланцугамі пачаў прачэсваць лес. Да 3 кастрычніка ў партызан скончыліся патроны. Адбіваючыся апошнімі гранатамі, несучы вялікія страты, атрад, прыкрываючы старых, жанчын і дзяцей, быў вымушаны адыходзіць да Заходняй Дзвіны, дзе размяшчаліся сілы загараджэння карнікаў. У гэты час эскадрылля савецкіх штурмавікоў наносіла ўдары па станцыях Полацк і Гараны. Вяртаючыся з задання, лётчыкі заўважылі вялікую колькасць гітлераўцаў на беразе ракі і абстралялі іх з брыючага палёту. Карнікі пачалі ў паніцы разбягацца. Выкарыстоўваючы разгубленасць праціўніка, партызаны з часткай насельніцтва фарсіравалі раку і вышлі ў размяшчэнне атрада «Смерць фашызму» (гл. Партызанская брыгада імя В. I. Чапаева).

Пацярпеўшы няўдачу ў час аперацыі, карнікі загубілі 567 савецкіх грамадзян, спалілі 9 вёсак.

Пасля аперацыі «Маланка» Сіроцінскі падпольны райкам КП(б)‌Б прыняў спецыяльную пастанову «Аб рассяленні і ўладкаванні сем’яў, якія пацярпелі ад злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Дзеці-сіроты былі размеркаваны сярод мясцовых жыхароў і партызанскіх атрадаў.