pdf

ГОМЕЛЬСКІ ПАДПОЛЬНЫ ГАРКАМ КП(б)‌Б

Дата стварэння: 22.05.2023 10:19:09

Дата змены: 24.03.2026 10:38:10


Го́мельскі падпо́льны гарка́м КП(б)‌Б

Гомельскі падпольны гарадскі камітэт КП(б)‌Б.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Гомель.

Створаны ў жніўні 1941 г., дзейнічаў на нелегальным становішчы з 19 жніўня 1941 г. пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама КП(б)‌Б.

З першых дзён акупацыі Гомеля падпольны гаркам устанавіў сувязь з камуністамі і камсамольцамі чыгуначнага вузла, друкарні, паравозавагонарамонтнага і падшыпнікавага заводаў, лесакамбіната, іншых прадпрыемстваў і ўстаноў горада.

Кіраваў Гомельскім партыйным падполлем, барацьбой працоўных Гомеля, арганізоўваў дапамогу партызанам разведкай, зброяй, медыкаментамі, узначальваў палітычную работу сярод насельніцтва. Накіроўваў дзейнасць Гомельскага падпольнага гаркама ЛКСМБ.

Базіраваўся ў партызанскім атрадзе «Бальшавік» (у кастрычніку 1943 разгорнуты ў партызанскую брыгаду «Бальшавік» Гомельскай вобласці). Асноўныя месцы дыслакацыі — урочышча Шчокатаўская дача (цяпер таксама вядомае пад назвай Партызанская Крынічка) у Гомельскім раёне, лясы каля г. Чачэрск, у ваколіцах вёсак Амелькаўшчына Хойніцкага раёна і Узнаж Рэчыцкага раёна.

Друкаванага органа не меў.

Спыніў сваю дзейнасць 26 лістапада 1943 г.

Сакратары гаркама: Е. I. Барыкін [да вайны — трэці сакратар Гомельскага гаркама КП(б)‌Б], С. Ф. Антонаў (да 12.3.1943, адначасова камісар атрада «Бальшавік»; быў адкліканы ў Маскву; да вайны — сакратар Гомельскага гаркама КП(б)‌Б па прамысловасці і транспарце), А. М. Балхавіцін (12.3–26.7.1943); члены гаркама: А. Л. Ісачанка (адначасова сакратар Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ і сакратар Гомельскага падпольнага гаркама ЛКСМБ, да 8.10.1942, загінуў), А. А. Куцак [да 12.11.1942, адначасова сакратар Гомельскага падпольнага абкама КП(б)‌Б; да вайны — член Гомельскага гаркама КП(б)‌Б], С. I. Касьянаў [да сакавіка 1943, у далейшым сакратар Буда-Кашалёўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б; да вайны — член Гомельскага гаркама КП(б)‌Б], А. М. Балхавіцін, Я. I. Рамбаеў (абодва да 26.7.1943), I. С. Федасеенка (да 25.8.1943, адначасова камандзір атрада «Бальшавік»), В. В. Юдзін [25.12.1942 — 12.3.1943, у далейшым сакратар Уваравіцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б], А. М. Несцяровіч (12.3–26.7.1943), Г. Н. Эркін (з 12.3.1943), I. Ф. Гамарка (камандзір брыгады «Бальшавік»), В. М. Палянічка (камісар брыгады «Бальшавік»), А. Р. Зубараў (усе трое з 7.10.1943).

У гонар Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б і партызанскага атрада «Бальшавік» ва ўрочышчы Партызанская Крынічка (недалёка ад пасёлка Барэц Гомельскага раёна) у 1967 г. пастаўлена стэла.