Дата стварэння: 14.10.2025 13:23:57
Дата змены: 24.03.2026 10:38:27
Го́мельскі падпо́льны гарка́м ЛКСМБ
Гомельскі падпольны гарадскі камітэт ЛКСМБ.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Гомель.
Створаны 22 жніўня 1941 г., працаваў пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ і Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б.
У тыле ворага для арганізацыі падпольнай работы з даваеннага складу гаркама камсамола былі пакінуты сакратар гаркама А. Л. Ісачанка, член бюро гаркама С. П. Купцоў і член гаркама Ф. П. Котчанка.
Падпольны гаркам кіраваў камсамольска-маладзёжнымі падпольнымі арганізацыямі і групамі Гомеля (гл. Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле). Асноўная база знаходзілася ў партызанскім атрадзе «Бальшавік» (у кастрычніку 1943 разгорнуты ў партызанскую брыгаду «Бальшавік» Гомельскай вобласці). Пасля гібелі А. Л. Ісачанкі абавязкі сакратара падпольнага гаркама выконваў С. П. Купцоў, у маі — чэрвені 1943 г. склад гаркама быў пашыраны.
Друкаванага органа не меў.
Спыніў сваю дзейнасць 26 лістапада 1943 г.
Сакратары гаркама: А. Л. Ісачанка (да 8.10.1942, загінуў), С. П. Купцоў (з 10.5.1943, выконваў абавязкі сакратара з кастрычніка 1942); члены гаркама: С. П. Купцоў, Ф. П. Котчанка, В. I. Блескіна (з 10.5.1943), Ф. І Аксёнаў, К. Л. Данілін (абодва з 1.6.1943).