Дата стварэння: 17.08.2023 13:51:37
Дата змены: 06.03.2025 10:55:46
«Палява́нне на ка́чак» («Entenjagd»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Бялыніцкім, Круглянскім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці 16–19 кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі, выведзенымі з аперацыі «Паляванне на зайцоў», узмоцненымі батальёнамі 638‑га і 350‑га палкоў, артылерыйскай групай і іншымі падраздзяленнямі з мэтай «уціхамірвання» раёна ад г. п. Талачын (цяпер горад) Віцебскай вобласці да в. Круглае (цэнтр Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці, цяпер горад).
Задума аперацыі заключалася ў тым, каб намнога большымі сіламі на паўночны ўсход ад в. Галоўчын (Бялыніцкі раён) стварыць «кацёл» і ўдарамі з чатырох напрамкаў пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі знішчыць партызан.
Аднак гэтая аперацыя, як і аперацыя «Паляванне на зайцоў», не мела поспеху. Партызаны выйшлі з «катла» на флангі і ў тылы карнікаў, працягваючы наносіць удары па камунікацыях 4‑й арміі гітлераўцаў. Захапіўшы каля 300 мясцовых жыхароў для выкарыстання на будаўніцтве ўмацаванняў і для вывазу ў Германію, абрабаваўшы вёскі, акупанты 19 кастрычніка пачалі адыход з раёна аперацыі.
Нямецкае камандаванне вымушана было часова адмовіцца ад правядзення буйнамаштабных карных аперацый. У 2‑й палавіне кастрычніка гітлераўцы правялі ў раёне аховы тылу 4‑й арміі 418 патрульных акцый, 183 засады на партызан, 64 аперацыі па размініраванні дарог і, як і раней, былі вымушаны пастаянна выкарыстоўваць 106 ахоўных каманд для суправаджэння транспарту.