Дата стварэння: 13.06.2024 09:26:38
Дата змены: 10.07.2025 14:29:16
Партыза́нская брыга́да 1‑я імя́ А. В. Суво́рава
У сакавіку — ліпені 1943 г. насіла назву партызанская брыгада «Спартак».
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пліскага, Дунілавіцкага, Шаркаўшчынскага і Дзісенскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана ў сакавіку 1943 г. з групы партызан атрада «Спартак» (арганізаваны ў маі 1942), якая ў час карнай аперацыі выйшла ў Расонскі раён. Пры фарміраванні брыгады створаны атрады імя К. Я. Варашылава, «Бальшавік» і імя В. П. Чкалава. У кастрычніку 1943 г. у брыгадзе арганізаваны атрад «Камсамолец».
Партызаны брыгады ўдзельнічалі ў «Рэйкавай вайне» на чыгуначным участку Крулеўшчына — Варапаева; толькі ў жніўні 1943 г. падарвалі каля 300 рэек. У красавіку — маі 1944 г. удзельнічалі ў абароне Полацка-Лепельскай партызанскай зоны і прарыве варожай блакады.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1–4 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя К. Я. Варашылава, «Бальшавік», імя В. П. Чкалава, «Камсамолец», налічвала 225 партызан.
Камандзіры брыгады: П. А. Хомчанка, Т. К. Раеўскі (выконваў абавязкі), А. Ц. Кляцоў (выконваў абавязкі); камісар М. Я. Усаў; начальнікі штаба: Ф. Д. Піўкін, Т. К. Раеўскі, А. Ц. Кляцоў (выконваў абавязкі).
У гонар брыгады ў 1970 г. каля в. Ліпава Глыбоцкага pаёна Віцебскай вобласці насыпаны Курган Славы.