Дата стварэння: 24.10.2023 09:38:33
Дата змены: 11.09.2024 16:01:21
Рэ́чыцкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала са жніўня 1941 г. да лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў г. Рэчыца Гомельскай вобласці пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б, Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ, з лістапада 1942 г. — Рэчыцкага падпольнага райкама КП(б)Б; мела цесныя кантакты з партызанскім атрадам імя К. Я. Варашылава, потым партызанскай брыгадай Рэчыцкай імя К. Я. Варашылава.
Аб’ядноўвала больш за 40 падпольшчыкаў, у т. л. 7 камуністаў і 19 камсамольцаў. Складалася з 5 груп, якія ўзначальвалі: П. М. Маркаль — камсамольска-маладзёжную групу, I. Д. Усхопаў — групу ў друкарні, Д. В. Мыткін — у канторы «Заготжывёла», М. М. Жыленка — у гapадской управе, Г. С. Хумар’ян — у драмтэатры. У камсамольска-маладзёжную групу, якая дзейнічала на чыгуначнай станцыі, уваходзілі сёстры В. Блескіна, Л. Блескіна і Т. Блескіна, В. Н. Кніга, А. I. Катлабай, М. [У.] Абуховіч.
Патрыёты, што дзейнічалі ў друкарні, канторы «Заготжывёла», гарадской управе, перадавалі партызанам харчы, бланкі дакументаў, паперу. У друкарні падпольшчыкі друкавалі лістоўкі. У маі — лістападзе 1942 г. па заданні партызанскага атрада імя К. Я. Варашылава надрукавана больш за 3 тыс. лістовак са зводкамі Саўінфармбюро, перадавымі артыкуламі газет «Правда», «Красная звезда» і інш. Гэту работу выконвалі друкар — камуніст М. П. Агурцоў, наборшчыца — камсамолка С. А. Мікіцюк, вучань матарыста — камсамолец У. Л. Васілеўскі і інш. Па фіктыўных нарадах падпольшчыкі канторы «Заготжывёла» (камуніст Ц. С. Броўка, Е. Н. Казанцава і іншыя) атрымлівалі мясныя і малочныя прадукты, а шафёры (падпольшчыкі Д. Е. Помаз і А. С. Озераў) на службовых машынах перапраўлялі іх у лес партызанам. Падпольшчыкі канторы здабылі 4 тыс. руб., на якія былі закуплены медыкаменты і перавязачныя матэрыялы для партызан.
На канспіратыўных кватэрах, што ўтрымлівалі Н. М. Каранкевіч і Т. А. Пацёмкіна, падпольшчыкі сустракаліся з партызанскімі сувязнымі, якія прыходзілі з лесу, перадавалі ім звесткі разведкі, атрымлівалі новыя заданні. Сувязь паміж партызанамі і падпольшчыкамі ў асноўным падтрымлівалася праз М. П. Кошалева. У жніўні — снежні 1942 г. падпольшчыкі В. I. Блескіна, А. І. Катлабай, В. Н. Кніга неаднойчы сустракаліся з сакратарамі Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ А. Д. Рудаком і Рэчыцкага падпольнага райкама ЛКСМБ У. Р. Хамянком. Яны інфармавалі кіраўніцтва падпольных камсамольскіх органаў, а таксама кіраўнікоў украінскага партызанскага злучэння С. А. Каўпака і С. В. Руднева, якія знаходзіліся ў гэты час у Рэчыцкім раёне, аб становішчы спраў у горадзе, атрымлівалі ад іх інструкцыі і новыя заданні. Група на чале з Г. С. Хумар’янам збірала разведвальную інфармацыю. У маі 1942 г. Г. С. Хумар’ян пайшоў у атрад імя К. Я. Варашылава, адкуль працягваў накіроўваць дзеянні падпольшчыкаў. Акупантам удалося часткова раскрыць дзейнасць падпольных груп у гapадской управе, друкарні, канторы «Заготжывёла», камсамольска-маладзёжнай.
У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў загінулі М. [У.] Абуховіч, М. П. Агурцоў, Ц. С. Броўка, М. В. Васілеўская, У. Л. Васілеўскі, К. С. Герасімовіч, М. М. Жыленка, А. В. Зубрыцкі, Г. А. Малашчыцкі, С. А. Мікіцюк, Д. В. Мыткін, А. С. Озераў, Д. Е. Помаз, Г. М. Сумак, Я. Е. Шылёнак, I. Д. Усхопаў і інш.
У Рэчыцы на брацкай магіле падпольшчыкаў канторы «Заготжывёла» ў 1968 г. устаноўлена надмагілле, абноўленае ў 2006 г.