Партыза́нская брыга́да Рэ́чыцкая імя́ К. Я. Варашы́лава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, Хойніцкага і Васілевіцкага раёнаў Палескай вобласці.
Створана ў чэрвені 1943 г. на базе асобнага атрада імя К. Я. Варашылава Палескай вобласці (арганізаваны ў маі 1942 на базе групы М. Ф. Турчынскага, якая дзейнічала са жніўня 1941, а з верасня 1941 улілася ў Лоеўскі партызанскі атрад «За Радзіму»). Пры фарміраванні брыгады з асабовага саставу, вылучанага атрадам імя К. Я. Варашылава, былі арганізаваны атрады імя М. В. Фрунзэ і імя С. М. Будзённага, а таксама разведвальная рота.
Партызаны толькі ў жніўні 1943 г. на чыгуначным участку Рэчыца — Бабічы падарвалі 320 рэек (рух быў спынены на трое сутак), на ўчастку Рэчыца — Васілевічы падарвалі чыгуначны мост цераз р. Ведрыч, пусцілі пад адхон 13 эшалонаў. Разграмілі варожыя апорныя пункты ў вёсках Узнаж і Маканавічы Васілевіцкага раёна. Разам з часцямі Чырвонай арміі вызвалялі вёскі Берагавая Слабада і Унорыца Рэчыцкага раёна, захапілі пераправу і ўмацаваныя пазіцыі на правым беразе р. Днепр каля в. Берагавая Слабада.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 17 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады імя К. Я. Варашылава, імя М. В. Фрунзэ, імя С. М. Будзённага і разведвальную роту, у якіх налічвалася 1 368 партызан.
Камандзір брыгады М. П. Аніпка, камісар В. П. Палавінка.
У Рэчыцкім раёне пастаўлены стэлы: у в. Гарноўка ў 1968 г. — у гонар брыгады, а таксама Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б і Рэчыцкага падпольнага райкама КП(б)Б, што базіраваліся там; у в. Будка-Шыбенка ў 1976 г. — на месцы базіравання штаба брыгады.