Не́мцы
Вёска на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 1,5 км на поўдзень ад в. Ворзава Сар’янскага сельсавета. Перад вайной у вёсцы жылі 49 чалавек.
У час карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва» 16 лютага 1943 г. гітлераўцы загубілі 22 жыхары і спалілі вёску (11 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
На месцы былой вёскі ў 1975 г. насыпаны курган, на вяршыні якога ўстаноўлена стэла.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».