pdf

ГОМЕЛЬСКІ ПАДПОЛЬНЫ АБКАМ КП(б)‌Б

Дата стварэння: 28.09.2023 16:24:12

Дата змены: 24.03.2026 10:38:10


Го́мельскі падпо́льны абкам КП(б)‌Б

Гомельскі падпольны абласны камітэт КП(б)‌Б.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Створаны 19 жніўня 1941 г. Цэнтральным камітэтам КП(б)‌Б і працаваў пад яго кіраўніцтвам.

Яшчэ да акупацыі г. Гомель, 10 жніўня 1941 г., на нелегальнае становішча перайшлі сакратары Гомельскага абкама КП(б)‌Б І. П. Кожар і А. А. Куцак, разам з імі засталіся для арганізацыі падпольнай работы члены абкама партыі — сакратар Гомельскага гаркама КП(б)‌Б Е. І. Барыкін і сакратар Гомельскага абкама ЛКСМБ А. Д. Рудак.

Абкамам былі сфарміраваны і ў далейшым дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам Жлобінскі падпольны міжрайкам КП(б)‌Б, Гомельскі падпольны гаркам КП(б)‌Б, 13 райкамаў — Буда-Кашалёўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Веткаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Добрушскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Жлобінскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Журавіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Кармянскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Лоеўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Рагачоўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Рэчыцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Святілавіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Стрэшынскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Уваравіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Чачэрскі падпольны райкам КП(б)‌Б [гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б], якія аб’ядноўвалі 87 пярвічных партыйных арганізацый, 1 772 камуністы ў партызанскіх фарміраваннях. Абкам кіраваў Гомельскім партызанскім злучэннем, Гомельскім падпольным аператыўным цэнтрам, Гомельскім партыйным падполлем, Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем, Добрушскім партыйна-камсамольскім падполлем, Жлобінскім партыйна-камсамольскім падполлем, Кармянскім партыйна-камсамольскім падполлем, Рэчыцкім партыйна-камсамольскім падполлем і Рэчыцкім раённым партыйна-камсамольскім падполлем, Рагачоўскім партыйна-камсамольскім падполлем і іншымі падпольнымі арганізацыямі; праводзіў палітычную работу сярод насельніцтва, растлумачальную сярод салдат варожых фарміраванняў. Накіроўваў дзейнасць Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ.

Для большай аператыўнасці кіраўніцтва і захавання ў выпадку правалу партыйных органаў абкам стварыў з свайго саставу партыйныя цэнтры ў паўночнай і паўднёвай групах раёнаў.

Паўночную групу ўзначальваў А. А. Куцак. Да жніўня 1942 г. група базіравалася ў Чачэрскай партызанскай зоне, пры паўночнай групе атрадаў Гомельскай вобласці. У сувязі з карнай аперацыяй атрады паўночнай групы (разам з імі А. А. Куцак) выйшлі за межы вобласці.

Паўднёвую групу ўзначальваў І. П. Кожар (базіраваўся ў Лоеўскім партызанскім атрадзе «За Радзіму»; гл. у артыкуле Партызанская брыгада Лоеўская «За Радзіму»).

У далейшым ЦК КП(б)‌Б 22 снежня 1942 г. зацвердзіў І. П. Кожара сваім упаўнаважаным па Гомельскай вобласці, адначасова зацвердзіў памочнікамі ўпаўнаважанага па Гомельскай вобласці А. А. Куцака, Е. І. Барыкіна, А. М. Бяленчыка, І. А. Крышнева, А. П. Сырамятнікава (апошні не быў адпраўлены ў тыл ворага).

Пазней абкам базіраваўся ў партызанскім атрадзе імя К. Я. Варашылава (гл. у артыкуле Партызанская брыгада Рэчыцкая імя К. Я. Варашылава), з мая 1943 г. — у партызанскім атрадзе імя С. М. Кірава Гомельскай вобласці.

Друкаваны орган — газета «Гомельская праўда». Выдаваў лістоўкі, адозвы, звароты, бюлетэні, зводкі Саўінфармбюро; таксама газеты выдавалі 9 райкамаў (гл. Друк падпольны).

Спыніў сваю дзейнасць 26 лістапада 1943 г.

Сакратары абкама: I. П. Кожар [адначасова з снежня 1942 упаўнаважаны ЦК КП(б)‌Б па Гомельскай вобласці], А. А. Куцак (да 12.11.1942); члены: Е. I. Барыкін [адначасова сакратар Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б], А. Д. Рудак (да 5.10.1943), А. Ф. Ждановіч (6.7–2.10.1943).

У гонар Гомельскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, Рэчыцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б, Рэчыцкай партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава на месцы іх базіравання ў в. Гарноўка Рэчыцкага раёна ў 1968 г. пастаўлены абеліск.