pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я ІМЯ К. С. ЗАСЛОНАВА

Дата стварэння: 02.11.2023 16:36:26

Дата змены: 21.08.2025 10:59:39


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    1-я ІМЯ К. С. ЗАСЛОНАВА

Помнік на месцы гібелі К. С. Заслонава і яго баявых таварышаў каля былой вёскі Купаваць Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 1‑я імя́ К. С. Засло́нава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага, Талачынскага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці і Халопеніцкага раёна Мінскай вобласці.

Створана 15 ліпеня 1942 г. на базе атрадаў «Дзядзькі Косці» (атрад К. С. Заслонава, арганізаваны ў лютым 1942 з групы, якая дзейнічала ў Аршанскім партыйна-камсамольскім падполлі), М. П. Харланава, В. П. Комлева і групы аршанскіх падпольшчыкаў. У ліпені 1942 г. у брыгадзе арганізаваны атрады В. П. Комлева, А. П. Завадскага, М. В. Смірнова (пазней імя М. І. Кутузава) і дыверсійная група М. М. Лушчына, у жніўні — атрады П. Д. Смірнова, В. Ф. Лазорскага, 18 жніўня да брыгады далучыўся атрад «Хуткі» (арганізаваны ў маі 1942 у савецкім тыле).

Пасля цяжкіх баёў з ворагам у жніўні — верасні 1942 г. частка партызан з атрадаў В. П. Комлева, А. П. Завадскага, П. Д. Смірнова, «Хуткі» і група М. М. Лушчына выйшлі ў савецкі тыл.

З партызан, якія засталіся ў варожым тыле, былі сфарміраваны новыя атрады «Знішчальнік», імя Аляксандра Неўскага, імя В. І. Чапаева, імя С. Г. Лазо. У канцы 1942 г. у склад брыгады ўвайшлі асобныя атрады імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў маі 1942), «Чэкіст» (арганізаваны ў лістападзе 1942, з ліпеня 1943 атрад імя С. М. Кірава), «Перамога» (арганізаваны летам 1942); у снежні 1942 г. атрад В. Ф. Лазорскага расфарміраваны. У маі 1943 г. адноўлены атрад В. П. Комлева (пасля вяртання камандзіра з групай партызан з-за лініі фронту). У чэрвені 1943 г. арганізаваны атрад «Дзядзькі Косці», у ліпені — атрады «Мсцівец», «Дзяніса», «Малады бальшавік», імя П. К. Панамарэнкі, у жніўні — імя А. В. Суворава, у кастрычніку — «Аршанец», «Камсамолец», «Ураган», у лістападзе 1943 г. — «Грозны», імя Ф. Л. Фядосава (названы ў гонар камандзіра атрада імя Аляксандра Неўскага, загінуў у баі ў красавіку 1943), у красавіку 1944 г. — імя І. В. Сталіна.

У верасні 1943 г. атрад імя А. В. Суворава вылучаны для арганізацыі партызанскай брыгады Багушэўскай 2‑га складу; атрады імя В. І. Чапаева, імя С. Г. Лазо, імя П. К. Панамарэнкі, «Малады бальшавік», «Мсцівец», В. П. Комлева вылучаны для арганізацыі партызанскай брыгады 2‑й імя К. С. Заслонава. Атрад «Камсамолец» у сакавіку 1944 г. расфарміраваны.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Орша — Смаленск, Віцебск — Полацк, Віцебск — Орша, Орша — Лепель, на аўтамабільных дарогах Віцебск — Бешанковічы — Камень, Орша — Мінск, Багушэўск — Сянно —Чашнікі, Сянно — Чарэя — Халопенічы, Сянно — Талачын, Орша — Сянно і інш. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Горбава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці (13.8.1942) і Драгілі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці (16.8.1942), Лагі Аршанскага раёна (25.10.1942), Купаваць, Алексінічы, Расна Сенненскага раёна (лістапад — снежань 1942), Янова Багушэўскага раёна (студзень 1943). У студзені — красавіку 1943 г. у час баявога рэйду па тэрыторыі Сенненскага, Багушэўскага, Віцебскага, Бешанковіцкага, Чашніцкага, Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці і Халопеніцкага раёна Мінскай вобласці правялі 8 баёў. У красавіку 1943 г. разам з іншымі брыгадамі вывелі са строю чыгунку Орша — Лепель, разграмілі станцыі Смальяны, Лямніца, Бурбін, Вятны. У жніўні 1943 г. на чыгунцы Віцебск — Орша падарвалі больш за 1 тыс. рэек. У верасні 1943 г. вялі цяжкія баі ў Сенненскім раёне на рубяжы вёсак Асінаўка 1 — Шылькі — Чараўкі — Сінянка — Воўсішча, у кастрычніку 1943 г. удзельнічалі ў баях за г. п. Чашнікі. У лютым 1944 г. разам з брыгадай Сенненскай вялі баі за ўтрыманне апорнага пункта і аэрадрома каля в. Новая Беліца, у маі — чэрвені 1944 г. — за выхад з варожай блакады на ўчастку воз. Сялява — в. Баркі Халопеніцкага раёна. У чэрвені 1944 г. з часцямі Чырвонай арміі вызвалялі населеныя пункты ў прыфрантавой паласе.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. І. Кутузава, «Знішчальнік», імя Аляксандра Неўскага, імя С. М. Кірава, імя К. Я. Варашылава, «Перамога», «Дзядзькі Косці», «Дзяніса», «Ураган», «Аршанец», «Грозны», імя Ф. Л. Фядосава, імя І. В. Сталіна, налічвала 1 826 партызан.

Камандзіры брыгады: К. С. Заслонаў (загінуў), Л. I. Сяліцкі, Б. К. Іваноў; камісары: Л. І. Сяліцкі, М. Ц. Любімцаў, Б. К. Іваноў; начальнікі штаба: П. П. Лімаеў, В. Р. Палажэнцаў, В. Н. Смірноў.

Камандзіру брыгады К. С. Заслонаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (1943, пасмяротна).

У 1948 г. створаны Ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава (з 1994 — філіял Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны). З 2016 г. экспазіцыя знаходзіцца ў Музеі гісторыі і культуры г. Орша.

У гонар брыгады ў 1962 г. у в. Сафіёўка Аршанскага раёна і ў 1972 г. у лесе каля воз. Ардышэва пастаўлены помнікі. На месцы гібелі К. С. Заслонава і яго таварышаў каля былой в. Купаваць Сенненскага раёна ў 1964 г. пастаўлены помнік.