Дата стварэння: 17.11.2023 09:03:43
Дата змены: 28.05.2025 12:03:57
Партыза́нская брыга́да імя́ В. П. Чка́лава
Дзейнічала гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Івянецкага і Валожынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці, Заслаўскага, Дзяржынскага і Мінскага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана ў лістападзе 1942 г. на базе атрадаў: 620‑га (арганізаваны ў чэрвені 1942 у выніку аб’яднання атрадаў Я. З. Дука і I. П. Кузняцова, з жніўня 1942 уваходзіў у Асобае злучэнне партызанскіх атрадаў; з жніўня 1943 атрад імя І. П. Кузняцова, які загінуў у верасні 1942) і 621‑га (са снежня 1942 імя В. П. Чкалава). На працягу 1943 г. арганізаваны атрады: у лютым — імя С. М. Кірава, у красавіку — «За Савецкую Радзіму», у маі — «За Савецкую Беларусь», у верасні — імя П. К. Панамарэнкі, у кастрычніку — «26 год Кастрычніка» і імя А. А. Андрэеева. У студзені 1944 г. арганізаваны атрад імя Г. М. Малянкова. У сакавіку 1944 г. на базе дыверсійнай групы брыгады створаны атрад П. А. Алыбіна, які дзейнічаў як асобны.
У маі 1943 г. атрад імя В. П. Чкалава ўвайшоў у партызанскую брыгаду «Уперад» Баранавіцкай вобласці; у студзені 1944 г. атрады імя С. М. Кірава, імя А. А. Андрэеева, «За Савецкую Беларусь» перададзены для фарміравання партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь» Баранавіцкай вобласці.
Партызаны ў 1942 г. разграмілі 11 апорных пунктаў праціўніка і 20 сельскагаспадарчых маёнткаў акупантаў, захапілі 4 тыс. т збожжа, з іх 1 тыс. т раздалі насельніцтву.
У красавіку — снежні 1943 г. падарвалі каля 50 эшалонаў, знішчылі 3 масты (рух на чыгунцы спынены амаль на 9 сутак). У маі знішчылі 6 аўтамашын. У ліпені зрабілі 10 дыверсій на чыгунцы, правялі 10 баёў, захапілі 8 кулямётаў, больш за 20 вінтовак, боепрыпасы.
На чыгунцы Мінск — Маладзечна на ўчастках Ратамка — Крыжоўка, Маладзечна — Уша́ 20 чэрвеня 1944 г. падарвалі каля 900 рэек. У пачатку ліпеня 1944 г. знішчылі 24 аўтамашыны, захапілі 9 кулямётаў, 19 аўтаматаў, 141 вінтоўку, вызвалілі 113 савецкіх грамадзян, якіх гітлераўцы спрабавалі вывезці на катаржныя работы ў Германію.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 5 ліпеня 1944 г. На той момант уключала атрады імя І. П. Кузняцова, «За Савецкую Радзіму», імя П. К. Панамарэнкі, «26 гадоў Кастрычніка», імя Г. М. Малянкова, у якіх змагаліся 1085 партызан.
Камандзіры: С. П. Смірноў, М. I. Грыбанаў; камісар I. П. Казак; начальнікі штаба: М. І. Грыбанаў, Р. М. Панявін, I. П. Анішчанка.