Дата стварэння: 24.10.2023 09:20:29
Дата змены: 11.09.2024 16:01:20
Жло́бінскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў г. Жлобін і Жлобінскім pаёне Гомельскай вобласці са жніўня 1941 г. да лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б, Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ, з кастрычніка 1942 г. і Жлобінскіх падпольных міжрайкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ.
Аб’ядноўвала 24 групы, больш за 200 падпольшчыкаў, сярод іх 28 камуністаў, 94 камсамольцы. У падпольнай барацьбе ўдзельнічалі рабочыя-чыгуначнікі, былыя настаўнікі, вучні, савецкія ваеннаслужачыя-акружэнцы, служачыя і калгаснікі навакольных вёсак.
Падпольныя групы ў 1941 г. створаны ў Жлобіне: у паравозным дэпо — кіраўнікі Ц. П. Міненкаў і I. М. Казлоў; камсамольска-маладзёжныя — М. I. Елісееў, Г. В. Канапляннікава, А. П. Цямінская; у друкарні — М. П. Калеснічэнка, Р. П. Бараноў; ваеннаслужачых урачоў у раённай бальніцы — У. М. Лабаноў; у вёсках Святое — А. I. Карунчык, Антонаўка — A. I. Севасцьянчык, Мормаль — I. А. Лебедзеў, Бабоўка — Н. А. Дражын, Кабанаўка — М. Д. Антуськоў, Шчадрын — Л. М. Жураўлёва, у Малевіцкім сельсавеце — I. М. Шаўцоў.
Новыя групы ўзніклі ў 1942 г. у Жлобіне — Гарбатава, С. А. Казлова, Д. В. Ніжнікава, Т. I. Раміська, I. І. Цыркунова; у вёсках Шапарня — кіраўнік У. Б. Паўлаў, Адраджэнне — П. Б. Кіраў, Папаратнае — В. З. Фамянок, Сельнае— П. С. Дзегцяроў, Старая Рудня — А. П. Капусцін і М. Г. Маршын.
Першыя падпольныя групы вялі палітычную работу сярод насельніцтва, выкрывалі ілжывую нацысцкую прапаганду. Маючы радыёпрыёмнікі, падпольшчыкі груп М. І. Елісеева, Л. М. Жураўлёвай, І. А. Лебедзева, Ц. П. Міненкава, А. П. Цямінскай і іншых рэгулярна запісвалі зводкі Саўінфармбюро і лістоўкамі распаўсюджвалі сярод насельніцтва.
Патрыёты, якія дзейнічалі ў друкарні, пры спробе стварыць падпольную друкарню для масавага выпуску лістовак былі арыштаваны і пасля катавання расстраляны.
Падпольшчыкі паравознага дэпо ў першыя дні акупацыі сабралі на месцах баёў каля 200 мін, 50 вінтовак, у 1942 г. вынеслі з нямецкага склада трафейнай зброі 12 вінтовак, ручны кулямёт, 12 скрынак патронаў. Значную колькасць зброі і боепрыпасаў сабралі патрыёты в. Шчадрын. Камсамолкі А. П. Цямінская, З. П. Нікалаева і К. П. Нікалаева і іншыя, якія працавалі прыбіральшчыцамі ў нямецкай зброевай майстэрні і іншых установах акупантаў, выносілі ружэйнае масла, шчолач, патроны, пісталеты. Падпольшчыкі П. I. Іванькоў і I. П. Галалобаў у красавіку 1943 г. перадалі партызанам 30 вінтовак, ручны кулямёт, скрынку гранат, больш за тысячу патронаў. Патрыёты в. Мормаль летам 1943 г. перадалі ў атрад «Жалязняк» ручны кулямёт, 6 вінтовак, 10 гранат, патроны.
Асаблівы размах набыла дзейнасць падпольшчыкаў восенню 1942 г., калі ў раён прыбыла з-за лініі фронту група на чале з даваенным другім сакратаром Жлобінскага райкама КП(б)Б I. А. Крышнёвым. Ён ажывіў падпольную барацьбу, стаў разгортваць у раёне партызанскі рух. Са стварэннем падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, партызанскіх атрадаў «Смерць фашызму», «Жалязняк» і іншых актывізавалася дыверсійная дзейнасць падпольшчыкаў, галоўным чынам на Жлобінскім чыгуначным вузле. Для сувязі з патрыётамі горада і навакольных вёсак кіраўніцтва жлобінскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ, камандаванне партызанскага атрада «Жалязняк» размясціла ў раёне в. Лясань (3 км ад Жлобіна) дыверсійную групу С. А. Каваленкі, у якой пастаянна знаходзілася сакратар Жлобінскага падпольнага райкама ЛКСМБ па прапагандзе В. П. Махнач. Праз гэтую групу падпольшчыкі Жлобіна атрымлівалі міны, узрыўчатку. Яна каардынавала сумесныя з партызанамі дыверсіі па знішчэнні транспарту, баявой тэхнікі, жывой сілы акупантаў.
Патрыёты Жлобіна былі звязаны і з іншымі партызанскімі фарміраваннямі. Мінамі і толам, атрыманымі з 265‑га партызанскага атрада імя К. Я. Варашылава 10‑й Журавіцкай брыгады, летам 1943 г. былі ўзарваны цагельня і лесазавод у горадзе. Дыверсіі правялі рабочыя гэтых заводаў I. В. Бібікаў і С. Когаль (загінуў ад выбуху). Падпольшчык групы вагоннага дэпо М. С. Пугачоў 9 жніўня 1943 г. узарваў склад гаруча-змазачных матэрыялаў, знішчыў 28 бочак бензіну, керасіну, масла. Адна з найбольш буйных дыверсій ажыццёўлена ў Жлобіне 27 жніўня 1943 г. Атрыманымі ад партызан атрада «Жалязняк» магнітнай мінай і ўзрыўчаткай падпольшчык П. Ц. Малашкоў замініраваў новы нямецкі паравоз. Адначасова партызаны П. М. Пліско і А. I. Федасеенка ўзарвалі галоўную магістраль вадаправода, якая забяспечвала дэпо вадою. Пажар у дэпо, што ўзнік ад выбуху міны, не было чым гасіць. У выніку выведзены са строю 6 паравозаў, пашкоджаны будынак дэпо, на некалькі дзён паралізавана дзейнасць вузла. Усяго патрыёты вывелі са строю больш як 50 паравозаў. Падпольшчыкі перадавалі групам разведупраўлення Генштаба Чырвонай арміі, НКУС БССР звесткі пра абарончыя рубяжы нямецкіх войск, pyx паяздоў. З дапамогай групы Т. І. Раміська ў горадзе была легалізавана радыстка, якая з ліпеня да верасня 1943 г. жыла ў доме Міхайлоўскіх і перадавала разведінфармацыю камандаванню Чырвонай арміі.
У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў загінулі: Р. П. Бараноў, Т. П. Бондарава, З. Г. Булкін, У. Б. Бычкоў, А. С. Войстрыкава, М. I. Вярбіцкі, Гарбатаў, Г. I. Гарошка, С. С. Гарэлік, С. Горбач, П. С. Дзегцяроў, Н. А. Дражын, М. П. Калеснічэнка, А. Н. Каробкін, Л. С. Корабава, Д. С. Лазараў, I. М. Лямцаў, Ф. М. Марудзін, П. Ф. Масленчанка, I. [В.] Міранцоў, М. В. Печурыхін, М. Ц. Пінчук, [М. С.] Рагаўцоў, Д. Я. Севасцьянчык, В. Б. Татаранка, [У. Б.] Татаранка, С. Д. Трызна, С. Д. Удавенка, Я. А. Шпадарук, бацька і дачка Ямпольскія.
У гонар баявых дзеянняў падпольшчыкаў і партызан у 1972 г. у в. Лугавая Вірня Жлобінскага раёна пастаўлены абеліск.
У Жлобіне на месцы пахавання загубленых акупантамі членаў падпольнай групы Р. П. Баранава ўстаноўлена стэла, абноўленая ў 2021 г.