Дата стварэння: 18.02.2025 09:28:13
Дата змены: 25.03.2026 11:53:55
Го́мельскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле
Дзейнічала ў г. Гомель пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б, Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ і Гомельскага падпольнага гаркама ЛКСМБ з 20 жніўня 1941 г. да 26 лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле стваралася ў адносна спрыяльных умовах. Гэта было звязана з часовай стабілізацыяй фронту на Гомельскім напрамку ў ліпені 1941 г., а таксама пастаяннай дапамогай ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ, якія знаходзіліся ў Гомелі з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны жніўня 1941 г.
Аб’ядноўвала 16 падпольных камсамольска-маладзёжных арганізацый і груп, больш за 140 чалавек.
З першых дзён германскай акупацыі Гомеля вялікую работу па арганізацыі камсамольцаў і моладзі на барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў праводзіў створаны ў жніўні 1941 г. падпольны гаркам ЛКСМБ у складзе А. Л. Ісачанкі, С. П. Купцова, Ф. П. Котчанкі. Сакратар гаркама А. Л. Ісачанка, які знаходзіўся ў партызанскім атрадзе «Бальшавік», хадзіў у горад, ствараў камсамольска-маладзёжныя падпольныя групы, даваў ім канкрэтныя заданні, займаўся разведкай. Члены бюро гаркама камсамола С. П. Купцоў і Ф. П. Котчанка выконвалі заданні па наладжванні сувязі з гомельскімі камсамольцамі, далучалі юнакоў і дзяўчат да падпольнай барацьбы з акупантамі.
У ліку першых начала дзейнічаць група I. I. Жалезнякова. З канца жніўня 1941 г. дзейнічалі групы на чале з камсамольцамі У. П. Кавалёвым і Л. А. Кавалёвай.
У верасні — лістападзе 1941 г. створаны арганізацыі і групы на чале з Г. Л. Кірыкавай, М. I. Панчанкам, В. Л. Радзьковай, Л. В. Семяноўскай і інш.
Камсамольцы Н. Р. Акуліч, К. М. Бондарава, С. А. Зелянкоў, В. С. Кіслова, З. В. Макарэвіч, В. Т. Мядзведзева, М. Ф. Таўкачоў, I. Б. Шылаў, В. I. Шышко і іншыя змагаліся з акупантамі ў складзе груп, створаных камуністамі, выконвалі заданні партыйных органаў, партызанскай брыгады «Бальшавік», партызанскай брыгады Добрушскай імя І. В. Сталіна, партызанскай брыгады «Уперад» Гомельскай вобласці, спецгрупы «Радзіма».
Падпольшчыкі дапамагалі партыйным органам у стварэнні падпольных груп, друкаванні і распаўсюджванні антыфашысцкіх лістовак, зводак Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, былі сувязнымі, ратавалі і выводзілі з горада ў партызанскія атрады савецкіх ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях.
Летам і восенню 1943 г. дыверсіі рабіла група на чале з камсамольцам I. I. Грыцавым, якая дзейнічала на ўскраіне Гомеля, галоўным чынам у раёне былога саўгаса «Брылёва» і ў в. Прудок, дзе акупанты размясцілі склады з боепрыпасамі, ваеннай маёмасцю, харчаваннем. Групай непасрэдна кіраваў падпольны гаркам камсамола. Сувязная гаркама Р. П. Караткевіч разам з падпольшчыкамі ўдзельнічала ў мініраванні чыгунак і шашэйных дарог, падпалах складоў, займалася разведкай. Камсамольцы І. І. Грыцаў, Б. С. Кесельман, А. П. Мамайка, I. Беткін, М. Колчын пранікалі ў вагоны, якія прыбылі для разгрузкі, і выносілі боепрыпасы, амуніцыю, харчаванне. У верасні 1943 г. яны ўзарвалі бензасклад, потым мост каля клінкернага завода.
У лютым 1942 г. члены камсамольска-маладзёжнай групы У. П. Кавалёва падпалілі дрэваапрацоўчы цэх, дзе рамантавалася ваенная тэхніка ворага. Былі знішчаны абсталяванне, матэрыялы, машыны. З лета 1943 г. група У. П. Кавалёва атрымлівала міны і ўзрыўчатку з партызанскага атрада «Бальшавік». Падпольшчыкі ўзарвалі чыгуначны мост на абводным пуці, аўтамашыну з гітлераўскімі афіцэрамі, эшалон з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, падпалілі фабрыку па вырабе драўляных цурак для запраўкі газагенератарных аўтамашын, знішчалі гітлераўцаў і іх прыслужнікаў.
Дыверсіі ў горадзе праводзілі камсамольска-маладзёжныя групы, што ўзначальвалі Г. I. Бярковіч і В. Л. Радзькова. Е. П. Гарадкова 31 жніўня 1943 г. замініравала на станцыі Гомель варожы эшалон, пры ўзрыве якога згарэла 25 цыстэрнаў з бензінам.
Група I. I. Жалезнякова дзейнічала на Гомельскім чыгуначным вузле з канца жніўня 1941 г. да верасня 1943 г. Налічвала 35 чалавек. Першымі ў яе ўвайшлі камсамольцы — навучэнцы 6‑й чыгуначнай школы Гомеля: Іван Жалезнякоў і яго сёстры Вольга, Марыя і Алена, П. П. Сцепанцоў, К. М. Давыдовіч, М. У. Мартынаў, Л. У. Радзевіч. Камсамольцы запісвалі па радыёпрыёмніку зводкі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва. У канцы 1941 г. узарвалі паравоз на станцыі Гомель-Гаспадарчы. У чэрвені 1942 г. наладзілі сувязь з Гомельскім падпольным гаркамам ЛКСМБ, а таксама партызанскім атрадам імя М. А. Шчорса (гл. у артыкуле Партызанская брыгада імя М. А. Шчорса Гомельскай вобласці), выконвалі іх заданні.
І. І. Жалезнякоў, П. П. Сцепанцоў, М. У. Мартынаў, Л. У. Радзевіч, М. І. Табанькоў, уладкаваўшыся рабочымі на чыгунцы, збіралі звесткі пра ваенныя эшалоны, якія праходзілі, графікі руху цягнікоў. Пад выглядам абмену рэчаў на прадукты сёстры Жалезняковы і іншыя падпольшчыцы заходзілі ў размяшчэнне варожых вайсковых часцей, запаміналі іх нумары, роды войск, сістэму каравульнай службы, узбраенне і інш.
Летам 1943 г. камсамольцы на чале з І. І. Жалезняковым узарвалі тэлефонна-тэлеграфны трансфарматар; Л. У. Радзевіч, М. У. Мартынаў і М. І. Табанькоў вывелі са строю 3 такарныя станкі ў механічным цэху паравознага дэпо, на некалькі дзён сарвалі рамонт паравозаў і вагонаў.
У пачатку верасня 1943 г. П. П. Сцепанцоў і іншыя падпольшчыкі падарвалі варожы эшалон, вывелі са строю паравоз і знішчылі 11 вагонаў з аўтамашынамі.
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі У. К. Бабрушкаў, З. П. Баравікова. I. Беткін, М. А. Губанаў, А. П. Гулянкоў, К. М. Давыдовіч, I. I. Жалезнякоў, К. К. Жылінскі, С. А. Зелянкоў, Р. Р. Злотнікаў, Л. А. Кавалёва, У. П. Кавалёў, В. К. Кажамякін, У. А. Казлоў, М. Колчын, Ф. І. Марозаў, I. Пісьменнікаў, С. В. Радзькоў, П. П. Сцепанцоў, М. Ф. Талкачоў, М. А. Харкоў, I. Б. Шылаў, Р. У. Ярыгін, У. Ф. Ясінскі.
Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.
А. Л. Ісачанку і Ф. П. Котчанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Імем І. І. Жалезнякова названа вуліца ў Гомелі, на будынку школы, дзе ён вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка.