Дата стварэння: 29.09.2023 09:00:58
Дата змены: 11.09.2024 16:19:22
Го́мельскае партыза́нскае злучэ́нне
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Пачало складвацца ў лістападзе 1942 г., дзейнічала да верасня — лістапада 1943 г.
З першых дзён акупацыі Гомельскі падпольны абкам КП(б)Б арганізаваў 2 партыйныя цэнтры для аператыўнага кіраўніцтва партызанскім рухам у паўночных і паўднёвых раёнах вобласці. Іх узначалілі (да канца 1942) сакратары Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б А. А. Куцак (паўночныя раёны) і І. П. Кожар (паўднёвыя раёны). З мэтай кіраўніцтва баявой дзейнасцю партызанскіх атрадаў падпольны абкам КП(б)Б арганізоўваў штабы.
У ліпені — верасні 1942 г. дзейнічаў штаб паўночнай групы партызанскіх атрадаў.
У лістападзе 1942 г. пры Гомельскім падпольным абкаме КП(б)Б створаны штаб партызанскіх атрадаў паўднёвай групы, які аб’яднаў атрады, што дзейнічалі ў паўднёвых раёнах вобласці, і некалькі дыверсійных і арганізатарскіх груп, якія прыбылі з савецкага тылу. Штаб партызанскіх атрадаў паўднёвай групы 5 лютага 1943 г. перайменаваны ў штаб кіраўніцтва партызанскімі атрадамі, у сакавіку — красавіку 1943 г. яму былі падпарадкаваны ўсе партызанскія фарміраванні, якія дзейнічалі на тэрыторыі вобласці.
Злучэнне аб’ядноўвала 13 партызанскіх брыгад: 1‑ю Буда-Кашалёўскую, 1‑ю Гомельскую, 8‑ю Рагачоўскую, 10‑ю Журавіцкую, «Бальшавік», Добрушскую імя І. В. Сталіна, «Жалязняк», імя П. К. Панамарэнкі, імя В. І. Чапаева, імя М. А. Шчорса, Лоеўскую «За Радзіму», «Мсцівец», Рэчыцкую імя К. Я. Варашылава; партызанскі полк 255‑ы; 2 асобныя атрады: 108‑ы імя Р. І. Катоўскага, імя С. М. Кірава; у складзе злучэння налічвалася 16,3 тыс. партызан.
Камандзір — сакратар Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б I. П. Кожар, начальнік штаба — сакратар Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б Е. I. Барыкін.
На тэрыторыі Гомельскай вобласці дзейнічалі таксама партызанскія фарміраванні, якія не ўваходзілі ў склад злучэння: брыгада «Уперад», атрад «Другія», групы «Дружба», «Бывалыя»; у іх налічваліся 872 партызаны.
Партызанам Е. І. Барыкіну, А. Л. Ісачанку, П. I. Кавалёву, І. П. Кожару, Ф. П. Котчанку, Ф. Я. Кухараву, Э. В. Лаўрыновічу, М. A. Міхайлашаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.