Дата стварэння: 15.02.2024 14:34:36
Дата змены: 11.09.2024 15:14:25
Партыза́нская брыга́да Багушэ́ўская 2‑га складу
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Багушэўскага, Чашніцкага, Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці і Халопеніцкага раёна Мінскай вобласці.
Створана 9 верасня 1943 г. паводле рашэння Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б на базе атрада імя А. В. Суворава, вылучанага з партызанскай брыгады 1‑й імя К. С. Заслонава, групы партызан, вылучаных партызанскай брыгадай Сенненскай, і з мясцовых жыхароў. Атрад імя А. В. Суворава быў перайменаваны ў 2‑і імя А. В. Суворава, адначасова былі арганізаваны атрады 1‑ы і 3‑і, у кастрычніку — атрад 4‑ы, у лістападзе — 5‑ы, у студзені 1944 г. — 6‑ы. У студзені — лютым 1944 г. атрадам былі нададзены імёны: 1‑му — М. А. Шчорса, 3‑му — Р. І. Катоўскага, 4‑му — В. І. Чапаева, 5‑му — К. Я. Варашылава, 6‑му — С. Г. Лазо.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Віцебск — Орша, Орша — Мінск, на шашы Багушэўск — Сянно і інш. Разграмілі ў лістападзе 1943 г. варожы гарнізон у в. Чудня Багушэўскага pаёна. Удзельнічалі ў Лепельскай аперацыі 1943 г., прыкрываючы з усходу ўдарную лепельскую групоўку.
У цяжкіх баях у сакавіку 1944 г. стрымлівалі наступленне ворага каля вёсак Уздорнікі, Баркі, Кавельшчына, на рубяжы вёсак Горы — Вяцера Чашніцкага pаёна і перакрылі шлях да партызанскага аэрадрома на возеры Ямнае. У маі — чэрвені 1944 г. вялі баі з карнікамі, трымалі абарону на лініі вёсак Студзёнка — Баравуха — Сівы Камень, на ўчастку вёсак Майсееўшчына —Старына Халопеніцкага pаёна прарвалі варожую блакаду. Разам з савецкімі войскамі разграмілі фашысцкія гарнізоны ў вёсках Бабаедава і Заполле Сенненскага раёна. Каля в. Чарэя Чашніцкага pаёна перарэзалі шлях адступлення праціўніку, што дало магчымасць часцям Чырвонай арміі захапіць у палон вялікую колькасць гітлераўцаў.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы імя М. А. Шчорса, 2‑і імя А. В. Суворава, 3‑і імя Р. І. Катоўскага, 4‑ы імя В. І. Чапаева, 5‑ы імя К. Я. Варашылава, 6‑ы імя С. Г. Лазо, у якіх налічваўся 651 партызан.
Камандзір брыгады Я. М. Прахарэнка; камісар П. М. Шарыпа; начальнікі штаба: В. П. Лаўкоў, С. Б. Лісецкі.