Дата стварэння: 17.08.2023 13:51:22
Дата змены: 11.09.2024 16:01:20
«Палява́нне на зайцо́ў» («Hasenjagd»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх фарміраванняў Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы, Круглянскай ваенна-аператыўнай групы і мясцовага насельніцтва ў Бялыніцкім, Круглянскім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці і Талачынскім раёне Віцебскай вобласці 14–15 кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі дзвюх баявых груп (3 батальёны, 5 пяхотных рот, танкавая рота, 2 кавалерыйскія эскадроны, ягдкаманда, штаб ахоўнага палка, сапёрны ўзвод).
У сувязі з набліжэннем лініі фронту тэрыторыя паміж чыгункай Лепель — Орша і шашой Мінск — Магілёў да кастрычніка 1943 г. стала аператыўным тылам 4‑й нямецка-фашысцкай арміі, адкінутай да Дняпра Чырвонай арміяй у ходзе Смаленскай аперацыі 1943 г. Камандаванне 4‑й арміі ў пачатку кастрычніка 1943 г. загадала штабу аховы тылу «асвоіць» раён Орша — Талачын — Бялынічы — Магілёў і забяспечыць бесперапынны pyx па ўсіх унутраных камунікацыях у мэтах фарсіраванага будаўніцтва абарончага рубяжа «Дора». У раён тылу 4‑й арміі былі ўведзены 22 пяхотныя і ахоўныя батальёны, 3 батальёны СС і 2 батальёны галоўнага ўпраўлення будаўніцтва ўмацаванага раёна. Раён «асваення» з боку лініі фронту быў блакіраваны 10 ахоўнымі батальёнамі, 3 артылерыйскімі батарэямі і танкавай ротай.
Гітлераўцам удалося адцясніць партызан ад дарогі Коханава — Стараселле, аднавіць буйныя гарнізоны ў вёсках Стараселле (Шклоўскі раён) і Кувечына (Талачынскі раён). Але гэтыя вынікі не вычарпалі пастаўленых камандаваннем задач, і штаб аховы тылу 4‑й арміі аддаў загад на карную аперацыю «Паляванне на качак».