pdf

РЭЧЫЦКАЕ РАЁННАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:38:49

Дата змены: 11.09.2024 14:53:38

Рэ́чыцкае раённае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, з лістапада 1942 г. пад кіраўніцтвам Рэчыцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Аб’ядноўвала 8 груп, 62 падпольшчыкі, у т. л. 12 камуністаў, 26 камсамольцаў. Групы былі створаны ў в. Свірыдавічы (кіраўнікі А. В. Карбаценка, В. А. Нямкевіч), 2 групы ў вёсках Холмеч і Завужаль (Ф. П. Севераў, М. С. Вайтовіч, М. Ф. Яўланчык), у вёсках Андрэеўка і Пасека (Рыгор Іванавіч Васілец, Рыгор Ісакавіч Васілец), в. Вятхінь (М. Л. Саламаха), в. Ровенская Слабада (А. Ц. Дворнік і М. А. Звяртоўскі), в. Гарноўка (Ю. А. Раціборская, В. А. Раціборскі), в. Мілаград (З. А. Грабянчук). У ліку арганізатараў і першых удзельнікаў падполля былі работнікі Рэчыцкіх райкомаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ, старшыні сельсаветаў і калгасаў, калгаснікі, настаўнікі, навучэнцы, былыя савецкія ваеннаслужачыя-акружэнцы. Зімой 1941–1942 гг. падпольшчыкі ўстанавілі сувязь з кіраўніком групы, пакінутай па заданні ЦК КП(б)‌Б у Рэчыцкім pаёне, М. Ф. Турчынскім, дапамагалі групе зброяй, боепрыпасамі, харчамі. Падтрымлівалі пастаянныя кантакты са створаным у красавіку 1942 г. на базе групы М. Ф. Турчынскага партызанскім атрадам імя К. Я. Варашылава (гл. у артыкуле Партызанская брыгада Рэчыцкая імя К. Я. Варашылава) і атрадам «За Радзіму» (гл. у артыкуле Партызанская брыгада Лоеўская «За Радзіму»).

Падпольшчыкі ажыццяўлялі дыверсіі, вялі агітацыйную работу, дапамагалі партызанам.

Патрыёты з вёсак Андрэеўка і Пасека двойчы спальвалі мост цераз р. Іўня. Падпольшчыкі вёсак Холмеч і Завужаль перадавалі партызанам атрадаў імя К. Я. Варашылава і «За Радзіму» звесткі аб варожым гарнізоне ў Холмечы, у верасні 1942 г. партызаны атрада імя К. Я. Варашылава разграмілі гэты гарнізон. Падпольшчыкі У. I. Саматкан і М. Ф. Яўланчык з лета 1942 г. забіралі частку мукі з млына ў Холмечы і адвозілі яе партызанам. Моладзь в. Вятхінь збірала зброю, боепрыпасы, перадавала іх у атрад імя К. Я. Варашылава. У выніку агітацыйнай і растлумачальнай работы ніводзін жыхар гэтай вёскі не паддаўся на правакацыйную прапаганду фашыстаў і не паехаў добраахвотна ў Германію. Аналагічную работу вялі юныя патрыёты Гарноўкі на чале з даваенным інструктарам Рэчыцкага райкама ЛКСМБ Ю. А. Раціборскай. У яе доме хаваўся камандзір Чырвонай арміі М. П. Аніпка, які трапіў у акружэнне, а потым стаў камандзірам партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава.

Дзейнасць падпольшчыкаў спрыяла хуткаму росту партызанскіх сіл раёна, летам 1942 г. — вясной 1943 г. у атрад імя К. Я. Варашылава пайшло больш за 30 падпольшчыкаў. Патрыёты, якія засталіся ў сваіх населеных пунктах, працягвалі працаваць сувязнымі, выконвалі даручэнні падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, партызанскіх атрадаў.

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі Е. П. Глушак, I. М. Гуз, Л. З. Кулік, Я. Д. Манькоў, Т. М. Савёнак, Ф. А. Раціборская, А. С. Раціборскі, М. Л. Саламаха, П. П. Худароба, К. П. Чарнецкі.