pdf

ТАРАСАВА-РАТАМСКАЕ ПАРТЫЙНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 17.11.2023 09:04:33

Дата змены: 27.02.2025 16:09:04

Тара́сава-Ра́тамскае парты́йнае падпо́лле

Дзейнічала ў в. Тарасава і пасёлку Ратамка Мінскага раёна Мінскай вобласці з ліпеня 1941 г. да красавіка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала 28 чалавек. Кіруючае ядро: В. I. Лошыцкі, П. М. Бортнік, А. I. Вольскі, П. Ф. Кургаеў, Я. У. Саблер.

Падпольшчыкі вялі палітычную агітацыю, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро.

З дапамогай жыхароў в. Тарасава ратавалі, лячылі, забяспечвалі харчамі параненых воінаў Чырвонай арміі, якія трапілі ў акружэнне, перапраўлялі іх да партызан.

Атрымаўшы заданне Мінскага партыйнага падполля стварыць партызанскі атрад, здабывалі зброю, боепрыпасы. Да канца сакавіка 1942 г. група падпольшчыкаў і ваеннаслужачых была падрыхтавана да выхаду ў партызаны.

У ноч на 3 красавіка 1942 г. гітлераўцы арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі ўсіх кіраўнікоў падполля, а таксама падпольшчыкаў [I. А.] Бараноўскага, Р. Башкірава, С. I. Бортнік, I. Ф. Бурчакова і Ф. Ф. Бурчакова, С. I. Гатоўку, [А. П.], [В. Д.] Жаркоўскіх і Г. Жаркоўскую, Д. А. Жызнеўскага, У. П. Кісялёва, Г. Д. Лошыцкую, Ф. А. Траццякова, [М.] Ушакова, П. I. Холадава (Холад) і інш.

Паблізу в. Тарасава ў памяць пра падпольшчыкаў у 1970 г. пастаўлена стэла.