ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА, Беластоцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

Дата стварэння: 02.11.2023 16:39:56

Дата змены: 11.09.2024 14:59:13

Партыза́нская брыга́да імя́ Кастуся́ Каліно́ўскага

Да снежня 1943 г. брыгада называлася «Пралетарыят».

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беластоцкага, Граеўскага, Кнышынскага, Крынкаўскага, Саколкаўскага і Гродзенскага раёнаў Беластоцкай вобласці.

Створана ў лістападзе 1943 г. загадам штаба Беластоцкага партызанскага злучэння на базе атрадаў: «Кузнецкія металургі» (арганізаваны ў сакавіку 1943 у Маскве; 23 красавіка дэсантаваны ў Івянецкі раён), «Звязда» (арганізаваны ў лістападзе 1943 на базе арганізатарскай групы М. А. Казакова і групы У. А. Аўдоніна, якая дзейнічала ў Гродзенскім раёне з лета 1942), пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрад «26 год Кастрычніка». У студзені 1944 г. атрад «Кузнецкія металургі» перайменаваны ў «Камсамол Беларусі». У лютым 1944 г. у брыгаду ўвайшоў атрад імя А. М. Матросава, арганізаваны ў кастрычніку 1943 г. на базе групы «Афанасьева» (I. А. Цімашэнкі), якая дзейнічала з ліпеня 1941 г. у Беластоцкім, Заблудаўскім і Крынкаўскім раёнах, у маі 1944 г. арганізаваны атрад імя Кастуся Каліноўскага.

Партызаны здзейснілі больш за 100 дыверсій. Зрывалі перавозкі, знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага, вялі баі па ліквідацыі апорных пунктаў ворага. Разам з часцямі Чырвонай арміі 27 ліпеня 1944 г. удзельнічалі ў вызваленні г. Беласток.

Брыгада паатрадна злучылася з Чырвонай арміяй 20 ліпеня — 18 жніўня 1944 г., перад пачаткам злучэння ўключала атрады «Камсамол Беларусі», імя А. М. Матросава, «Звязда», «26 гадоў Кастрычніка», імя Кастуся Каліноўскага, у якіх налічвалася 769 партызан.

Камандзір брыгады М. К. Вайцяхоўскі, камісар Я. Г. Осіпаў, начальнік штаба С. В. Чудзінаў.