Дата стварэння: 24.10.2023 09:40:37
Дата змены: 01.03.2024 09:44:30
Смалья́нскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да канца чэрвеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў в. Смаляны (Смальяны) Аршанскага раёна Віцебскай вобласці; састаўная частка Аршанскага партыйна-камсамольскага падполля. З чэрвеня 1943 г. працавала пад кіраўніцтвам Аршанскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Аб’ядноўвала 16 чалавек, у т. л. 4 камуністаў і 4 камсамольцаў. Кіраўнік камуніст Л. I. Красноўскі. Кіраўніцтвам Аршанскага падполля ён быў накіраваны ў раён Смалян, дзе з дапамогай мясцовых жыхароў У. М. Аўтухова і Д. П. Дзятлоўскага стварыў падпольную групу, у якую неўзабаве ўвайшлі У. Я. Міцкевіч, Н. I. Кунцэвіч і Ф. I. Кунцэвіч, А. Н. Цынкевіч, В. Я. Шыбека і інш. Сувязь з Аршанскім падполлем ажыццяўлялася праз Я. I. Шыбеку. Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з камандаваннем партызанскай брыгады 1‑й імя К. С. Заслонава, спецгрупай «Няўлоўныя» і іншымі партызанскімі фарміраваннямі.
Патрыёты праводзілі агітацыйна-прапагандысцкую работу, мелі радыёпрымнік, прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. Падпольшчыкі збіралі зброю, боепрыпасы і перапраўлялі іх на цэнтральную базу Аршанскага падполля. Падпольшчыца А. Н. Цынкевіч магнітнымі мінамі падарвала 3 варожыя аўтамашыны.
У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі У. М. Аўтухоў, Д. П. Дзятлоўскі, Л. I. Красноўскі, Н. I. Кунцэвіч і Ф. I. Кунцэвіч, У. Я. Міцкевіч, А. Н. Цынкевіч, З. Л. Ярмошкіна.
У Смальянах на будынку выканкама Смальянскага сельсавета ў гонар падпольшчыкаў у 1977 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.