Дата стварэння: 01.03.2023 15:17:01
Дата змены: 11.09.2024 14:50:23
«За Сове́тскую Ро́дину»
Газета, заснавана ў чэрвені 1931 г. пад назвай «Калгасная праўда» як орган Асіповіцкага райкама КП(б)Б Магілёўскай вобласці. Пазней мела назву «Калгасная праца» (2.7.1938 — 22.6.1941).
У час нямецка-фашысцкай акупацыі выходзіла як орган Асіповіцкага падпольнага райкама КП(б)Б. Вядомы 54 нумары (№ 1–35 за 1943; № 1–18, 20 за 1944) за перыяд з 20 лютага 1943 г. да 26 чэрвеня 1944 г. на рускай мове. Тыраж № 1–2 за 1943 г. складаў 300 экзэмпляраў. Рэдактар П. В. Трацэўскі.
Спачатку друкавалася на пішучай машынцы. Сапраўдны друкарскі шрыфт і фарбу здабыў у друкарні асіповіцкай гарадской управы разведчык Асіповіцкай ваенна-аператыўнай групы А. Ф. Ганчаронак пры дапамозе наборшчыцы Г. М. Чупраковай. Валікі для накаткі фарбы і прэс былі самаробныя. Газета друкавалася на паперы з вучнёўскіх сшыткаў, шпалернай і абгортачнай. Друкарская база, фармат і якасць выдання палепшыліся, калі на самалётах з Вялікай зямлі ў партызанскую зону прывезлі спецыяльную партатыўную друкарскую машынку, касу шрыфта, газетную паперу, фарбу.
Распаўсюджвалася разведчыкамі і сувязнымі партызанскіх атрадаў. Сувязныя з асіповіцкага чыгуначнага вузла — І. К. Патоцкі, А. С. Крот, А. Ф. Чайкоўскі, М. С. Шведаў, настаўніца Н. Ф. Галіцкая і інш. У гарады Бабруйск і Мінск газету дастаўлялі сувязныя В. Р. Дзядзюля і А. Скарына.
У газеце друкаваліся звесткі пра падзеі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, баявыя дзеянні партызан, працоўныя подзвігі ў савецкім тыле.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай. З 1 студзеня 1945 г. пачала ваходзіць пад даваеннай назвай («Калгасная праца»). У перыяд з 29 красавіка 1962 г. па 2 красавіка 1965 г. адбыўся перапынак у выданні. З красавіка 1965 г. — «Запаветы Леніна», орган Асіповіцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
З 1993 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Асіповіцкі край» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт і Асіповіцкі раённы Савет дэпутатаў.