Дата стварэння: 17.08.2023 13:56:10
Дата змены: 02.06.2025 11:10:04
Партыза́нская брыга́да «Спарта́к»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Відзаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Вілейскай вобласці.
Створана ў ліпені 1943 г. на базе атрада «Спартак».
Атрад быў арганізаваны ў маі 1942 г. у партызанскай брыгадзе 2‑й Беларускай імя П. К. Панамарэнкі 1‑га складу як 3‑і атрад і ў жніўні накіраваны ў Відзаўскі раён, дзе папоўніўся мясцовымі групамі і ў кастрычніку 1942 г. атрымаў назву «Спартак». У лістападзе 1942 г. у час баёў з карнікамі атрад падзяліўся на 2 групы. Група на чале з А. М. Панамаровым і I. Н. Крысавым перайшла ва Ушацкі раён, другая — у Расонскі раён. У сакавіку 1943 г. на базе першай групы адноўлены атрад «Спартак», на базе другой групы разгорнута партызанская брыгада 1‑я імя А. В. Суворава, у маі 1943 г. з атрада імя В. П. Чкалава гэтай брыгады выдзелена група партызан, якая далучылася да адноўленага атрада «Спартак». Пры разгортванні брыгады «Спартак» арганізаваны атрады 1‑ы, 2‑і і 3‑і, у верасні 1943 г. — атрад 4‑ы, у красавіку 1944 г. — атрады 5‑ы і 6‑ы.
Партызаны атрада ў верасні 1942 г. рабілі напады на гарнізоны ў вёсках Казяны (гл. Казянскія баі 1942 г.), Опса, увосень вялі баі з карнікамі каля вёсак Азярава, Якшты, Журавоўшчына.
Партызаны брыгады ў жніўні 1943 г. на чыгуначным участку Варапаева — Крулеўшчына падарвалі больш за 850 рэек, на чыгунцы Вільнюс — Даўгаўпілс — больш за 1 тыс. рэек. У студзені, красавіку, маі 1944 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў Oпce, пусцілі пад адхон 21 эшалон, знішчылі 11 складоў. Да прыходу Чырвонай арміі занялі райцэнтры Відзы, Дзісна, Цвярачус.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 4 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, у якіх змагаліся 674 партызаны.
Камандзір брыгады А. М. Панамароў; камісар М. К. Ігнацьеў; начальнікі штаба: I. Н. Крысаў, Ф. А. Салаўёў.