pdf

МІНСКАЕ ПАРТЫЙНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 22.05.2023 10:19:43

Дата змены: 27.12.2024 11:41:18

Мі́нскае парты́йнае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б і Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б (з лістапада 1941 да верасня 1942 і з верасня 1943) з канца чэрвеня 1941 г. да 3 ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Гісторыя

Вялікую ролю ў стварэнні партыйнага падполля адыгралі старыя камуністы, ветэраны Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. і грамадзянскай вайны Л. Я. Адзінцоў, С. К. Амельянюк, А. Ф. Арндт, Е. М. Баранаў, М. I. Думбра, С. I. Заяц (Зайцаў), I. I. Матусевіч, А. Ф. Орсік, I. I. Русовіч, С. В. Сержановіч.

Мемарыяльны знак у Аляксандраўскім (Цэнтральным) скверы Мінска ў памяць пра ўдзельнікаў Мінскага партыйнага падполля, якіх тут каралі смерцю нямецка-фашысцкія захопнікі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Адной з першых узнікла падпольная група ў паравозным дэпо станцыі Мінск. У яе ўвайшлі А. Д. Балашоў, Ф. К. Жывалёў, I. I. Івашчонак, Ф. С. Кузняцоў, В. С. Купрыянава, К. А. Паўлечка, I. Г. Сцяпура і інш. 

У раёне Камароўкі створана падпольная партыйная група ў саставе С. І. Зайца (Зайцава), А. В. Каліноўскага, С. К. Амельянюка, У. С. Амельянюка, I. М. Цімчука, М. А. Шугаева і інш.

У Кастрычніцкім раёне сфарміравалася партыйная падпольная група «нафтавікоў» з былых работнікаў рэспубліканскай канторы Белнафтазбыту, у якую ўвайшлі К. Д. Грыгор’еў, А. [Л.] Зубкоўскі, I. П. Казінец, В. КНікіфараў, Г. М. Сямёнаў і інш.

З выкладчыкаў і студэнтаў Мінскага юрыдычнага інстытута падпольную групу арганізавалі камуністы М. ФМалаковіч, М. Б. Осіпава, А. АСакалова і інш. Восенню 1941 г. М. Ф. Малаковіч узначаліла Калодзішчанскае партыйна-камсамольскае падполле ў Мінскім раёне.

У падпольную групу гета ўваходзілі М. Л. Гебелеў, М. Л. Екельчык, М. М. Пруслін, X. М. Прусліна, Н. Л. Фельдман і інш.

Да канца 1941 г. у Мінску і яго ваколіцах дзейнічала больш за 50 падпольных груп, якія налічвалі больш як 2 тыс. чалавек.

Патрыёты вялі палітычную работу сярод насельніцтва, ратавалі ад фашысцкага палону воінаў Чырвонай арміі, арганізоўвалі сабатаж, дыверсіі, стваралі ўзброеныя групы, здабывалі зброю.

Для большай эфектыўнасці і ўзгодненасці дзейнасці падпольных груп трэба было цэнтралізаваць кіраўніцтва падполлем. Для гэтага ў лістападзе 1941 г. на нарадзе прадстаўнікоў партыйных арганізацый і груп Камароўкі, чыгуначнага вузла, канторы Белнафтазбыту створаны Мінскі падпольны гарадскі партыйны камітэт. У яго склад уваходзілі I. К. Кавалёў, І. П. Казінец, К. Д. Грыгор’еў, В. СЖудро, С. І. Заяц (Зайцаў), Г. М. Сямёнаў і інш.

У снежні 1941 г. падпольны гаркам устанавіў сувязь з падпольнай арганізацыяй пад назвай Ваенны савет партызанскага руху (ВСПР), што ўзнікла ў Мінску ў верасні 1941 г. з ваеннаслужачых Чырвонай арміі, якія трапілі ў акружэнне і засталіся на акупіраванай тэрыторыі.

У гapадскую падпольную партыйную арганізацыю ўваходзілі нізавыя тэрытарыяльныя арганізацыі колькасцю не больш як 10 чалавек. Яны фарміраваліся на аснове асабістага знаёмства і рэкамендацый. Да пачатку 1942 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б дзейнічалі 12 партыйных арганізацый і 7 камсамольскіх груп.

Падпольныя партыйныя арганізацыі былі таксама на наступных заводах: вагонарамонтным імя А. Ф. Мяснікова, станкабудаўнічым імя К. Я. Варашылава, піўзаводзе «Беларусь», ЦЭЦ‑2 і іншых прадпрыемствах.

Група на чале з камуністам А. А. Маркевічам, якая вырасла ў падпольную арганізацыю і называла сябе Мінскім падпольным камітэтам, будавалася па прынцыпе троек і пяцёрак, у якія разам з камуністамі ўваходзілі камсамольцы і беспартыйныя патрыёты. Пад яе кіраўніцтвам у горадзе і навакольных вёсках дзейнічалі 6 падпольных груп, у т. л. на радыёзаводзе (11 чалавек), вагонарамонтным заводзе імя А. Ф. Мяснікова (9 чалавек), у гapадской управе. Арганізацыя захоўвала самую строгую канспірацыю, што абумовіла яе актыўную і працяглую дзейнасць.

У мэтах канспірацыі патрыёты забяспечвалі сябе фіктыўнымі дакументамі, выкарыстоўвалі падпольныя мянушкі, паролі. Паводле прызнанняў акупантаў, да студзеня 1942 г. падпольшчыкі Мінска вырабілі 1 000 фальшывых пашпартоў. Яны стварылі канспіратыўныя кватэры, якія трымалі давераныя таварышы. На гэтых кватэрах праводзілі нарады, слухалі радыёперадачы, прымалі сувязных, хавалі савецкіх ваеннапалонных і патрыётаў, якія ўцякалі з фашысцкіх лагераў, а таксама тут пражывалі падпольшчыкі, што знаходзіліся на нелегальным становішчы; тут жа захоўвалася зброя, боепрыпасы, медыкаменты, друкарскае абсталяванне, дакументы. Асноўныя канспіратыўныя кватэры (іх было 300) размяшчаліся на ўскраінах горада.

Адным з найважнейшых накірункаў дзейнасці падполля з’яўлялася масава-палітычная работа сярод насельніцтва (выкрыццё лжывай фашысцкай прапаганды, данясенне праўдзівай інфармацыі аб становішчы на франтах, мабілізацыя савецкіх людзей на актыўную барацьбу з ворагам). Падпольшчыкі друкавалі на машынцы і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі. У снежні 1941 г. Мінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б стварыў некалькі падпольных друкарняў (гл. Друкарні Мінскага партыйнага падполля), у якіх у студзені — лютым 1942 г. надрукаваны лісток «Вестник Родины», а таксама «Зварот да грамадзян і грамадзянак часова акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі» і каля 3 тыс. экзэмпляраў лістовак. Падпольная арганізацыя А. А. Маркевіча на шапірографе друкавала са снежня 1941 г. лістоўкі, а з 1942 г. падпольную газету «Патриот Родины». Баявым партыйным органам стала падпольная газета «Звязда», якая разам з лістоўкамі дастаўлялася ў партызанскія фарміраванні, а праз падпольшчыкаў-чыгуначнікаў — у многія гарады Беларусі.

Памятны знак на месцы дома па былой вуліцы Выдавецкай (цяпер Цнянская) у Мінску, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны друкавалася падпольная газета «Звязда».

Разгортвалася дыверсійна-баявая дзейнасць падпольшчыкаў. Патрыёты знішчалі гітлераўцаў і іх саўдзельнікаў, узрывалі склады, гаражы, майстэрні па рамонце ваеннай тэхнікі, дэзарганізоўвалі работу транспарту. Найбольш адчувальныя ўдары па ворагу наносілі падпольшчыкі чыгуначнага вузла. Яны ўзрывалі вагоны, цыстэрны з гаручым, воданапорныя вежы, выводзілі са строю стрэлкі, мініравалі эшалоны. У дыверсійныя групы тут уваходзілі А. А. Астроўскі, А. Д. Балашоў, Я. К. Гарыца, I. У. Гомельскі, І. І. Івашчонак, А. I. Карсека, Ю. Ю. Крыжывец, І. І. Матусевіч, К. А. Паўлечка, М. Ф. Шклярэўскі і інш.

Мемарыяльная дошка ў гонар падпольшчыкаў друкарні Дома друку ў Мінску, якія ўпотай ад акупантаў друкавалі тут лістоўкі і набралі першы нумар падпольнай газеты «Звязда».

У дзейнасці падполля вялікае месца займала выратаванне з фашысцкіх лагераў смерці байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, якія трапілі ў палон. Толькі група А. А. Маркевіча ў першыя месяцы акупацыі вызваліла больш за 40 ваеннапалонных, Н. А. Галубоўская і І. І. Расовіч — каля 50. Члены групы, якую ўзначальвалі К. I. Трус i В. Ф. Шчарбацэвіч, перадалі ў шпіталь фотаапарат, матэрыялы для вырабу фатаграфій, бланкі пашпартоў для савецкіх камандзіраў, адрасы канспіратыўных кватэр. Большасць выратаваных байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі ішла ў партызаны. Усяго падпольшчыкі Мінска па няпоўных даных пераправілі да партызан больш як 2,2 тыс. ваеннапалонных.

Мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці падпольшчыцы А. Астроўскай і двух невядомых удзельнікаў Мінскага партыйнага падполля, якіх гітлераўцы павесілі восенню 1941 г. у раёне сучаснай плошчы Я. Коласа ў Мінску.

У сувязі з прасочваннем у падполле варожай агентуры Мінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б у студзені 1942 г. прыняў рашэнне аб глыбокай канспірацыі, перамене месцаў жыхарства яго членаў, змене мянушак, пароляў, дакументаў. Для сувязі камітэта з падпольнымі арганізацыямі раёнаў Мінска былі вылучаны спецыяльныя ўпаўнаважаныя. Аднак у сакавіку — красавіку 1942 г. гітлераўцам удалося правесці масавыя арышты, у засценкі было кінута больш за 400 чалавек. Пасля катаванняў 7 мая 1942 г. публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў падполля, у т. л. члены падпольнага гаркама КП(б)‌Б I. П. Казінец, С. I. Заяц (Зайцаў), Г. М. Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. У красавіку 1942 г. ў перастрэлцы з агентамі СД смяротна паранены В. С. Жудро. Падполле панесла вялікія страты, аднак працягвала актыўную барацьбу з ворагам.

Мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці члена Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б В. С. Жудро на адным з дамоў вуліцы ў Мінску, названай у яго гонар.

У пачатку мая 1942 г. адбылася нарада ўцалелага ад арыштаў актыву падполля, у якой удзельнічалі 14 чалавек, у т. л. сакратар падпольнага гаркама І. К. Кавалёў, а таксама У. С. Амельянюк, М. Л. Гебелеў, Д. А. Караткевіч, В. К. Нікіфараў, А. Ф. Орсік, К. I. Xмялеўскі. Адной з прычын сакавіцкага правалу падполля нарада лічыла недасканалую арганізацыйную структуру і канспірацыю падполля, слабую сувязь з патрыётамі, якія дзейнічалі на прадпрыемствах і ва ўстановах. Было прынята рашэнне аб арганізацыйнай перабудове падполля. Асновай падпольнай партыйнай арганізацыі сталі вытворча-тэрытарыяльныя ячэйкі колькасцю не больш як 5 чалавек. Іх сакратары выходзілі на сувязь з членамі куставых (занальных) камітэтаў, апошнія — з падпольнымі раённымі камітэтамі з трох чалавек кожны. На гэтай нарадзе ў склад Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б былі давыбраны У. С. Амельянюк і Д. А. Караткевіч. Пры выкананні баявога задання 26 мая 1942 г. забіты У. С. Амельянюк. Замест яго ў гаркам уведзены К. І. Хмялеўскі. Гаркам меў 4 аддзелы: агітацыі і прапаганды, ваенны, разведкі, арганізацыі дыверсій.

Помнік на ўшанаванне памяці члена Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда», Героя Савецкага Саюза У. С. Амельянюка; усталяваны недалёка ад месца яго гібелі (26 мая 1942) на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Па рашэнні майскай 1942 г. нарады актыву падполля створаны падпольныя райкамы КП(б)‌Б: Варашылаўскі (сакратар М. А. Шугаеў), Чыгуначны (І. І. Матусевіч), Кастрычніцкі (К. І. Хмялеўскі, пазней М. К. Каржанеўскі), Сталінскі (Н. Я. Герасіменка), Тэльманаўскі (М. Л. Гебелеў).

Мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці кіраўніка Мінскага партыйнага падполля І. І. Матусевіча; усталявана на адным з дамоў вуліцы ў Мінску, якая названа ў яго гонар.

Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле членаў гарадскога і раённых камітэтаў у маі — верасні 1942 г. адноўлена і пашырана сетка падпольных партыйных арганізацый на заводах імя А. Ф. Мяснікова, імя К. Я. Варашылава, «Бальшавік», «Чырвоная зара», «Беларусь», на радыёзаводзе, у Доме друку, на ЦЭЦ‑2, хлебазаводзе «Аўтамат», нафтабазе, абутковых фабрыках, цагельных і тарным заводах і інш. Узмацнелі тэрытарыяльныя падпольныя групы ў раёнах чыгуначнага вузла, Камароўкі, Старажоўкі, парку імя Чалюскінцаў, на Чэрвеньскім тракце, у пасёлках Пушкінскім, Грушаўскім, імя Камінтэрна, на Балотнай станцыі і інш.

Мемарыяльная дошка ў гонар М. Л. Гебелева, кіраўніка партыйнага падполля ў Мінскім яўрэйскім гета; усталявана на адным з дамоў вуліцы ў Мінску, якая носіць яго імя.

Мінскія патрыёты актыўна вялі разведку. Узброеныя вопытам падпольшчыкі праніклі ў ваенныя, адміністрацыйныя і гаспадарчыя органы акупантаў, збіралі каштоўную інфармацыю для Чырвонай арміі, партызанскіх брыгад і атрадаў. Як адзначаў камандзір спецыяльнага партызанскага атрада «Мясцовыя», член Мінскага падпольнага гаркама партыі С. А. Ваўпшасаў, радыёстанцыі атрада працавалі амаль кругласутачна па прыёме і перадачы разведінфармацыі. Разведкай займаліся многія падпольныя групы. Група М. Т. Раманоўскага здабывала даныя аб размяшчэнні і перамяшчэнні нямецкіх вайсковых часцей і штабоў; вяла назіранні за чыгуначнай станцыяй, рухам эшалонаў на фронт і з фронту; выяўляла характар грузаў. Падпольшчыкі з групы К. Л. Няхай збіралі звесткі аб сетцы аэрадромаў і канцэнтрацыі на іх баявых самалётаў і інш.

Падпольны гаркам КП(б)‌Б правёў вялікую работу па арганізацыі і разгортванні партызанскага руху, прымаў удзел у стварэнні партызанскіх атрадаў і брыгад, папаўняючы іх склад за кошт жыхароў Мінска і вызваленых з лагераў савецкіх ваеннапалонных. Толькі ў 1943 г. з Мінска ў партызаны накіравана 6,5 тыс. чалавек. З іх 1,5 тыс. савецкіх грамадзян сталі камандзірамі брыгад і атрадаў, узначалілі разведку, групы падрыўнікоў. Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, рыштунак, абмундзіраванне, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, папярэджвалі аб падрыхтоўцы карных аперацый.

Актыўны ўдзел у падпольнай барацьбе і ў дапамозе партызанам прымалі медыцынскія работнікі горада: прафесар медыцыны Я. У. Клумаў, урачы В. Р. Гаўрыленка (Сядова), В. I. Гудына, В. М. Гурыновіч, М. А. Кірзон, М. I. Мельнікаў, В. I. Паўловіч, М. Г. Піліпушка, А. I. Плавінская, С. А. Прылуцкі, М. М. Уладысік, В. К. Шыкаўка, медсёстры В. Ф. Рубец, А. I. Сідаровіч, Ю. I. Сямашка і інш.

Мемарыяльная дошка ў гонар удзельніка Мінскага партыйнага падполля, Героя Савецкага Саюза Я. У. Клумава на будынку 3‑й клінічнай бальніцы Мінска.

Мінскае партыйнае падполле падтрымлівала цесныя кантакты больш як з 30 партызанскімі фарміраваннямі ў Баранавіцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, разведгрупамі Чырвонай арміі. Падпольны гаркам накіроўваў дзейнасць Калодзішчанскага падполля, Тарасава-Ратамскага партыйнага падполля, Дзяржынскага партыйна-камсамольскага падполля, падполля ў іншых населеных пунктах.

Мінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б у 1942 г. шукаў шляхі ўстанаўлення сувязі з Цэнтральным камітэтам КП(б)‌Б і Мінскім падпольным абкамам КП(б)‌Б. У маі 1942 г. ён з дапамогай рацыі спецгрупы С. К. Вішнеўскага разведупраўлення Генеральнага штаба Чырвонай арміі паведаміў у Маскву аб сваёй дзейнасці, звесткі былі перададзены ў ЦК КП(б)‌Б. У канцы лета 1942 г. Мінскі гаркам праз падпольшчыкаў, разведчыкаў, партызан, работнікаў падпольных партыйных органаў паслаў у ЦК КП(б)‌Б першую пісьмовую справаздачу аб сваёй рабоце. Сувязь падпольнага гаркама з Мінскім падпольным абкамам КП(б)‌Б была ўстаноўлена ў верасні 1942 г.

У верасні — кастрычніку 1942 г. гітлераўцы нанеслі новы ўдар па падполлі. У ноч на 26 верасня 1942 г. пачаліся арышты. У засценкі СД былі кінуты сотні падпольшчыкаў. Большасць арыштаваных загінула ў «душагубках», на шыбеніцах, у лагерах смерці. Сярод іх сакратар падпольнага гаркама КП(б)‌Б I. К. Кавалёў, члены гаркама Д. А. Караткевіч, В. К. Нікіфараў, К. I. Хмялеўскі, сакратары райкамаў Н. Я. Герасіменка (з сям’ёй), М. К. Каржанеўскі, I. I. Матусевіч, М. А. Шугаеў, актыўныя работнікі падполля Л. Я. Адзінцоў, А. Ф. Арндт, [М. А.] Багданаў, Е. М. Баранаў, I. Л. Беланоўскі, С. А. Благаразумаў, М. М. Воранаў і М. П. Воранаў, I. Я. Ганчарэнка, С. М. Гапоненка, А. П. Гук, Ф. К. Жывалёў, М. І. Зайцаў, М. I. Зехаў, Н. Р. Зікуненка, I. I. Івашчонак, I. X. Казлоў, Н. М. Качан (з сям’ёй), I. Ф. Падабед, В. Ф. Рубец, Г. П. Сапун, С. В. Сержановіч, П. К. Хадасевіч (з сям’ёй), П. М. Хмялеўскі, П. М. Цвяткоў, П. I. Чыркун, Г. Ф. Шырко, А. А. Шумская і многія іншыя падпольшчыкі.

Мемарыяльная дошка ў гонар кіраўніка Мінскага партыйнага падполля К. І. Хмялеўскага на адным з дамоў вуліцы ў Мінску, якая носіць яго імя.

Удар, нанесены акупантамі падполлю восенню 1942 г., быў надзвычай цяжкім. Аднак ужо 21 кастрычніка 1942 г. у 300 месцах горада патрыёты расклеілі лістоўкі-плакаты з заклікам біць фашыстаў. ЦК КП(б)‌Б, Мінскі падпольны абкам, Мінскі і Слуцкі міжрайкамы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкамы, камандаванне партызанскіх фарміраванняў, якія мелі з падполлем сувязь, прынялі энергічныя меры па аднаўленні Мінскага падполля. У горад былі пасланы сувязныя і ўпаўнаважаныя.

Работа па ўмацаванні падполля асабліва актывізавалася пасля лютаўскага Пленума ЦК КП(б)‌Б 1943 г., які з улікам накопленага вопыту даў дакладныя ўказанні аб арганізацыі падполля ў гарадах, метадах яго дзейнасці. ЦК КП(б)‌Б 29 верасня 1943 г. зацвердзіў прапанову Мінскага падпольнага абкама аб стварэнні Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, у які ўвайшлі С. К. Ляшчэня, Г. М. Машкоў, I. П. Паромчык (сакратары), С. А. Ваўпшасаў, М. М. Ізюмскі, I. М. Родзін, А. Д. Сакевіч (члены). Гаркам базіраваўся пры спецатрадзе «Мясцовыя».

Да канца 1943 г. сетка партыйнага падполля ахапіла ўвесь горад. Толькі з 25 лістапада 1943 г. да 10 студзеня 1944 г. было арганізавана 79 груп, якія аб’ядноўвалі 326 патрыётаў. Узмацнілася палітычная і дыверсійная работа. У адказ на праведзеную акупантамі ў красавіку 1943 г. карную аперацыю «Чароўная флейта» падпольшчыкі спалілі вулканізацыйную фабрыку, вывелі са строю абсталяванне на вагонарамонтным заводзе (двойчы), на дзвюх гарадскіх электрастанцыях, хлебазаводзе. Дыверсійныя групы чыгуначнага вузла толькі ў 2‑й палове 1943 г. зрабілі больш за 50 буйных дыверсій. У разгар Курскай бітвы яны затрымалі або пашкодзілі 155 паравозаў. Сумесна з партызанамі падпольшчыкі Мінска знішчылі Мінскае акруговае кіраўніцтва акупантаў, групу афіцэраў СД, главароў беларускіх нацыяналістаў Ф. Акінчыца, В. Іваноўскага, У. Казлоўскага. Падпольшчыца А. Р. Мазанік з удзелам М. П. Дразда, М. Б. Осіпавай і партызанкі-разведчыцы Н. В. Траян па прыгаворы беларускага народа знішчылі генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. М. Ф. Малаковіч і разведчыца партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі» Г. В. Фінская здабылі схемы дыслакацыі нямецкіх аэрадромаў, баз забеспячэння іх гаручым на ўсім цэнтральным участку фронту, звесткі аб сістэме радыёсувязі ў авіяцыі праціўніка. За 3 гады акупацыі падпольшчыкі Мінска ажыццявілі больш як 1 500 дыверсій, знішчылі тысячы гітлераўцаў і іх памагатых. Яны прынялі ўдзел у выратаванні ад знішчэння і ўгону савецкіх людзей у фашысцкую Германію. Усяго з горада і наваколляў да партызан было выведзена каля 10 тыс. сем’яў.

Асабліва ўзмацнілася ідэйна-палітычная работа мінскага падполля ў 1943 г., калі ў горад пачалі паступаць газеты і лістоўкі падпольных райкамаў КП(б)‌Б, газета «Минский большевик» (орган Мінскага падпольнага гаркама), а таксама газеты «Правда», «Известия», «Комсомольская правда», «Совецкая Беларусь» і іншыя, якія засылаліся з-за лініі фронту. Друкаваная і вусная партыйная прапаганда з’яўлялася вострай зброяй у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На пачатак 1944 г. Мінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б кіраваў дзейнасцю 120 падпольных арганізацый і груп. Пад непасрэдным кіраўніцтвам партыйнага падполля дзейнічала Мінскае камсамольска-маладзёжнае падполле.


Арганізацыя і групы на Мінскім чыгуначным вузле

Дзейнічалі з ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

Ініцыятарамі падпольнай барацьбы на чыгуначным вузле былі машыністы, рабочыя і майстры пуцявой і станцыйнай гаспадаркі, паравознага і вагоннага дэпо, інжынерна-тэхнічныя работнікі, у т. л. А. Д. Балашоў, Ф. К. Жывалёў, I. I. Івашчонак, А. I. Карсека, Ю. Ю. Крыжывец, Ф. С. Кузняцоў, В. С. Купрыянава, I. I. Матусевіч, К. А. Паўлечка, А. I. Плавінская, I. Г. Сцяпура, П. I. Чыркун, В. Д. Шацько, М. Ф. Шклярэўскі, I. В. Юховіч і іншыя.

Мемарыяльная дошка на доме па вуліцы Чкалава, дом 1б, дзе ў 1941–1942 гг. знаходзілася канспіратыўная кватэра падпольнай партыйнай арганізацыі Мінскага чыгуначнага вузла.

У ліпені — жніўні 1941 г. на чыгуначным вузле ўзніклі першыя падпольныя групы, якія аб’ядналіся затым у падпольную арганізацыю. Ядро яе склалі камуністы. Яны стварылі падпольную партыйную арганізацыю на чале з Ф. С. Кузняцовым (да вайны начальнік дэпо). Падпольная партыйная арганізацыя ахапіла сваім уплывам усе найважнейшыя службы чыгуначнага вузла (паравознае дэпо, пасажырскую і таварную станцыі, вадакачку і інш.) і стварала там дыверсійна-баявыя групы.

Са снежня 1941 г. барацьбу падпольшчыкаў-чыгуначнікаў узначаліў Мінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б. У 1941–1944 гг. пад яго кіраўніцтвам на чыгуначным вузле ў розны час дзейнічала каля 30 падпольных груп. Яны аб’ядноўвалі, па няпоўных даных, больш за 220 чалавек, чацвёртую частку якіх складалі камуністы і камсамольцы.

Падпольшчыкі збіралі зброю і боепрыпасы, ратавалі ваеннапалонных, наладжвалі сувязь з партызанамі, распаўсюджвалі сярод насельніцтва горада зводкі Саўінфармбюро і лістоўкі, дастаўлялі з Мінска ў Асіповічы, Баранавічы, Барысаў, Маладзечна, Оршу, Слуцк і іншыя гарады і населеныя пункты Беларусі падпольную газету «Звязда», іншыя выданні падпольнага гаркама КП(б)‌Б. Члены груп псавалі чыгуначнае абсталяванне і пуці, знішчалі рухомы састаў, дэзарганізоўвалі водазабеспячэнне, зрывалі графікі руху цягнікоў і рамонтныя работы, дапамагалі партызанам учыняць крушэнні варожых эшалонаў. У канцы 1941 г. машыніст Ю. Ю. Крыжывец, накіраваўшы паравоз у бок паваротнага круга, які знаходзіўся ў нерабочым стане, зваліў лакаматыў у катлаван. Тады ж падпольшчыкі на станцыі Мінск сапсавалі вугальны кран. У канцы снежня 1941 г., у разгар бітвы пад Масквой, група патрыётаў на чале з камуністам Ф. К. Жывалёвым вывела са строю 2 вадакачкі і воданапорную сетку чыгуначнага вузла ў радыусе да 3 км, паралізаваўшы больш як на 10 дзён рух варожых эшалонаў на фронт. У выніку гэтай дыверсіі замест 90–100 эшалонаў за суткі з Мінска адыходзіла 5–6.

З 1942 г. падпольшчыкі наносілі ўдары ў асноўным па паравозным і вагонным дэпо, пасажырскай і таварнай станцыях, чыгуначных пуцях, а таксама па саставах з ваеннымі грузами і жывой сілай праціўніка, што рухаліся праз Мінск.

Шэраг дыверсій ажыццявілі члены падпольнай групы В. Д. Шацько, якія атрымлівалі міны і ўзрыўчатку з партызанскага атрада імя А. В. Суворава партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» (гл. Партызанская брыгада «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага) Мінскай вобласці. У красавіку 1943 г. яны ўстанавілі міны на эшалон з бензінам, які ўзарваўся паміж станцыямі Талька і Вярэйцы на лініі Мінск — Асіповічы. Згарэла амаль палова саставу, рух цягнікоў быў перапынены на 18 гадзін. В. Д. Шацько і члены яго групы 21 мая 1943 г. замініравалі на станцыі Мінск эшалон з авіябомбамі. Выбух адбыўся на станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы, знішчаны ўвесь састаў, а таксама эшалон з гаручым, які стаяў побач, пашкоджаныя чыгуначнае палатно і будынкі. У той жа дзень група В. Д. Шацько падарвала яшчэ адзін састаў з гаручым.

У чэрвені 1943 г. падпольшчыкі групы А. А. Даўгалёва ўстанавілі міны на воінскі эшалон, які ішоў у бок фронту; узарваўся на станцыі Калодзішчы на лініі Мінск — Орша, знішчана 8 вагонаў са снарадамі.

У 2‑й палове 1943 г. на чыгуначным вузле было ўчынена больш за 50 буйных дыверсій, у выніку якіх узарваны і выведзены са строю дзясяткі паравозаў і сотні вагонаў, знішчана вялікая колькасць гаручага, ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў, амуніцыі, жывой сілы ворага. Толькі група З. З. Гало, якая мела сувязь з партызанскім атрадам імя А. В. Суворава, у канцы ліпеня — 1‑й палове верасня замініравала 6 эшалонаў. У дарозе ўзарвалася 20 цыстэрнаў з гаручым, знішчана шмат вагонаў з боепрыпасамі і вайсковай амуніцыяй, зенітная гармата.

Летам і восенню 1943 г. па некалькі эшалонаў і паравозаў падарвалі члены падпольных камсамольскіх груп Г. Д. Сасінай і У. I. Сянько.

У кастрычніку 1943 г. члены падпольнай групы «Удар» (кіраўнікі М. М. Афанасьеў і С. Э. Эрдман), якія атрымлівалі міны з партызанскага атрада «Сцяг» брыгады «Разгром» Мінскай вобласці, падарвалі на станцыі Мінск і за горадам 6 вагонаў з боепрыпасамі і 10 цыстэрнаў з бензінам, пашкодзілі 2 паравозы, 100 м чыгуначнага палатна.

П. П. Бачыла і К. М. Барысёнак 30 кастрычніка 1943 г. здзейснілі выбух у афіцэрскай сталовай на пасажырскім вакзале, у выніку якога было забіта больш за 20 гітлераўцаў, некалькі дзясяткаў паранена.

Падпольшчыкі на чале з П. Д. Баранавым знішчылі 6 цыстэрнаў з гаручым і 30 вагонаў.

У пачатку лістапада 1943 г. слесар паравознага дэпо С. Д. Казак замініраваў цыстэрну з гаручым. Выбух адбыўся каля станцыі Калодзішчы на лініі Мінск — Орша, згарэла сем 50‑тонных цыстэрнаў і 16 вагонаў з ваенным грузам.

Эфектыўнымі былі дыверсіі падпольшчыкаў, якія мелі сувязь з партызанскім атрадам «Мясцовыя». У выніку ў Мінску і яго ваколіцах выведзены са строю дзясяткі паравозаў, вагонаў, платформ з ваеннай тэхнікай, цыстэрнаў з гаручым і інш.

Каля 20 дыверсій учынена на чыгуначным вузле пры садзеянні партызанскай брыгады 3‑й Мінскай імя С. М. Будзённага; знішчана і пашкоджана 8 паравозаў, 23 вагоны, 5 цыстэрнаў.

Дыверсіі дапаўняліся масавым сабатажам чыгуначнікаў. На чале з падпольшчыкамі рабочыя і служачыя заблытвалі праязную дакументацыю, зрывалі графікі руху цягнікоў, дрэнна рамантавалі рухомы састаў, выводзілі са строю семафоры і стрэлкі, засыпалі пясок і металічныя стружкі ў буксы паравозаў і вагонаў, падпальвалі станцыйныя збудаванні і інш.

У выніку дыверсійных актаў у ліпені — жніўні 1943 г. у час баёў пад Курскам акупанты не атрымалі па графіку 155 паравозаў.

Шэраг аперацый падрыхтавалі і паспяхова правялі патрыёты чыгуначнага вузла ў 1944 г.

У пачатку студзеня яны ўзарвалі 2 цыстэрны, згарэла 50 т бензіну.

Т. Ф. Андрэеў 10 студзеня 1944 г. замініраваў на станцыі Мінск эшалон, які рыхтаваўся да адпраўкі, выбухам забіта і паранена 25 гітлераўцаў. Кіраўнік падпольнай групы машыніст I. Ц. Чарнуха прымацаванай да катла паравоза мінай на перагоне Рудзенск — Дрычын на лініі Мінск — Асіповічы пусціў пад адхон састаў з ваеннай тэхнікай. На станцыі Барысаў (лінія Мінск — Орша), куды ён прывёў пасажырскі цягнік, замініраваў паравоз стаячага побач эшалона, які выбухнуў у дарозе; пад адхон зляцелі 2 вагоны з жывой сілай і некалькі платформ з баявой тэхнікай праціўніка.

У пачатку мая 1944 г. каля станцыі Ратамка (лінія Мінск — Маладзечна) падпольшчыкі знішчылі аўтадрызіну, забіта 12 акупантаў. На перагоне Мінск — Стоўбцы (лінія Мінск — Баранавічы) яны 5 мая ўзарвалі 4 вагоны з нямецкімі афіцэрамі, забіта і паранена 87 фашыстаў. Падпольшчыкі 12 мая 1944 г. знішчылі 2 цыстэрны з бензінам, 15 мая 1944 г. — вагон з боепрыпасамі, 2 платформы з аўтамашынамі.

Важнай часткай баявой дзейнасці патрыётаў чыгуначнага вузла быў збор разведінфармацыі. Падпольныя групы на чале з Ю. М. Буры-Бурымскім, Д. I. Бязменам, А. А. Вадкоўскім, Г. М. Гамаліцкім, Б. А. Івашкевічам і іншымі вялі назіранне за перакідкай варожых войск і грузаў па ўсіх напрамках, выяўлялі пункты, месцы, час канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі, збіралі даныя аб дыслакацыі штабоў і часцей праціўніка. Усе гэтыя звесткі перапраўляліся партызанам і за лінію фронту.

Паспяхова вяла разведку група камуніста I. X. Пагодзіна (Маркава), якая прыцягнула да падпольнай работы нямецкага антыфашыста Г. Штрубэ (служыў начальнікам канцылярыі ў дырэкцыі імперскіх чыгунак «Мінск»).

Члены падпольнай арганізацыі «Артур» пад кіраўніцтвам М. П. Філановіча кругласутачна рэгістравалі рух варожых эшалонаў на фронт і назад, здабывалі звесткі аб проціпаветранай абароне чыгуначнага вузла, што садзейнічала паспяховаму правядзенню баявых аперацый пры наступленні Чырвонай арміі.

У чэрвені 1944 г. падпольшчыкі з мэтай аказання дапамогі савецкім войскам у Беларускай аперацыі 1944 г. актыўна ўдзельнічалі ў дэзарганізацыі варожых перавозак. Напярэдадні вызвалення горада падпольшчыкі і рабочыя ўступілі ў бой з варожымі дыверсантамі, якія спрабавалі знішчыць вакзал, і вялі яго да падыходу часцей Чырвонай арміі. Разам з савецкімі воінамі ўдзельнічалі ў размініраванні вакзала, абясшкодзілі 17 мін, вялікую колькасць узрыўчаткі.


Арганізацыя і групы на хлебазаводзе «Аўтамат»

Дзейнічалі з верасня 1941 г. да ліпеня 1944 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, Варашылаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінска (у маі — верасні 1942).

Аб’ядноўвалі ў розны час 65 чалавек, у т. л. 12 камуністаў і 27 камсамольцаў. Сакратар партыйнай арганізацыі М. П. Тужыкаў (май — снежань 1942). Кіраўнікі 7 падпольных груп: М. Ф. Хаткоўскі (верасень 1941 — май 1942), М. П. Шэлестаў (чэрвень 1942 — чэрвень 1943), А. I. Івашкевіч (ліпень 1943 — сакавік 1944), М. Н. Паўлаў (верасень 1941 — снежань 1942), Я. Ф. Раманава (снежань 1942 — сакавік 1944), А. П. Буйчыкаў (студзень 1943 — сакавік 1944), М. М. Зубко (верасень 1941 — снежань 1942), М. П. Тужыкаў (верасень 1941 — ліпень 1944), Л. П. Мамат (студзень — снежань 1942), А. Р. Фаловіч (снежань 1942 — кастрычнік 1943).

Групы пачалі стварацца ў верасні 1941 г. незалежна адна ад адной па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных. У ліку першых былі створаны групы камуністаў М. М. Зубко, М. П. Тужыкава, М. Ф. Хаткоўскага, беспартыйнага Л. П. Мамата, М. Н. Паўлава.

М. Ф. Хаткоўскі прыцягнуў да падпольнай работы загадчыка вытворчасцю хлебазавода А. І. Івашкевіча, брыгадзіра змены Д. С. Рачыцкага, бухгалтара М. П. Шэлестава, рабочых М. М. Саўчанку і Л. К. Рымер (Жараву).

У групу М. М. Зубко ўваходзілі Н. А. Грак (Лаўрусенка), Я. А. Зубко, Г. Тупіцкая, П. А. Тупіцкі, якія не працавалі на заводзе.

Пад кіраўніцтвам М. Н. Паўлава ў розны час дзейнічала 19 чалавек, у асноўным работнікі хлебазавода, студэнты, выпускнікі тэхнікума і інстытута фізкультуры Я. А. Грыгаровіч, М. В. Когут, Р. Г. Раманаў, Я. Ф. Раманава, К. Я. Хілько, I. Я. Шарко і інш.

Група М. П. Тужыкава аб’ядноўвала 6 чалавек, Л. П. Мамата — 5.

У пачатку мая 1942 г. па ініцыятыве падпольнага гаркама КП(б)‌Б на хлебазаводзе было створана кіруючае партыйнае ядро — падпольная партыйная арганізацыя. У яе састаў увайшлі М. А. Гардзееў, М. Б. Знак, М. М. Зубко, А. І. Івашкевіч, I. А. Мазанік, Л. П. Мамат, М. Н. Паўлаў. Сувязь з падпольным гаркамам М. П. Тужыкаў, М. Ф. Хаткоўскі і М. П. Шэлестаў («Лявончык») падтрымлівалі праз В. I. Сайчыка («Дзед», «Баця»), М. Н. Паўлаў і М. М. Зубко — праз Г. Ф. Шырко («Цёця Нюра»), М. А. Гардзееў і М. Б. Знак — праз Н. Я. Герасіменку і С. М. Гапоненку.

У сувязі з распачатымі восенню 1942 г. арыштамі ўдзельнікаў Мінскага партыйнага падполля М. А. Гардзееў, М. Б. Знак, М. М. Зубко, Л. П. Мамат, М. Н. Паўлаў і іншыя вымушаны былі пайсці да партызан. Падпольшчыкі, якія засталіся на хлебазаводзе, наладзілі сувязь з партызанскімі фарміраваннямі, што дзейнічалі ў ваколіцах Мінска, і выконвалі іх заданні.

У 1943–1944 гг. на хлебазаводзе працягвалі дзейнічаць падпольныя групы М. П. Тужыкава, А. І. Івашкевіча. На базе групы М. Н. Паўлава былі створаны 2 падпольныя групы — Я. Ф. Раманавай (16 чалавек) і А. П. Буйчыкава (4 чалавекі). Групу Л. П. Мамата ўзначаліў А. Р. Фаловіч.

Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод рабочых хлебазавода і насельніцтва Мінска зводкі Саўінфармбюро і агітацыйна-прапагандысцкую літаратуру, збіралі разведданыя аб праціўніку, перапраўлялі да партызан савецкіх грамадзян, у т. л. былых ваеннапалонных, ратавалі моладзь ад вывазу на катаржныя работы ў Германію, сабатавалі мерапрыемствы акупантаў, учынялі дыверсіі.

М. Н. Паўлаў наладзіў кантакт з работнікамі біржы працы У. Л. Серафімавым і А. П. Станкевічам, а таксама дырэктарам хлебазавода, з дапамогай якіх працаваць на завод прымаліся падпольшчыкі.

У верасні 1941 г. члены групы М. Н. Паўлава размножылі і распаўсюдзілі сярод рабочых прамову па радыё I. В. Сталіна ад 3 ліпеня 1941 г., пашкодзілі на былым стадыёне шмат падрыхтаваных да адпраўкі на фронт аўтамашын.

У кастрычніку 1941 г. П. I. Кобзеў («Юрык») вывеў са строю 2 электраматоры для выдзімання печаў, у снежні — эканамайзер, што сарвала выпечку хлеба.

Byгальнай мінай, зробленай М. М. Зубко, у снежні 1941 г. быў пашкоджаны паравоз, які падвозіў на хлебазавод торф. Па заданні М. Н. Паўлава падпольшчык М. В. Когут даставіў з партызанскай брыгады «Смерць фашызму» Мінскай вобласці магнітную міну і 20 кг узрыўчаткі і замініраваў комін, які 21 ліпеня 1943 г. у выніку выбуху быў моцна пашкоджаны. А. Р. Фаловіч і М. П. Курашэвіч сістэматычна выводзілі са строю аўтамашыны ў гаражы; А. Р. Фаловіч і М. С. Гарбачоў у кастрычніку 1943 г. узарвалі ў гэтым гаражы 5 машын, а на шостай спрабавалі выехаць да партызан. За горадам падпольшчыкі наскочылі на засаду, у перастрэлцы М. С. Гарбачоў быў забіты, паранены ў абедзве нагі А. Р. Фаловіч быў схоплены гітлераўцамі.

Я. Ф. Раманава і [Н. А.] Сопатава (Кароткая) магнітнымі мінамі, дастаўленымі з партызанскага атрада імя К. Я. Варашылава брыгады «Смерць фашызму», 19 снежня 1943 г. знішчылі 3 грузавікі і 300 бочак гаручага.

Падпольшчыкі хлебазавода дапамагалі збіраць разведданыя групе разведчыкаў С. К. Вішнеўскага, рэгулярна забяспечвалі партызан брыгад М. М. Нікіціна, «Смерць фашызму» зброяй, боепрыпасамі, адзеннем, медыкаментамі, бланкамі пропускаў, хлебам, мукой, соллю і іншымі прадуктамі. У лютым 1944 г. А. П. Буйчыкаў перадаў партызанам рататар (апарат для размнажэння лістовак), тапаграфічныя карты ваколіц Мінска.

Многія члены падполля на хлебазаводзе 22 сакавіка 1944 г. былі арыштаваны гітлераўцамі.


Арганізацыя на Грушаўскім пасёлку

Дзейнічала з верасня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б (з лістапада 1941), Сталінскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінска (з мая 1942).

Створана па ініцыятыве Н. Я. Герасіменкі. Аб’ядноўвала 16 чалавек. Кіраўнік С. М. Гапоненка. У арганізацыю ўваходзілі камуністы М. А. Гардзееў, М. Б. Знак, М. Е. Кобец, Л. Г. Мацюхіна, С. С. Рацькоў, Я. В. Сняжкоў, вакол якіх групаваліся беспартыйныя патрыёты Л. I. Бутылёва, Л. Я. Сняжкова і іншыя.

Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з Варашылаўскім падпольным райкамам КП(б)‌Б Мінска, падпольнымі групамі на хлебазаводзе «Аўтамат», мэблевай фабрыцы і інш. Па даручэнні падпольнага гаркама КП(б)‌Б члены арганізацыі ўдзельнічалі ў стварэнні партызанскага атрада М. М. Нікіціна (гл. у артыкуле Партызанская брыгада М. М. Нікіціна), збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перапраўлялі да партызан савецкіх грамадзян, у т. л. былых ваеннапалонных, а таксама адправілі з хлебазавода «Аўтамат» партызанам машыну з хлебам і перадалі радыёпрыёмнік.

Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і іншую агітацыйную літаратуру, сабатавалі мерапрыемствы акупантаў, рыхтавалі падпал лямцавай фабрыкі, аперацыю па вызваленні з мінскай турмы арыштаваных падпольшчыкаў.

Гітлераўцы 6 кастрычніка 1942 г. схапілі С. М. Гапоненку. Каб пазбегнуць арышту, да партызан пайшлі М. А. Гардзееў, М. Б. Знак, С. С. Рацькоў, Я. В. Сняжкоў, В. Ц. Сцяпанава (Касцян) і інш.


Арганізацыя на дрожджава-патачным заводзе «Чырвоная зара»

Дзейнічала з верасня 1941 г. да ліпеня 1944 г. пад кіраўніцтвам падпольных Заслаўскага, Рудзенскага, Смалявіцкага райкамаў, пазней і Слуцкага міжрайкама КП(б)‌Б Мінскай вобласці.

Узначальвала арганізацыю камуністка М. Р. Іваноўская.

Аб’ядноўвала 27 чалавек, 3 групы, якімі кіравалі камуністы Л. Д. Казючыц, беспартыйныя патрыёты П. Ф. Карпека, Б. I. Чырко. У састаў арганізацыі ўваходзілі камуністы М. Кудзелька, Я. М. Мілінкевіч, Ф. Нікіфарава, Л. А. Пархімовіч, П. Пілецкі, [Ф. М. Пшэчэнка] і інш.

У жніўні 1941 г. М. Р. Іваноўская па заданні аднаго з арганізатараў Мінскага партыйнага падполля Н. Я. Герасіменкі ўладкавалася на дрожджава-патачны завод з мэтай аб’яднання камуністаў і камсамольцаў, уцягнення патрыятычна настроеных рабочых у барацьбу з акупантамі. У ліку членаў падпольнай арганізацыі былі М. В. Кацько, П. П. Барысенка, В. I. Куракова, Э. I. Пархімовіч (Чырко), У. М. Герман, М. В. Пелюх, Е. С. Марозава і інш.

Падпольшчыкі праводзілі палітычную і прапагандысцкую работу сярод рабочых завода і насельніцтва, арганізоўвалі сабатаж і дыверсіі на заводзе, падбіралі рабочых і ваеннапалонных для адпраўкі ў партызанскія атрады, збіралі зброю, боепрыпасы і медыкаменты. Сабраныя зброя і медыкаменты захоўваліся на явачнай кватэры, якую трымалі Савінскія. З першых месяцаў акупацыі П. Ф. Карпека, Ф. Нікіфарава, Э. I. Пархімовіч, Я. Ф. Савіцкая прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі сярод рабочых завода зводкі Саўінфармбюро. У маі — чэрвені 1942 г. яны распаўсюдзілі больш за 30 экзэмпляраў 1‑га нумара газеты «Звязда». Падтрымлівалі сувязь з падполлем на хлебазаводзе «Аўтамат», з партызанскімі атрадамі імя Г. К. Жукава і імя М. В. Фрунзэ партызанскай брыгады «Штурмавая», атрадам «Мясцовыя», брыгадамі «За Савецкую Беларусь», імя Фрунзэ, якія дзейнічалі на тэрыторыі Мінскай вобласці. У маі 1942 г. М. В. Пелюх знішчыў цыстэрну сыравіны для вытворчасці дражджэй. Вясною 1943 г. П. Ф. Карпека і Б. І. Чырко адправілі ў атрад імя Г. К. Жукава групу рабочых, 2 аўтамашыны з медыкаментамі, зброяй і харчамі. У 1944 г. у брыгады «Штурмавая» і імя К. К. Ракасоўскага патрыёты перадалі схемы ўмацаванняў, якія ўзводзіў праціўнік вакол Мінска. У час баёў за вызваленне горада часцямі Чырвонай арміі падпольшчыкі збераглі ад знішчэння акупантамі абсталяванне свайго завода.


Арганізацыя на піўзаводзе «Беларусь»

Дзейнічала з верасня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, Варашылаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінска (у маі — верасні 1942).

Створана па ініцыятыве рабочых завода. Аб’ядноўвала 16 чалавек. Сакратар падпольнай партыйнай арганізацыі Н. Р. Зікуненка. Вакол партыйнай арганізацыі, у якую ўваходзілі камуністы I. К. Брылеўскі, К. I. Будай, С. I. Васілеўскі, С. В. Малажаеў, А. А. Папкоўскі, В. П. Сіневіч, К. Ц. Тоўсцік, Л. М. Чаргановіч, групаваліся камсамольцы У. К. Будай і М. В. Сіневіч, беспартыйныя М. П. Будай, М. Р. Дарасевіч, Ю. I. Сіневіч, Н. Ц. Цвяткова і П. М. Цвяткоў.

Падпольшчыкі вялі арганізатарскую і палітычную работу сярод рабочых завода, распаўсюджвалі сярод іх зводкі Саўінфармбюро, антыфашысцкія лістоўкі, збіралі і перапраўлялі партызанам зброю і боепрыпасы. Сям’я Сіневічаў і Л. М. Чаргановіч перапісвалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, падпольную газету «Звязда».

Работнікі сталовай завода К. I. Будай і А. А. Папкоўскі забяспечвалі падпольшчыкаў прадуктамі, харчовымі карткамі, у сталовай пад выглядам рабочых харчаваліся многія падпольшчыкі і партызанскія сувязныя.

І. К. Брылеўскі арганізаваў збор медыкаментаў, С. І. Васілеўскі і С. В. Малажаеў — адзення, М. Р. Дарасевіч — дастаўку зброі і боепрыпасаў партызанам.

Кватэры Цвятковых і Сіневічаў былі канспіратыўна-явачнымі. Тут сустракаліся і праводзілі нарады члены падпольнага гаркама, сакратар Варашылаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б г. Мінска М. А. Шугаеў, падпольшчыкі; захоўваліся бланкі нямецкіх пропускаў, службовых пасведчанняў і іншыя дакументы.


Арганізацыя на станкабудаўнічым заводзе імя К. Я. Варашылава (сучасная назва — Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі)

Дзейнічала з кастрычніка 1941 г. да ліпеня 1944 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б і Сталінскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінска (у маі — верасні 1942).

Створана па ініцыятыве камуністаў I. Г. Матусевіча і А. М. Драгуна, беспартыйных патрыётаў П. I. Гавіновіча, Б. I. Петрашкевіча, П. С. Алейчыка, В. Ф. Дзярыба, [Б. С.] Дуброўскай (магчыма, Дуброўская Вольга Самуілаўна).

Аб’ядноўвала 46 чалавек (у асноўным рабочых і ваеннапалонных, што працавалі на заводзе) у складзе трох падпольных груп, якія ўзначальвалі І. Г. Матусевіч, В. Ф. Дзярыба, [Б. С.] Дуброўская.

Падпольшчыкі мелі 8 канспіратыўных кватэр, падтрымлівалі сувязь з партызанскімі брыгадамі 200‑й імя К. К. Ракасоўскага, 1‑й Мінскай, імя газеты «Правда», «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага Мінскай вобласці, імя М. В. Фрунзэ Вілейскай вобласці.

Патрыёты выводзілі са строю абсталяванне, інструменты і ваенную тэхніку акупантаў на заводзе, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро сярод рабочых, ваеннапалонных і насельніцтва горада, дзяліліся з ваеннапалоннымі прадуктамі харчавання і вопраткай, дапамагалі ім уцякаць у партызанскія атрады.

Баявая дзейнасць падполля актывізавалася з ліпеня 1942 г., калі акупанты арганізавалі на заводзе рамонт танкаў і самаходных гармат. Патрыёты рабілі ўсё магчымае, каб зрываць тэрмін рамонту, праводзіць яго няякасна. І. Г. Матусевіч і П. І. Гавіновіч восенню 1942 г. падпалілі аддзяленне мыцця матораў, у выніку згарэла 10 танкавых матораў і 10 каробак перадач; у пачатку 1943 г. вывелі са строю каларыфер, які сілкаваў цяплом цэхі завода.

Падпольшчыкі перадавалі партызанам знойдзеныя на заводзе ў падбітых танках зброю, боепрыпасы і медыкаменты. Атраду імя А. В. Суворава брыгады «Народныя мсціўцы» члены групы адправілі знятыя з танкаў 2 кулямёты. Інжынер К. А. Вестфаль, перакладчыца В. В. Кахонская, рабочыя Н. К. Хабенка і А. Грыгор’еў летам 1943 г. здабылі і перадалі партызанам тэхнічныя і баявыя характарыстыкі танкаў «Пантэра» і «Тыгр». З мая 1944 г., калі акупанты прыступілі да дэмантажу абсталявання на заводзе, ім удалося адправіць у Германію ўсяго некалькі станкоў: І. Г. Матусевіч, П. І. Гавіновіч і іншыя псавалі іх, хавалі каштоўныя вузлы і дэталі.

У лістападзе — снежні 1943 г. і ў лютым — маі 1944 г. гітлераўцы арыштавалі большасць падпольшчыкаў. Больш за 20 членаў падпольнай арганізацыі завода пасля арышту былі вывезены гітлераўцамі ў канцэнтрацыйныя лагеры.


Арганізацыя на фабрыцы імя Н. К. Крупскай і ў пас. Малая Серабранка Мінскага раён

Дзейнічала з лютага 1942 г. да ліпеня 1944 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

Аб’ядноўвала 21 чалавека. Узначальвалі арганізацыю камуніст М. П. Ананьін, С. К. Лапцэвіч (з мая 1943). Яе ядром з’яўляліся рабочыя і інжынерна-тэхнічныя работнікі фабрыкі В. П. Герасімовіч, Я. Я. Іваноўскі, В. I. Казакоў, С. А. Лагуновіч, М. I. Лісаковіч, Н. Д. Любезная і М. П. Любезны, А. М. Улашчык, А. Ф. Хоміч і В. В. Хоміч, М. С. Ярашэвіч і інш.

Маючы 2 радыёпрыёмнікі на кватэрах М. А. Няхаева і Любезных, падпольшчыкі запісвалі зводкі Саўінфармбюро, размнажалі і распаўсюджвалі іх сярод рабочых фабрыкі, завода «Бальшавік», насельніцтва горада. Яны зрывалі мерапрыемствы фашысцкай адміністрацыі, псавалі электраабсталяванне, станкі, швейныя машыны, парашуты і іншую прадукцыю фабрыкі, выносілі з прадпрыемства скуры, аўчыны, цёплыя рэчы.

Падпольшчыкі пераправілі партызанам атрада імя К. Я. Варашылава 3‑й Мінскай брыгады імя С. М. Будзённага, брыгады «Буравеснік», атрада імя М. І. Калініна больш за 100 кажухоў, столькі ж футравых безрукавак, некалькі соцень аўчын, шапак, рукавіц, 13 швейных машын, вялікую колькасць медыкаментаў і перавязачнага матэрыялу. Збіралі зброю і боепрыпасы, перадалі партызанам 5 кулямётаў, каля 50 вінтовак, некалькі дзясяткаў гранат і тысячы патронаў.

Рыхтавалі папаўненне для партызанскіх атрадаў, куды пераправілі 30 чалавек з ліку савецкіх ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва.

Выратавалі ад вывазу ў гітлераўскую Германію каля 100 юнакоў і дзяўчат, якія пражывалі галоўным чынам у пас. Малая Серабранка.

Па заданні партызанскага камандавання праводзілі разведвальную работу і збіралі звесткі аб прамысловых і ваенных аб’ектах праціўніка ў Мінску і яго ваколіцах, умацаваных пунктах на чыгуначных і шашэйных дарогах Мінск — Барысаў, Мінск — Баранавічы.

Ажыццявілі шэраг дыверсій, у т. л. узарвалі плаціну на р. Свіслач.


Арганізацыя на цагельных заводах

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. пад кіраўніцтвам Кастрычніцкага падпольнага райкама (у маі — верасні 1942) і Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

Створана па ініцыятыве камуністаў М. К. Каржанеўскага і М. I. Зехава.

Аб’ядноўвала 16 чалавек, у асноўным рабочых і служачых заводаў. Кіраўнікі Р. Ф. Валынец (на заводах № 1 і 4), М. І. Зехаў (№ 2 і 3).

Мела сувязь з партызанскімі атрадамі «За Айчыну» брыгады «Штурмавая», «Мсцівец», імя Р. I. Катоўскага, імя П. К. Панамарэнкі брыгады «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, спецатрадам «Мясцовыя» Мінскай вобласці і асобным атрадам П. А. Алыбіна Баранавіцкай вобласці, рэгулярна забяспечвала іх разведданымі.

Са жніўня 1941 г. узаемадзейнічала з падполлем на плодаагароднінных базах № 1 і 2.

Падпольшчыкі ўстанавілі ў падвале воданапорнай вежы завода № 1 радыёпрыёмнік, прымалі зводкі Саўінфармбюро, перапісвалі і распаўсюджвалі іх, а таксама лістоўкі з пераказам выступлення I. В. Сталіна 3 ліпеня 1941 г. сярод рабочых і ваеннапалонных.

З кастрычніка 1941 г. праводзілі дыверсіі на заводах: псавалі прэсы, печы, сушыльныя агрэгаты, што рэзка знізіла выпуск цэглы, учынілі выбух у казармах фашысцкіх салдат.

Арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з заводскіх лагераў, забяспечвалі іх адзеннем, абуткам і дакументамі, выводзілі да партызан.

Пры садзеянні падпольшчыкаў плодаагароднінных баз № 1 і 2 дастаўлялі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, соль.

П. А. Шастакоў, працуючы ўрачом і карыстаючыся магчымасцю наведваць іншыя заводы, каардынаваў дзейнасць падпольшчыкаў; бываючы ў прыгарадных вёсках Калядзічы і Сенніца, лячыў параненых чырвонаармейцаў, партызан і насельніцтва, распаўсюджваў лістоўкі.


Арганізацыя I. С. Руткоўскага

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да чэрвеня 1943 г. у Грушаўскім пасёлку, на мэблевай і тытунёвай фабрыках пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б (да верасня 1942). Створана па ініцыятыве I. П. Казака.

Аб’ядноўвала 23 чалавекі, у т. л. 6 камуністаў. Кіраўнік I. С. Руткоўскі.

Члены арганізацыі падтрымлівалі сувязь з партызанскімі брыгадамі «Жалязняк», «Народныя мсціўцы» Мінскай вобласці і іншымі, удзельнічалі ў стварэнні 620‑га партызанскага атрада (пазней імя I. П. Кузняцова партызанскай брыгады імя В. П. Чкалава), для якога падпольшчыкі І. С. Руткоўскі, С. П. Крук, Г. В. Крук, В. Д. Сантоцкая, Л. Ф. Карака, А. У. Лугоўскі рыхтавалі базу, збіралі зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты. М. I. Спірын, М. Я. Мыснік, І. С. Руткоўскі і іншыя вывелі ў гэты атрад больш за 60 былых ваеннапалонных. А. Г. Жалабковіч, К. Ф. Цышкевіч, І. С. Руткоўскі забяспечвалі партызан махоркай і тытунём, Г. М. Гарбанёў, М. Квач, М. Я. Мыснік — медыкаментамі.

Зімой 1941–1942 гг. [А.] Жарыкаў, М. І. Спірын, I. М. Стральцоў, I. Б. Шылаў, Андрэй (прозвішча не ўстаноўлена) замарозілі абагравальную сістэму, спалілі лазню, знішчылі запасы агародніны на складзе нямецкага шпіталя.

Па заданні М. I. Талкачова, Л. Ф. Карака і Я. Р. Зубчонак вялі работу па разлажэнні варожых фарміраванняў. Толькі ў лютым 1943 г. з дапамогай А. Г. Жалабковіча і Ф. М. Малахава да партызан было выведзена больш як 40 былых паліцэйскіх са зброяй.

Члены арганізацыі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, газету «Звязда», здабывалі шрыфт. Да чэрвеня 1943 г. большасць падпольшчыкаў, каб пазбегнуць правалу, пайшла да партызан. Г. В. Крук, С. П. Крук, А. М. Кобак (Кабак), Я. М. Стульба і К. Ф. Цышкевіч засталіся ў горадзе і сталі сувязнымі партызан, іх кватэры былі канспіратыўнымі.


Ваенны савет партызанскага руху (ВСПР)

Дзейнічаў з верасня 1941 г. да сакавіка 1942 г. у Мінску, са снежня ў цесным кантакце з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)‌Б.

Аб’ядноўваў да пачатку 1942 г. больш за 300 чалавек, каля 60 % з іх — камуністы і камсамольцы.

У ВСПР уваходзілі савецкія ваеннаслужачыя, якія не выйшлі з акружэння або ўцяклі з палону, мясцовыя патрыёты. Сярод членаў арганізацыі былі камандзіры Чырвонай арміі: К. А. Арцюшын, А. П. Бялоў, С. Ф. Гарнастаеў, В. Ф. Голіцаў, У. М. Дружынін, М. I. Іваноў, Г. А. Ігнатовіч, I. К. Кабушкін, Д. I. Копанеў, Ц. Ф. Кудзінаў, П. I. Ларын, С. Г. Макаранка, Л. В. Мантурэвіч, А. С. Марозаў, У. I. Нічыпаровіч, А. Ф. Сакалоў, І. Д. Сёмін, С. С. Скоблікаў, Р. I. Сомік, Я. У. Чумакоў, В. I. Яськоў; палітработнікі: В. М. Бачароў, М. Н. Бурцаў, Б. Р. Бывалы, С. В. Дубянцоў, I. Р. Іваноў, А. П. Макаранка, А. В. Чарненка і іншыя; пагранічнікі і супрацоўнікі савецкіх органаў унутраных спраў: В. М. Айрапетаў, Г. В. Глухаў, М. П. Іваноў, А. В. Нікіцін і інш. Савецкія патрыёты з мясцовага насельніцтва: Г. А. Адамовіч, I. А. Адамовіч, У. I. Адынец, П. С. Алейчык, А. А. Арндт, А. Ф. Арндт, Л. С. Бараноўскі, Р. М. Бромберг, Г. І. Бушмакін. М. П. Герасімовіч, Л. Ф. Густарнік, Л. Д. Драгун-Пастрэвіч, В. А. Салаўянчык, Г. В. Фінская і інш.

Кіравала ВСПР ваенная тройка: старшыня, яго намеснік і начальнік штаба. Штаб меў 10 аддзелаў: аператыўны (начальнік М. I. Іваноў), агітацыі і прапаганды (М. I. Талкачоў), інфармацыі (Я. К. Гарыца), разведвальны (М. М. Нікіцін), гаспадарчы (П. П. Суравягін), фінансавы (А. М. Чыжык), кадраў (М. Южакоў), загадаў (I. М. Вярбіцкі), санітарны (Ягорскі) і сувязі.

Галоўнай задачай арганізацыі з’яўлялася стварэнне партызанскіх атрадаў у ваколіцах Мінска, забеспячэнне іх зброяй, умацаванне каманднымі кадрамі, каардынацыя баявых дзеянняў.

З удзелам ВСПР былі ўтвораны партызанскія атрады «Бальшавік», «Штурм», імя I. В. Сталіна, імя С. М. Будзённага, імя В. I. Чапаева, «Мсцівец», 208‑ы імя I. В. Сталіна, атрады капітана М. М. Нікіціна і інш. ВСПР устанавіў сувязь з партызанскімі атрадамі, якія дзейнічалі ў Лагойскім, Заслаўскім, Дзяржынскім, Плешчаніцкім, Рудзенскім раёнах Мінскай вобласці, накіроўваў туды камандзіраў і палітработнікаў. Члены арганізацыі валодалі ваеннымі ведамі і вопытам, таму многія занялі ў партызанскіх фарміраваннях камандныя пасады. Толькі па загадзе ВСПР ад 14 кастрычніка 1941 г. на іх былі прызначаны 16 чалавек з ліку ваеннаслужачых Чырвонай арміі.

ВСПР неаднойчы накіроўваў партызанам папаўненне. У атрад «Мсцівец», які дзейнічаў у Лагойскім і Плешчаніцкім раёнах, паслана некалькі груп па 10–15 чалавек, у лютым 1942 г. накіравана больш як 20 байцоў і камандзіраў, у т. л. маёр Я. У. Чумакоў, старшыя лейтэнанты А. Ф. Сакалоў, А. С. Марозаў і інш. У атрады капітана А. Д. Сяргеева і сакратара Рудзенскага падпольнага райкама КП(б)‌Б М. П. Пакроўскага, якія дзейнічалі на тэрыторыі сучасных Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў Мінскай вобласці, у канцы 1941 г. адпраўлена вялікая група папаўнення, у якой былі старшы палітрук (палітычны кіраўнік) М. Н. Бурцаў; батальённы камісар Б. Р. Бывалы; палкоўнікі У. І. Нічыпаровіч і В. М. Айрапетаў; маёры Ц. Ф. Кудзінаў, У. М. Дружынін, І. З. Рабышаў; капітаны К. А. Арцюшын і В. Н. Бурцаў. Абодва атрады 31 снежня 1941 г. аб’ядналіся ў моцны атрад № 208 пад камандаваннем палкоўніка У. І. Нічыпаровіча.

ВСПР вёў работу па вызваленні ваеннапалонных, забеспячэнні іх дакументамі, адзеннем; збіраў зброю, боепрыпасы і інш. Толькі ў 1‑й палове лютага 1942 г. разам з падпольным гаркамам КП(б)‌Б ён перадаў партызанскаму атраду № 208 скрынку ручных гранат, пішучую машынку, паперу для пісьма і капіравання, лістоўкі, шмат цёплай вопраткі.

Л. Д. Драгун-Пастрэвіч, В. А. Салаўянчык і іншыя забяспечвалі падпольшчыкаў дакументамі, прапіскай. Яны здабылі для ваеннапалонных больш за 200 бланкаў пашпартоў. Л. Д. Драгун-Пастрэвіч праз супрацоўніка гідраметцэнтра А. Зайцава атрымала 100 тапаграфічных карт абласцей Беларусі і планы Мінска з нанесенымі на іх ваеннымі аб’ектамі і перадала іх у атрад № 208.

Вялікую работу правёў ВСПР па падрыхтоўцы ўзброенага выступлення ваеннапалонных у лагерах горада, якое не адбылося з-за правалу. На тэрыторыі лагераў была схавана зброя. Прызначанае на 4 студзеня 1942 г. выступленне павінны былі падтрымаць падпольшчыкі Мінска і партызанскія атрады, якія дзейнічалі вакол горада.

Канспіратыўныя кватэры ВСПР трымалі I. А. Адамовіч, П. С. Алейчык, У. І. Адынец, Г. I. Бушмакін, М. П. Герасімовіч, Л. Д. Драгун-Пастрэвіч, В. Ізох, А. Г. Нікіфарава, [А. А.] Парнікель, [З. Д.] Рыбакоў, В. А. Салаўянчык, В. К. Смірнова, I. I. Фамлюк, А. I. Яцэвіч. На кватэры Ф. Д. Шэлепеня (вуліца Надзеждзінская, 18) размяшчалася друкарня ВСПР, дзе друкаваліся лістоўкі і перыядычны лісток «Вестник Родины».

Аднак былі дапушчаны сур’ёзныя парушэнні канспірацыі ВСПР (выдача пісьмовых распараджэнняў, дзяжурствы ў штабе). Многія члены арганізацыі ведалі адзін аднаго, клічкі, паролі. Варожая контрразведка пранікла ў ВСПР і да канца сакавіка 1942 г. раскрыла арганізацыю. Многія яе актыўныя члены былі арыштаваны гітлераўцамі і 7 мая 1942 г. пакараны смерцю. Патрыёты, якія пазбеглі арышту, працягвалі барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у саставе іншых падпольных арганізацый і груп Мінска або ў радах партызан.


Група «Вера»

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да лістапада 1943 г.

Арганізатар і кіраўнік — камуніст А. Ф. Апацкі (былы загадчык гаспадаркі Мінскай гapадской АТС).

Аб’ядноўвала 8 чалавек.

Падпольшчыкі хавалі на сваіх кватэрах параненых чырвонаармейцаў, уладкоўвалі іх на лячэнне ў 2‑ю савецкую бальніцу, забяспечвалі неабходнымі дакументамі і перапраўлялі да партызан.

Па радыёпрыёмніку прымалі зводкі Саўінфармбюро, перапісвалі і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва.

Здабывалі ў гарадской управе, на біржы працы і прадпрыемствах горада нямецкія пропускі, харчовыя карткі, разведданыя аб праціўніку і перадавалі ў партызанскі атрад «Мсцівец». У пачатку 1942 г. члены групы пераправілі партызанам 2 скрынкі патронаў, 13 вінтовак, 9 аўтаматаў, гранаты, ваенныя карты, компасы і інш.


Група М. П. Зайцава

Дзейнічала з верасня 1941 г. да студзеня 1944 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

Аб’ядноўвала 16 чалавек. Арганізатар і кіраўнік удзельнік грамадзянскай вайны камуніст М. П. Зайцаў (былы галоўны ўрач гарадской ветлячэбніцы).

Падпольшчыкі М. П. Зайцаў, I. П. Бондараў, Т. С. Мазалеўская, М. Н. Пенкрат, Д. I. Стрэчань і I. I. Стрэчань, А. С. Хацько збіралі зброю, боепрыпасы, адзенне, прадукты, вызвалялі савецкіх ваеннапалонных з лагераў і выводзілі іх з горада.

У канцы верасня 1941 г. з дапамогай падпольшчыц М. Ф. Даўгаланцьевай і Н. I. Стрэчань М. П. Зайцаў наладзіў сувязь з удзельнікамі Ваеннага савета партызанскага руху I. К. Кабушкіным і В. I. Сайчыкам, цераз іх — з групай, пазней з партызанскім атрадам палкоўніка У. I. Нічыпаровіча (гл. у артыкуле Партызанскі полк 208‑ы імя I. В. Сталіна).

Група мела кантакт з дзеючымі ў горадзе падпольнымі групамі А. Я. Ядрэўскага, I. I. Яцэвіча (Яцкевіча), Самахвалавіцкай падпольнай групай, якія забяспечвалі сувязь з партызанскімі брыгадамі «Дзядькі Колі», 3‑й Мінскай імя С. М. Будзённага, «Штурмавая» Мінскай вобласці.

Падпольшчыкі перапраўлялі партызанам вывезеныя М. П. Зайцавым з ветэрынарнай аптэкі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы, збіралі разведданыя аб праціўніку. Па радыёпрыёмніку, устаноўленым на кватэры М. Н. Пенкрата, прымалі зводкі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі іх разам з выданнямі падпольнага гаркама сярод насельніцтва.


Група В. З. Клімука

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1943 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б у інфекцыйнай бальніцы Мінска.

Аб’ядноўвала 16 чалавек, у т. л. 5 камуністаў і 3 камсамольцаў. Арганізатар і кіраўнік — камуніст В. З. Клімук («Бедны»). Падпольшчыкі наладзілі сувязь з партызанскімі брыгадамі «Дзядзькі Колі», «Штурмавая» Мінскай вобласці, спецатрадам Цэнтральнага і Беларускага штабоў партызанскага руху пад камандаваннем С. I. Казанцава.

Месцам яўкі падпольшчыкаў і партызан з’яўлялася кватэра В. З. Клімука, дзе быў устаноўлены радыёпрыёмнік і прымаліся зводкі Саўінфармбюро.

Члены групы распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, падпольную газету «Звязда». В. З. Клімук і Б. С. Чэрнікаў далучалі савецкіх грамадзян да падпольнай барацьбы, уладкоўвалі іх на працу ў розныя арганізацыі і на прадпрыемствы горада, забяспечвалі падпольшчыкаў пашпартамі, пропусками і іншымі дакументамі.

П. I. Шэнец (шафёр бальніцы) па заданні В. З. Клімука вывез у партызанскую брыгаду «Штурмавая» бормашыну, здабытую ў 3‑й бальніцы, медыкаменты, хірургічны інструмент, якія В. З. Клімук атрымліваў ад В. У. Міцьковай (загадчыца аптэкі бальніцы). В. У. Міцькова ў аптэцы захоўвала лістоўкі, бланкі пашпартоў.

У кастрычніку 1943 г. пры падрыхтоўцы выбуху вадапомпавай станцыі ў пас. Навінкі Мінскага раёна Б. I. Грынкевіч, М. А. Гуд, В. З. Клімук, I. М. Сіткевіч схоплены гітлераўцамі і павешаны.


Група I. X. Маркава (Пагодзіна)

Дзейнічала пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б і Лагойскага падпольнага райкама КП(б)‌Б з лістапада 1941 г. да красавіка 1944 г. на Мінскім чыгуначным вузле, заводах імя К. Я. Варашылава, імя А. Ф. Мяснікова, «Бальшавік», ЦЭЦ‑2, у 1‑й клінічнай і чыгуначнай бальніцах, на аэрадроме і іншых аб’ектах горада.

У склад групы ўваходзіла каля 30 чалавек, у т. л. А. I. Загорская і [А. С. Загорскі], З. Д. Ільюшкіна, А. В. Каранькова і А. М. Каранькова, В. X. Маркава і Т. X. Маркава, М. С. Махнач, А. М. Пазнякова, I. I. Працкевіч, А. С. Саковіч, А. I. Салаўёў, Л. С. Суравіцкая і інш. Кіраўнікі — I. X. Маркаў (да снежня 1943 г.), В. I. Дашкевіч. Канспіратыўныя кватэры трымалі А. В. Каранькова і З. А. Каранькова, С. I. Данілеўскі і Я. I. Данілеўскі, А. I. Загорская, М. С. Махнач і інш.

Падпольшчыкі галоўным чынам вялі разведку руху варожых эшалонаў праз Мінск і абарончых умацаванняў вакол горада. Асабліва выніковай стала іх дзейнасць з канца 1942 г., калі была ўстаноўлена сувязь з нямецкім антыфашыстам Г. Штрубэ, які працаваў начальнікам канцылярыі дырэкцыі чыгункі «Мінск». Г. Штрубэ дастаўляў на адну з канспіратыўных кватэр справаздачы аб руху воінскіх эшалонаў, колькасці гітлераўцаў, якіх везлі на фронт, баявой тэхнікі, гаручага, новых зенітных устаноўках у раёнах вакзала, раскватараванні ў Мінску і ваколіцах нямецкіх вайсковых часцей. У іх таксама была аператыўная інфармацыя аб дыверсіях партызан, савецкіх патрыётаў на падведамасных дырэкцыі чыгуначных магістралях, іншых чыгунках Беларусі. Падпольшчыкі З. А. Андрыянава і З. А. Каранькова перакладалі на рускую мову атрыманыя ад Г. Штрубэ разведданыя і праз В. X. Маркаву перадавалі кіраўніку групы I. X. Маркаву, які перапраўляў іх Лагойскаму падпольнаму райкаму КП(б)‌Б. На працягу 1942–1943 гг. у райкам партыі паступіла ад групы больш за 100 разведзводак, якія мелі 320 данясенняў і паведамленняў. Многія з іх былі перададзены па радыёсувязі за лінію фронту.

Падпольшчыкі наносілі праціўніку і матэрыяльныя страты. Восенню 1943 г. А. М. Пазнякова і М. М. Пазняк вывелі са строю 9 ваенных аўтамашын у прыгараднай вёсцы Пятроўшчына, пазней падпалілі гараж і майстэрню, у выніку згарэла яшчэ 6 аўтамашын, 2 прычэпы, шмат розных інструментаў. У 1942–1943 гг. I. I. Працкевіч і М. Р. Пазняк знішчылі 150 т зерня, прызначанага для адпраўкі ў Германію.


Група на вагонарамонтным заводзе імя А. Ф. Мяснікова

Дзейнічала з верасня 1941 г. да верасня 1943 г.

Арганізатар і кіраўнік Г. М. Красніцкі. У ліку першых у групу ўвайшлі рабочыя I. А. Віславух, В. С. Глінскі, Г. I. Глінская-Кірачак, Г. М. Падабед. Да канца 1942 г. аб’ядноўвала 10 чалавек, у т. л. трох камуністаў, двух камсамольцаў, 5 беспартыйных патрыётаў. У барацьбу супраць акупантаў уключыліся інжынер Б. П. Велімовіч, рабочыя Б. А. Манькоўскі, С. С. Пісарчык, Л. П. Сумарава і інш.

Група мела некалькі канспіратыўных кватэр. На адной з іх быў устаноўлены радыёпрыёмнік. Падпольшчыкі прымалі, размнажалі і распаўсюджвалі сярод рабочых завода і насельніцтва бліжэйшых вуліц зводкі Саўінфармбюро.

Члены групы разам з іншымі рабочымі зрывалі мерапрыемствы акупацыйнай адміністрацыі завода, выраблялі дэфектыўныя і псавалі гатовыя дэталі і інструменты, парушалі тэхналогію зборкі вузлоў і агрэгатаў.

У верасні 1942 г. падпольшчыкі наладзілі сувязь з партызанскім атрадам «Мясцовыя», па заданні якога збіралі разведданыя аб ваенным гарнізоне і рухомым саставе праціўніка ў Мінску, учынялі дыверсіі. Камандаванне атрада разам з кіраўніком групы распрацавала аперацыю па падрыве каштоўных станкоў на заводзе, якую 1 ліпеня 1943 г. правялі І. А. Віславух, В. С. Глінскі, Г. М. Красніцкі і Г. М. Падабед. Магутным выбухам былі выведзены са строю 3 станкі і іншае абсталяванне, пашкоджана памяшканне калёснага цэха. 16 верасня 1943 г. Б. А. Манькоўскі падлажыў міну ў паравы кацёл 2‑й кацельні завода і больш як на месяц вывеў яго са строю. Пасля гэтых дыверсій большасць членаў падпольнай групы пайшла ў партызанскі атрад «Мясцовыя». Гл. таксама інфармацыю пра групы на вагонарамонтным заводзе імя А. Ф. Мяснікова ў артыкуле Мінскае камсамольска-маладзёжнае падполле.


Група на мэблевай фабрыцы

Дзейнічала з лістапада 1941 г. да мая 1943 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, Варашылаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінска (у маі — верасні 1942).

Створана па ініцыятыве Л. Я. Адзінцова і К. IХмялеўскага. Аб’ядноўвала 5 чалавек. Кіраўнік камуніст I. I. Драздоўскі.

Падпольшчыкі мелі сувязь з камандаваннем партызанскай брыгады 18‑й імя М. В. Фрунзэ Баранавіцкай вобласці.

Члены групы распаўсюджвалі сярод рабочых фабрыкі і насельніцтва горада зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, газеты, здабывалі і перапраўлялі партызанам зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты, прадукты. А. I. Івінскі, М. А. Самадахаў, I. Ц. Чурсін падбіралі людзей для адпраўкі да партызан, І. І. Драздоўскі і кіраўнік падпольнай групы настаўнікаў В. П. Александроўская забяспечвалі іх адзеннем, дакументамі і перапраўлялі ў партызанскія атрады. Усяго падпольшчыкі вывелі з горада больш за 40 савецкіх грамадзян. Па ініцыятыве І. І. Драздоўскага была створана падпольная група на складзе бухгалтарскіх бланкаў.


Група на складзе бухгалтарскіх бланкаў

Дзейнічала з лістапада 1941 г. да студзеня 1944 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

Створана па ініцыятыве камуніста I. I. Драздоўскага.

Аб’ядноўвала 5 чалавек. Кіраўнік камуніст П. К. Кобля (бухгалтар склада).

З 1942 г. падпольшчыкі М. I. Гладкі, П. К. Кобля, С. А. Хвяжэнка падтрымлівалі сувязь з партызанскімі брыгадамі «Штурмавой» Мінскай вобласці, 18‑й імя М. В. Фрунзэ Баранавіцкай вобласці, Лагойскім падпольным райкамам КП(б)‌Б.

Члены групы праз кіраўніка падпольнай групы настаўнікаў В. П. Александроўскую перапраўлялі партызанам зброю, медыкаменты, адзенне, пісчую і капіравальную паперу, сабраныя ў фонд абароны грошы.

У студзені 1944 г. Н. С. Кобля і П. К. Кобля арыштаваны і вывезены на катаржныя работы ў Германію.


Група настаўнікаў

Дзейнічала з лістапада 1942 г. да ліпеня 1944 г. пад кіраўніцтвам камандавання партызанскай брыгады 18‑й імя М. В. Фрунзэ Баранавіцкай вобласці.

Аб’ядноўвала 11 чалавек, у асноўным настаўнікаў і вучняў 46‑й Мінскай школы. Кіраўнік настаўніца В. П. Александроўская.

Падпольшчыкі здабывалі разведданыя аб праціўніку, перапраўлялі да партызан савецкіх грамадзян, у т. л. былых ваеннапалонных, а таксама зброю, боепрыпасы, адзенне, прадукты, паперу, перадалі больш за 76 тыс. руб., сабраных у фонд абароны.

Па радыёпрыёмніку, які захоўваўся на кватэры М. Р. Кірыка, члены групы прымалі зводкі Саўінфармбюро, размнажалі іх і распаўсюджвалі сярод насельніцтва. Працуючы ў Мінскай акруговай управе, М. Р. Кірык забяспечваў I. I. Драздоўскага і В. П. Александроўскую бланкамі пропускаў, іншымі нямецкімі дакументамі.


Група У. КПуцылы

Дзейнічала з верасня 1943 г. да ліпеня 1944 г. на грабянёвай фабрыцы і хлебазаводзе № 1.

Створана па заданні Рудзенскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінскай вобласці. Аб’ядноўвала 7 чалавек Арганізатар і кіраўнік — камуніст У. К. Пуцыла («Анюцін»), які працаваў кладаўшчыком на фабрыцы.

Група выконвала заданні партызанскага атрада «Беларусь» аднайменнай брыгады Мінскай вобласці па разведцы ваенных аб’ектаў акупантаў. Пры садзейнічанні [Г. А.] Муската члены групы здабылі і перазнялі план Мінска, нанеслі на яго ваенныя аб’екты гітлераўцаў і праз Л. Д. Казючыц («Чарнова») перадалі план партызанам.

Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва горада савецкія газеты і лістоўкі, учынялі дыверсіі. М. С. Драчоў («Марцін») вывеў са строю электраматор на хлебазаводзе, У. К. Пуцыла разам з іншымі членамі групы пашкодзіў 7 з 13 аўтаматычных машын па пашыве армейскага абутку і інш. З дапамогай дырэктара грабянёвай фабрыкі падпольшчыка М. М. Ланеўскага У. К. Пуцыла рэалізоўваў на рынку яе прадукцыю, а грошы перадаваў партызанам. Падпольшчыкі пераправілі партызанам медыкаментаў на суму каля 12 тыс. руб., больш за 3 тыс. нямецкіх марак, частку прадукцыі фабрыкі, фотаапарат.

Перад вызваленнем горада Чырвонай арміяй члены групы вялі назіранне за варожым мініраваннем прамысловых і адміністрацыйных будынкаў, перашкаджалі вывазу і знішчэнню маёмасці фабрыкі і хлебазавода.


Група К. I. Труса i В. Ф. Шчарбацэвіч

Дзейнічала са жніўня 1941 г.

Аб’ядноўвала каля 10 чалавек, у т. л. трох камуністаў.

Ратуючы з палону параненых камандзіраў Чырвонай арміі, члены групы перадалі ў лазарэт для ваеннапалонных бланкі пашпартоў, фотаапарат, хімрэактывы і паперу для вырабу фатаграфій, адрасы канспіратыўных кватэр.

Камандзіраў, якія выйшлі з лазарэта, хавалі, кармілі, забяспечвалі цывільнай вопраткай і перапраўлялі да партызан. На кватэры В. Ф. Шчарбацэвіч захоўвалася зброя, боепрыпасы, медыкаменты.

Гітлераўцы вядуць на загубу ўдзельнікаў Мінскага партыйнага падполля К. І. Труса (злева), М. Б. Брускіну і У. І. Шчарбацэвіча. Мінск, 26 кастрычніка 1941 г.

Гітлераўцы 14 кастрычніка 1941 г. арыштавалі членаў групы і пасля катаванняў 26 кастрычніка 1941 г. павесілі на вуліцах і плошчах Мінска 12 чалавек, у т. л. А. Астроўскую, М. Б. Брускіну, Л. Зорына, М. Кузняцова, К. І. Труса, В. Ф. Шчарбацэвіч, У. І. Шчарбацэвіча, Н. Ф. Янушкевіч, П. Ф. Янушкевіча.

Памятны знак удзельнікам Мінскага партыйнага падполля К. І. Трусу, М. Б. Брускінай і У. І. Шчарбацэвічу на месцы іх загубы нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі каля прахадной Мінскага дрожджавага камбіната.

Групы на плодаагароднінных базах № 1 і 2

Дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, Кастрычніцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінска (у маі — верасні 1942). Створаны па ініцыятыве камуністаў М. К. Каржанеўскага, К. I. Хмялеўскага, У. С. Шыловіча, I. I. Яцэвіча і інш.


Група М. К. Каржанеўскага і А. I. Кудрыцкага на плодаагародніннай базе № 1.

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да кастрычніка 1943 г.

Аб’ядноўвала 12 чалавек, у т. л. А. М. Багалейшу, Г. С. Гардзейчыка, М. К. Каржанеўскага (кіраўнік да кастрычніка 1942), З. К. Каржанеўскую і А. В. Каржанеўскую, А. I. Кудрыцкага (кіраўнік з кастрычніка 1942), М. К. Кудрыцкую (Арлоўскую), I. К. Юрлевіча і інш.

Былы пракурор Баранавіцкай вобласці М. К. Каржанеўскі ў час акупацыі Мінска працаваў начальнікам пажарна-вартавой аховы плодагародніннай базы № 1, дзе стварыў падпольную групу. Падпольшчыкі забяспечвалі прадуктамі і соллю партызан Заслаўскага, Лагойскага, Мінскага, Рудзенскага і іншых раёнаў Мінскай вобласці, дапамагалі прадуктамі падпольшчыкам, галодным дзецям, сем’ям ваеннаслужачых, а таксама пераправілі ў партызанскія атрады 40 савецкіх грамадзян, у асноўным былых ваеннапалонных, вялі прапагандысцкую работу сярод насельніцтва горада, разам з падпольшчыкамі іншых груп падпалілі склад з гаручым, гараж, 3 вагоны з амуніцыяй.

Падтрымлівалі сувязь з падпольнай групай А. Ф. Арндта з гаража гapадской управы, пры садзеянні якой на аўтамашынах вывозілі прадукты, соль, зброю, медыкаменты партызанам.


Група М. Т. Раманоўскага на плодаагародніннай базе № 1

Дзейнічала з красавіка 1942 г. да ліпеня 1944 г. Аб’ядноўвала 8 чалавек, у т. л. Ю. I. Ласоўскага, М. М. Арлова, I. Б. Трацэўскага і іншых. У жніўні 1943 г. у састаў групы ўвайшла прыбыўшая з-за лініі фронту радыстка В. I. Сасноўская («Таня»).

Падпольшчыкі збіралі разведданыя аб праціўніку і перадавалі іх партызанам, забяспечвалі надзейнасць работы радысткі і рацыі, якая была ўстаноўлена ў тайніку ў сховішчы для гародніны.

У ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. В. І. Сасноўская рэгулярна паведамляла па рацыі савецкаму камандаванню пра становішча ў горадзе.


Група I. I. Яцэвіча на плодаагародніннай базе № 2

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да жніўня 1943 г.

Аб’ядноўвала 13 чалавек. Ядром групы з’яўляліся рабочыя В. В. Аглазінскі, Н. I. Бараноўскі, Ф. В. Брандт, М. В. Тарасік, Г. У. Шыловіч і інш.

Падпольшчыкі сабралі на месцах баёў 1941 г. больш за 30 вінтовак, 2 кулямёты і перадалі іх партызанам, парушалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь праціўніка, прыводзілі ў непрыгоднасць агародніну, якая адпраўлялася ў нямецкія вайсковыя часці.

Дзейнасць групы ўзмацнілася пасля сустрэчы І. І. Яцэвіча з кіраўніком падпольнай групы плодаагародніннай базы № 1 М. К. Каржанеўскім. Падпольшчыкі атрымлівалі ад М. К. Каржанеўскага падпольную газету «Звязда», зводкі Саўінфармбюро, вялі прапаганду і агітацыю сярод рабочых базы і насельніцтва горада, удзельнічалі ў аперацыях па вызваленні ваеннапалонных, забяспечвалі іх адзеннем, дакументамі, зброяй і перапраўлялі да партызан.

У 1943 г. група накіравала ў партызанскую брыгаду «Жалязняк» Мінскай вобласці, атрады якой дзейнічалі ў Лагойскім раёне, 43 чалавекі. Разам з імі пайшлі падпольшчыкі В. В. Аглазінскі, А. I. Блажэвіч, М. I. Ігнатовіч, Г. У. Шыловіч. Па заданні партызанскага камандавання яны неаднаразова прыходзілі ў горад, сустракаліся з І. І. Яцэвічам, перадавалі падпольшчыкам узрыўчатку і міны для дыверсій, з Мінска прыносілі разведданыя, савецкія грошы, аблігацыі дзяржпазык.

У жніўні 1943 г. І. І. Яцэвіч і іншыя члены групы арыштаваны гітлераўцамі.


Групы на хіміка-фармацэўтычным заводзе

Дзейнічалі з верасня 1941 г. да сакавіка 1944 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б і Кастрычніцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б г. Мінска (у маі — верасні 1942 ). Налічвалі 31 чалавека, у асноўным рабочых завода, аб’яднаных у 2 групы.


Група В. Я. Вяржбіцкай

Аб’ядноўвала 16 чалавек, у т. л. ветэранаў завода А. А. Арцішэўскую, З. С. Гарановіч, М. А. Карчынскую, В. У. Кавецкую, В. В. Навіцкую, С. С. Шчаўлюк, М. I. Шчэрбіч і інш.

Падпольшчыкі зрывалі вытворчасць медыкаментаў для гітлераўцаў, парушалі састаў кампанентаў лекаў, псавалі абсталяванне. Вынесеныя з завода медыкаменты і перавязачныя матэрыялы для партызан яны накоплівалі на кватэрах В. Я. Вяржбіцкай, К. С. Камінскай, М. А. Карчынскай і адпраўлялі партызанам праз падпольшчыц камуністку Л. С. Аляшкевіч, М. І. Шчэрбіч, партызанскіх сувязных [А. Н.] Дорагаву, Е. Р. Літвінаву, А. Ф. Лойка і інш.


Група П. П. Асядоўскага (працаваў у ахове завода)

Аб’ядноўвала 15 чалавек. У групе актыўна дзейнічала сям’я камуніста Я. М. Мілінкевіча, які працаваў на дрожджава-патачным заводзе, знаходзіўся там у падпольнай арганізацыі і падтрымліваў сувязь з падпольшчыкамі хімфармзавода. Яго жонка С. А. Мілінкевіч і дачка Аляксандра, што працавалі на хімфармзаводзе, выносілі медыкаменты, дочкі Тамара і Рэгіна памагалі дастаўляць іх у тайнік у кватэры Мілінкевічаў. Медыкаменты хавалі і на кватэры А. М. Валодзінай.

У час начных дзяжурстваў П. П. Асядоўскі падбіраў ключы і пранікаў на склады гатовай прадукцыі, браў асабліва дэфіцытныя лекі. Ён і ахоўнік [П. Л.] Мухамораў, звязаны з В. Я. Вяржбіцкай і В. У. Кавецкай, памагалі падпольшчыцам выносіць лекі з завода, папярэджвалі пра небяспеку.

Сустрэчы з сувязнымі партызанскіх атрадаў П. П. Асядоўскі наладжваў з дапамогай падпольшчыка камуніста С. Д. Стрыгалёва, які трымаў на Суражскім рынку ларок, што служыў месцам явак. Шмат медыкаментаў перадалі партызанам падпольшчыкі [С. М. Сямёнаў] і Т. А. Сямёнава.

Праз урача чыгуначнай бальніцы М. М. Спірыдонава была наладжана сувязь з падполлем чыгуначнага вузла. Праз В. В. Навіцкую атрымлівалі медыкаменты для партызан падпольшчыкі завода імя К. Я. Варашылава. В. А. Гарановіч праз П. Я. Кудраўцаву трымала сувязь з падполлем на радыёзаводзе, праз М. Я. Бакуновіч і [I.] Боўт — з падполлем на малочным заводзе, мясакамбінаце і інш. Падпольшчыкі хімфармзавода забяспечвалі медыкаментамі і перавязачнымі матэрыяламі 11 партызанскіх атрадаў брыгад 2‑й і 3‑й Мінскіх, «Беларусь», «Буравеснік», «Дзядзькі Колі», «Народныя мсціўцы» Мінскай, імя К. К. Ракасоўскага Баранавіцкай, імя М. В. Фрунзэ Вілейскай абласцей.

У канцы 1943 г. гітлераўцы арыштавалі В. Я. Вяржбіцкую, П. П. Асядоўскага, А. М. Валодзіну, В. У. Кавецкую, В. В. Навіцкую, Л. Паўлыга, М. М. Спірыдонава, К. Сушчэню, [Н.] Трафіменка, С. С. Шчаўлюк, М. І. Шчэрбіч.


Групы на ЦЭЦ‑2

Дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б. Налічвалі 38 чалавек.


Група М. I. Яраслаўцава

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да мая 1942 г.

Створана па ініцыятыве і пры дапамозе У. С. Амельянюка.

Аб’ядноўвала 20 чалавек, у асноўным былых работнікаў электрастанцыі і ваеннапалонных, палова з іх — камуністы. Я. П. Ляхаў, А. Я. Макееў, М. Ф. Мельнікаў, М. П. Смірноў, А. I. Сямёнаў, К. Ф. Шашкін і іншыя былі звязаны з падпольнай арганізацыяй Ваенны савет партызанскага руху (ВСПР), пазней сталі кіраўнікамі партызанскіх атрадаў, брыгад.

Падпольшчыкі прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, перадрукоўвалі іх на машынцы і распаўсюджвалі сярод рабочых электрастанцыі, у горадзе. У 1942 г. А. I. Гаўрыш, Я. П. Ляхаў, Ф. Ф. Смірноў, Я. С. Харашаеў, К. Ф. Шашкін і іншыя пад кіраўніцтвам М. І. Яраслаўцава падрыхтавалі і правялі на ЦЭЦ некалькі дыверсій: у студзені падарвалі вадапомпавую станцыю, у выніку чаго на чацвёра сутак вывелі са строю электрастанцыю; у лютым падарвалі адзін з катлоў электрастанцыі. У сакавіку 1942 г. яны сапсавалі прылады галоўнага пульта ўпраўлення ЦЭЦ. Спрабуючы знайсці ўдзельнікаў дыверсій, гітлераўцы на працягу трох дзён дапытвалі і катавалі рабочых электрастанцыі, у т. л. членаў падпольнай групы. Пад пагрозай правалу падпольшчыкі пайшлі ў партызанскі атрад імя І. В. Сталіна.


Група Д. Р. Гняўко

Дзейнічала з верасня 1941 г. да 3 ліпеня 1944 г.

Аб’ядноўвала 18 чалавек — слесараў, электраманцёраў і інш. Узаемадзейнічала з партызанскім атрадам «Мясцовыя», брыгадамі «Штурмавая» Мінскай, імя Ф. Э. Дзяржынскага Баранавіцкай абласцей.

Рабочыя В. Ф. Вінцэвіч, С. П. Папко, М. А. Яловік і іншыя зрывалі падачу электраэнергіі на аб’екты ворага, выводзілі са строю генератары, помпы, трансфарматары, кабельную сетку, зацягвалі іх рамонт. Так, на вуліцы МОПРа ўвесь май цягнуліся работы па ўключэнні электраэнергіі гарнізонам і вадапомпавай станцыі ў в. Навінкі (ускраіна Мінска), аднак падземны кабель гітлераўцы так і не аднавілі.

Падпольшчыкі прывялі ў непрыгоднасць трансфарматары помпавай станцыі ў Навінках, у рамонтных майстэрнях на Грушаўскім пасёлку, у нямецкай вайсковай часці па Лагойскай шашы, на падстанцыях піўзавода, Камароўскай каналізацыйнай станцыі, мясакамбінаце.

Зробленымі М. А. Ярашэвічам мінамі Д. Р. Гняўко, I. А. Сачак, А. Р. Станкевіч надоўга вывелі са строю трансфарматарныя будкі для забеспячэння электраэнергіяй нямецкага шпіталя, млынзавода, пятроўшчынскага водазабору, майстэрань па вырабе кабеляў сувязі і інш.

У выніку дзвюх дыверсій 28 чэрвеня 1943 г. на ЦЭЦ‑2 была пашкоджана турбіна і ўзарвана вялікая водаправодная труба, горад 12 гадзін заставаўся без святла і электраэнергіі.

Падпольшчыкі на чале з Д. Р. Гняўко ў пачатку лютага 1944 г. узарвалі трансфарматарны пункт, пакінуўшы без электраэнергіі вайсковыя казармы і склады; выбухам генератара ЦЭЦ‑2 было перапынена электразабеспячэнне многіх устаноў і дамоў, у якіх жылі акупанты. Пазней была выведзена са строю падстанцыя, якая надавала электраэнергію ў паўночна-ўсходнюю частку горада, дзе размяшчаліся шматлікія ваенныя аб’екты.

Падпольшчыкі не дазволілі знішчыць ЦЭЦ‑2 адступаўшым гітлераўцам. Д. Р. Гняўко і А. Р. Станкевіч 2–3 ліпеня 1944 г. праніклі ў помпавую станцыю і перарэзалі правады, якія вялі да выбуховых прылад, чым прадухілілі яе выбух. Разам з савецкімі воінамі яны 4 ліпеня 1944 г. удзельнічалі ў размініраванні цэнтральнага і двух размеркавальных пунктаў, ад якіх цягнулася разгалінаваная надземная электракабельная сетка. Яны збераглі паштовую надземную кабельную сетку, большую частку трансфарматарных пунктаў, у т. л. у Доме ўрада і Доме Чырвонай арміі (цяпер Дом афіцэраў).


Групы ў гаражы гарадской управы

Дзейнічалі пад кіраўніцтвам Кастрычніцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінска (у маі — верасні 1942) і Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б (з верасня 1943).

Група А. Ф. Арндта

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да лютага 1944 г. З верасня 1943 г. яе ўзначальваў М. Ф. Філіповіч, з лістапада 1943 г. — [Г. М.] Карпіловіч (магчыма, Карпіловіч Павел Мікалаевіч).

Аб’ядноўвала 20 камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных патрыётаў, у асноўным рабочых гаража. Падтрымлівала сувязь з падполлем на чыгуначным вузле, праз падпольшчыкаў В. П. Гук, М. К. Вароніч, [Я. В.] Ісаева і іншых з партызанскім атрадам «Мясцовыя», брыгадамі «Штурмавая», «Беларусь», імя П. К. Панамарэнкі, 2‑й Мінскай.

Члены групы здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, бензін, медыкаменты, учынялі дыверсіі.

У красавіку — жніўні 1942 г. [Г. М.] Карпіловіч з дапамогай падпольшчыкаў С. З. Анікіна, М. А. Зуя, А. М. Кудзіновіча, I. В. Станкевіча вывезлі са склада гаруча-змазачных матэрыялаў 4 бочкі бензіну і 2 салідолу, з хлебазавода «Аўтамат» — 3 скрынкі са зброяй.

[Г. М.] Карпіловіч 7 лістапада 1942 г. пераправіў партызанам 2 т солі, якую здабылі С. З. Анікін, А. С. Паўлоўскі, М. Ф. Філіповіч і [Э. I. Ягаменка].

У ліпені 1943 г. патрыёты даставілі на машыне з прыгараднай в. Курасоўшчына ў ачэплены гітлераўцамі Мінск магнітныя міны для дыверсій на чыгунцы. У 1942–1943 гг. яны неаднаразова адвозілі партызанам крупы, муку, хлеб і іншыя прадукты з хлебазаводаў «Аўтамат» і № 1, млыноў № 3 і 4, размеркавальнай базы гарадской управы, хлебным аддзелам якой загадваў падпольшчык В. С. Шахаў.

Падпольшчыца М. М. Калініна («Лілія») працавала ў прадуктовым аддзеле гарадской управы, выпісвала і передавала М. Ф. Філіповічу дадатковыя нарады на соль, хлеб, муку, перапраўляла зброю ў 2‑ю Мінскую партызанскую брыгаду.

На кватэры А. М. Кудзіновіча і яго жонкі М. К. Шпакоўскай захоўваліся міны і тол.

Праз В. С. Шахава члены групы атрымлівалі ад падпольшчыкаў медпункта чыгуначнай станцыі Мінск-Пасажырскі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы. Вялікую колькасць іх у кастрычніку 1943 г. [Г. М.] Карпіловіч і Л. Ф. Мурашка вывезлі ў партызанскую брыгаду «Штурмавая».

У лістападзе 1943 г. гітлераўцамі арыштавана 14 чалавек са складу групы, у студзені 1944 г. — яшчэ 5 чалавек.

Група Э. I. Якіменкі

Дзейнічала са снежня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. З мая 1944 г. яе ўзначальваў С. З. Анікін.

Аб’ядноўвала 16 чалавек, у асноўным рабочых гаража, у т. л. трох камуністаў і трох камсамольцаў. Сувязь з падпольным гаркамам КП(б)‌Б і Кастрычніцкім райкамам КП(б)‌Б г. Мінска ажыццяўлялі С. З. Анікін, М. М. Калініна, Г. М. Сакевіч. Былі наладжаны сувязь з партызанскім атрадам «Мясцовыя» і 2‑й Мінскай партызанскай брыгадай, узаемадзеянне з падпольнымі групамі на плодаагароднінных базах № 1 і 2.

Патрыёты забяспечвалі партызан прадуктамі, медыкаментамі, зброяй і боепрыпасамі, вывозілі на аўтамашынах гаража савецкіх людзей у партызанскія атрады. Пераправілі ў 2‑ю Мінскую партызанскую брыгаду 300 м тканіны, 550 кг солі, 200 л бензіну, 10 кг масла і інш.; вызвалілі з мінскай турмы арыштаванага падпольшчыка І. Я. Ісаева з жонкай і пераправілі іх да партызан. Члены групы ўдзельнічалі ў аперацыях па выкрыцці фашысцкіх агентаў.


Заключэнне

Мінскае падполле аб’ядноўвала больш за 9 тыс. прадстаўнікоў 25 нацыянальнасцей СССР, антыфашыстаў 9 замежных краін, налічвала 1 025 камуністаў, 2 044 камсамольцаў, каля 3 тыс. рабочых, 2 235 служачых, 1 860 былых ваеннаслужачых, больш за 1 700 навучэнцаў і хатніх гаспадынь. У барацьбе супраць нямецка-фашысцких захопнікаў загінулі: В. В. Аглазінскі, Л. Я. Адзінцоў, У. I. Адынец, А. А. Адырэй, М. П. Алісіёнак, П. П. Алісіёнак, С. К. Амельянюк, У. С. Амельянюк, З. А. Андрыянава, С. З. Анікін, А. А. Арндт, А. Ф. Арндт, П. П. Асядоўскі, М. К. Ахрамовіч, В. Д. Баброў, А. М. Багалейша, [М. А.] Багданаў, У. Баравік, Е. М. Баранаў, П. Д. Баранаў, П. П. Бачыла, I. Л. Беланоўскі, С. А. Благаразумаў, Ф. В. Брандт, I. К. Брылеўскі, К. I. Будай, У. К. Будай, Г. Р. Буракоў, А. А. Вадкоўскі, Р. Ф. Валынец, С. I. Васілеўскі, К. Р. Ваўчок, М. М. Воранаў, М. П. Воранаў, В. Я. Вяржбіцкая, П. I. Гавіновіч, З. З. Гало, I. Я. Ганчарэнка, С. М. Гапоненка, М. С. Гарбачоў, Г. С. Гардзейчык, Н. Я. Герасіменка (з сям’ёй), Е. Д. Грыбовіч, Б. I. Грынкевіч, М. А. Гуд, А. П. Гук, М. Р. Дарасевіч, В. М. Дзявочка, П. М. Дзянісаў, В. Ф. Дзярыба, Г. Г. Дзярыба, Д. А. Дорашава, I. I. Драздоўскі, Я. Дробат, М. П. Дрозд (з сям’ёй), Н. Р. Ермаловіч, А. Г. Жалабковіч, В. С. Жудро, Н. С. Жук, Ф. К. Жывалёў, А. I. Загорская, М. П. Зайцаў, С. I. Заяц (Зайцаў), М. I. Зехаў, Н. Р. Зікуненка, В. Р. Іваноўская, I. I. Івашчонак, З. Д. Ільюшына, I. К. Кабушкін, А. I. Кавалеўскі, I. К. Кавалёў, I. П. Казінец, I. X. Казлоў, В. I. Кандрашэвіч, А. М. Каранькова, А. А. Каранькоў, С. А. Каранькоў, Д. А. Караткевіч, А. В. Каржанеўская, М. К. Каржанеўскі, I. В. Кахомскі, Н. М. Качан (з сям’ёй), М. Р. Кірык, В. З. Клімук, Я. У. Клумаў (з жонкай), Ц. Ц. Кляцко, А. М. Кнырко, А. М. Кобак, П. I. Кобзеў, С. Б. Крупадзёраў, М. Кудзелька, А. М. Кудзіновіч, М. К. Кудрыцкая (Арлоўская), В. С. Купрыянава, Л. I. Купрэйчык, З. А. Лапко, Г. М. Лоцман, М. М. Лоцман, М. П. Любезны, А. М. Ляўкоў, А. С. Мазалеўскі, I. А. Мазанік, С. В. Малажаеў, М. Ф. Малаковіч, Б. I. Маляўка, Л. П. Мамат, А. П. Манцывода, Г. А. Манцывода, Б. А. Манькоўскі, В. X. Маркава, I. X. Маркаў (Пагодзін), М. А. Марцінкевіч, П. Маскалевіч, Ю. М. Масленікаў, I. I. Матусевіч, М. С. Махнач, Я. М. Мілінкевіч, М. Я. Мірончык, М. М. Міхайлаў, Л. Ф. Мурашка, I. Мястоўскі, В. В. Навіцкая, М. Я. Невідовіч, К. П. Несцяронак, М. Нікановіч, Ф. Нікіфарава, В. К. Нікіфараў, М. А. Няхаеў (Няхай), I. Ф. Падабед, В. Р. Пазмогаў, М. Н. Паўлаў, К. А. Паўлечка, М. В. Пелюх, К. М. Пенкрат, Л. А. Пенкрат, М. Н. Пенкрат, П. Пілецкі, Ф. М. [Пшэчэнка], З. П. Пятрова (Чаркасава), Я. Ф. Раманава, Р. Г. Раманаў, Д. С. Рачыцкі, В. Ф. Рубец, I. С. Руткоўскі, Я. В. Савінскі, Г. Ф. Савіцкі, А. С. Саковіч, А. I. Салаўёў, В. Д. Сантоцкая, Г. П. Сапун, Г. Д. Сасіна, У. Л. Серафімаў, С. В. Сержановіч, В. Сіляўка, П. Ф. Сіманенка, М. В. Сіневіч, I. М. Сіткевіч, I. В. Станкевіч, I. I. Стрэчань, Л. П. Сумарава, І. Г. Сцяпура, Г. М. Сямёнаў, С. М. Сямёнаў, М. П. Сянькевіч, I. М. Сянько, А. Л. Тарлецкі, I. Ц. Тоўсцік, К. Ц. Тоўсцік, К. I. Трус, Г. Тупіцкая, П. А. Тупіцкі, Г. Г. Фалевіч, А. Р. Фаловіч, Ф. Фурсееў, П. К. Хадасевіч (з сям’ёй), М. Ф. Хаткоўскі, А. С. Хацько, М. Р. Хмялеўская, К. І. Хмялеўскі, Л. С. Цапурняк, П. М. Цвяткоў, А. К. Цясленка, Л. М. Чаргановіч, В. Чаркасаў, I. Ц. Чарнуха, М. I. Чырко, П. I. Чыркун, В. С. Шахаў, В. Д. Шацько, С. А. Шостак, Г. Штрубэ, М. А. Шугаеў, А. А. Шумская, В. Ф. Шчарбацэвіч, У. І. Шчарбацэвіч, С. С. Шчаўлюк, У. С. Шыловіч, Г. Ф. Шырко, С. I. Шэлях, С. В. Якаўлеў, Э. I. Якіменка, Н. Ф. Янушкевіч, П. Ф. Янушкевіч, М. I. Яраслаўцаў, I. I. Яцэвіч (Яцкевіч) і інш.

Мемарыяльная дошка ў гонар удзельніка Мінскага партыйнага падполля М. П. Дразда; усталявана на месцы яго дома па вуліцы Заслаўскай у Мінску, дзе ў 1941–1943 гг. знаходзілася явачная кватэра падпольшчыкаў.

За гераізм, праяўлены ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, У. С. Амельянюку, I. К. Кабушкіну, I. П. Казінцу, М. А. Кедышку, Я. У. Клумаву, А. Р. Мазанік, М. Б. Осіпавай, Н. В. Траян прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Каля 600 чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Імёнамі падпольшчыкаў Л. Я. Адзінцова, У. С. Амельянюка, З. З. Гало, Н. Я. Герасіменкі, М. П. Дразда, В. С. Жудро, I. К. Кабушкіна, I. П. Казінца, Д. А. Караткевіча, М. К. Каржанеўскага, М. А. Кедышкі, Я. У. Клумава, А. М. Ляўкова, I. I. Матусевіча, Г. М. Сямёнава, К. I. Хмялеўскага, М. П. Чыжэўскай і А. А. Чыжэўскай (маці і дачкі), В. Д. Шацько названы вуліцы Мінска.

Мемарыяльная дошка ў гонар кіраўніка Мінскага партыйнага падполля, Героя Савецкага Саюза У. С. Амельянюка на адным з дамоў вуліцы ў Мінску, якая носіць яго імя.

За мужнасць і гераізм, самаадданую барацьбу працоўных з нямецка- фашысцкімі захопнікамі ў гады вайны, а таксама за поспехі ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд Мінск у 1966 г. узнагароджаны ордэнам Леніна.

Помнік падпольшчыцам М. П. Чыжэўскай, А. А. Чыжэўскай і Н. П. Майсеевай (скульптар В. Занковіч) там, дзе яны былі павешаны гітлераўцамі (цяпер вуліца Чыжэўскіх у Мінску) 25 снежня 1943 г. за спробу замаху на генеральнага камісара Беларусі К. фон Готберга.

За выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі горада ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, вялікую ролю ў разгортванні ўсенароднага партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў азнаменаванне 30‑годдзя вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 чэрвеня 1974 г. Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».

Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля, адзначаны мемарыяльнымі знакамі і дошкамі.


СПІСЫ АСНОЎНЫХ ПАДПОЛЬНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ I ГРУП, КАНСПІРАТЫЎНЫХ КВАТЭР МІНСКАГА ПАРТЫЙНАГА I КАМСАМОЛЬСКАГА ПАДПОЛЛЯ


Падпольныя арганізацыі і групы

1. Група К. I. Труса і В. Ф. Шчарбацэвіч.

2. Група ў аптэцы № 1.

3. Група «Вера».

4. Група М. П. Зайцава.

5. Група I. X. Маркава.

6. Група В. З. Клімука.

7. Apганізацыя «Андруша».

8. Арганізацыя «Адам».

9. Apганізацыя «Віктар».

10. Apганізацыя «Уладзімір».

11. Apганізацыя «Роберт».

12. Apганізацыя на цвіковым заводзе.

13. Apганізацыя «Крылоў».

14. Apганізацыя вуліц Р. Люксембург і К. Лібкнехта.

15. Apганізацыя Г. Д. Сасінай.

16. Apганізацыя на піўзаводзе «Беларусь».

17. Apганізацыя на дрожджава-патачным заводзе «Чырвоная зара».

18. Арганізацыя на станкабудаўнічым заводзе імя К. Я. Варашылава.

19. Група на гарбарным заводзе «Бальшавік».

20. Apганізацыя на Грушаўскім пасёлку.

21. Групы на вагонарамонтным заводзе імя І. Ф. Мяснікова (група Г. М. Красніцкага, група В. I. Гудовіча (Гудзевіча), група В. I. Кухто).

22. Групы на ЦЭЦ‑2 (група Д. Р. Гняўко, група М. I. Яраслаўцава).

23. Група М. Р. Гаўрылава.

24. Група С. А. Раманоўскага.

25. Групы на плодаагародніннай базе № 1 (група М. Т. Раманоўскага, група Я. I. Ярмалінскага, група М. К. Каржанеўскага, А. I. Кудрыцкага).

26. Група на балотнай станцыі.

27. Група В. С. Ждановіч-Рабавай.

28. Група I. П. Жураўскага.

29. Група У. I. Сянько.

30. Група Д. I. Бязмена.

31. Група С. К. Вішнеўскага — Л. А. Барсукоўскага (Барсукевіча).

32. Група Р. П. Духоўнікавай.

33. Група В. Д. Шацько.

34. Група С. Я. Крывічаніна.

35. Група I. С. Руткоўскага.

36. Група Д. А. Малаша.

37. Група У. К. Арцішэўскага.

38. Група А. В. Чарненкі.

39. Група У. К. Пуцілы.

40. Група I. А. Адамовіча.

41. Apганізацыя i групы на радыёзаводзе (арганізацыя «Танюша», Група У. М. Еліна, група Н. К. Усачанкі).

42. Група П. I. Чыркуна.

43. Група Г. М. Гамаліцкага.

44. Група А. А. Вадкоўскага — Б. А. Івашкевіча.

45. Група Я. М. Савіцкай.

46. Групы на цагельных заводах (група М. I. Зехава, група Р. Ф. Валынца).

47. Арганізацыя на швейнай фабрыцы імя Н. К. Крупскай і ў пасёлку Малая Серабранка.

48. Група К. Л. Матузава.

49. Група Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі «Юра».

50. Група «Артур».

51. Apганізацыя і групы на хлебазаводзе «Аўтамат».

52. Групы на хімфармзаводзе (група В. Я. Вяржбіцкай, група П. П. Асядоўскага).

53. Групы ў гаражы гарадской управы (група А. Ф. Арндта, група Э. I. Екіменкі).

54. Apганізацыя i групы на Мінскім чыгуначным вузле.

55. Група на Старажоўскай хлебапякарні.

56. Група I. I. Яцэвіча (Яцкевіча) на плодаагародніннай базе № 2.

57. Група на мэблевай фабрыцы.

58. Ваенны савет партызанскага руху (ВСПР).

59. Група на складзе бухгалтарскіх бланкаў.

60. Група настаўнікаў.

61. Калодзішчанская падпольная арганізацыя.

62. Тарасава-Ратамская падпольная арганізацыя.

63. Група ў в. Аляксандрова Мінскага раёна.

64. Група пры партыйна-камсамольскай арганізацыі торфапрадпрыемства «Чырвоны сцяг».

65. Прылепская падпольная арганізацыя (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці).


Адрасы канспіратыўных кватэр Мінскага партыйнага і камсамольскага падполля (прыведзены даваенныя назвы вуліц і нумары дамоў, а таксама сучасныя назвы вуліц ці ўдакладняецца, што вуліца не існуе; у дужках даюцца прозвішчы падпольшчыкаў ці гаспадароў кватэр)

1. Антонаўская, 9, кв. 1 (сям’я Кедышка), арганізацыя «Андруша».

2. Апанскага, 93 (зараз Кальварыйская), (Н. К. Рудакоўская), група М. I. Зехава на цагельным заводзе.

3. Аранжэрэйная, 7, кв. 2 (П. С. Алейчык), Ваенны савет партызанскага руху.

4. Аўтадораўская, 9, кв. 42 (сям’я Любецкіх), група на швейнай фабрыцы імя Н. К. Крупскай.

5. Аўтадораўскі зав. (сям’я Гудовічаў), арганізацыя «Зубілкін» на вагонарамонтным заводзе імя А. Ф. Мяснікова.

6. Беламорская, 19, кв. 2 (П. М. Цвяткоў), група Н. Р. Зікуненкі.

7. Беламорская, 142 (У. А. Будаеў), падпольны гаркам КПБ(б)Б.

8. Беларуская, 37 (Ф. К. Жывалёў), група Ф. К. Жывалёва на Мінскім чыгуначным вузле.

9. 2‑і Беларускі зав., 4 (I. X. Маркаў), група I. X. Маркава на Мінскім чыгуначным вузле.

10. Бібліятэчная, 31 [Ж. Л. Савіч (Вагіна)], арганізацыя «Роберт».

11. Бондараўская, 19 (зараз Гікалы), (сям’я Галавацкіх), арганізацыя «Андруша».

12. Бондараўская, 22, кв. 1 (зараз Гікалы), (сям’я Дамброўскіх), арганізацыі «Андруша», «Віктар».

13. Быхаўская, 20, кв. 1 (сям’я Берасневічаў), разведгрупа С. К. Вішнеўскага, арганізацыя «Адам».

14. Вакзальная, 3, кв. 10 (сям’я Ліванавых), група М. Р. Гаўрылава на Мінскім чыгуначным вузле.

15. Варашылава, 23, кв. 19 (зараз Кастрычніцкая), (В. В. Бялан), група на гарбарным заводзе «Бальшавік».

16. Горкага, 1/2, кв. 15 (зараз Багдановіча), (М. А. Лапша), арганізацыя «Крылоў».

17. Грамадская, 2 (не існуе), ([В. М.] Гіцкая) i Грамадская, 2а ([А. М.] Запольская), група [А. Л.] Запольскага.

18. Грамадская, 17, кв. 2 (не існуе), (А. П. Вялюжына), арганізацыя «Адам».

19. Грунтовая, 8 (сям’я Кудраўцавых), арганізацыя «Танюша».

20. Грыбаедава, 30, кв. 19 (сям’я Астравухавых), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

21. 2‑і Грыгор’еўскі зав. (К. В. Асіноўская), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

22. Даўмана, 27 (сям’я Юркевічаў), група на гарбарным заводзе «Бальшавік».

23. Даўмана, 29, кв. 1 (сям’я Аўчынка), група на гарбарным заводзе «Бальшавік».

24. Дабралюбава, 1/2, кв. 1 (В. Ф. Мацюшка), падпольны гаркам КП(б)‌Б і Варашылаўскі райкам КП(б)‌Б.

25. Дабралюбава, 13, кв. 1 (П. В. Чайкоўскі), група С. А. Раманоўскага.

26. 1‑ы Дабралюбаўскі зав., 6, кв. 1 (В. З. Клімук), група В. З. Клімука ў інфекцыйнай бальніцы.

27. Заслаўская, 34 (сям’я Дрозд), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

28. Ізвозная, 29, кв. 1 (П. I. Чыркун), арганізацыя на Мінскім чыгуначным вузле.

29. Інтэрнацыянальная, 24, кв. 1 (А. В. Чарненка), група А. В. Чарненкі.

30. Камароўская, 55 (зараз частка праспекта Машэрава), (I. X. Казлоў), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

31. Камуністычная, 48 (зараз праспект Незалежнасці, д. 27а), (В. Ф. Шчарбацэвіч), група К. I. Труса і В. Ф. Шчарбацэвіч.

32. Крапоткіна, 114, кв. 1 (I. А. Кандрашэвіч), арганізацыя на цвіковым заводзе.

33. Лугавая, 5 (Г. М. Сямёнаў), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

34. Розы Люксембург, 6 (кв. 6 — сям’я Платонавых; кв. 8 — сям’я Чараповічаў), арганізацыя ў раёне вуліц Р. Люксембург і К. Лібкнехта.

35. Магілёўская, 44, кв. 2 (В. Д. Шацько), група В. Д. Шацько на Мінскім чыгуначным вузле.

36. Магілёўская, 52а, кв. 2 (сям’я Аўчаровых), арганізацыя «Андруша».

37. Маскоўская, 61, кв. 4 (Г. I. Сярова), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

38. Надзеждзінская, 14а (Л. Д. Драгун-Пастрэвіч), група Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі «Юра».

39. Надзеждзінская, 16, кв. 1 (Д. А. Драгун), група НКДБ «Юра».

40. Някрасава, 4а (В. П. Барсук), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

41. Няміга, 35, кв. 5 (Н. Я. Герасіменка), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

42. Падлесная, 3 (сям’я Арндтаў), група А. Ф. Арндта.

43. Пажарная, 9, кв. 3 (М. П. Тужыкаў), арганізацыя М. П. Тужыкава на хлебазаводзе «Аўтамат».

44. Палеская, 16 (сям’я Сянько), група У. I. Сянько.

45. Папаніна, 2, кв. 2 (сям’я Шарыпа), арганізацыя «Зубілкін» на заводзе імя А. Ф. Мяснікова.

46. Першамайская, 17, кв. 2 (І. Г. Матусевіч), арганізацыя на станкабудаўнічым заводзе імя К. Я. Варашылава.

47. Пераможная, 9, кв. 12 ([Я. С.] Савіцкая), група Я. М. Савіцкай.

48. Полацкі зав., 6, кв. 1 (П. В. Рымашэўскі), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

49. Правадная, 23, кв. 2 (не існуе), (К. I. Трус), група К. I. Труса і В. Ф. Шчарбацэвіч.

50. Прыгожая, 9, кв. 1 (А. I. Кудрыцкі), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

51. Радашковіцкая, 14, кв. 1 (В. М. Філіповіч), арганізацыя «Танюша».

52. Рымарская, 9 (сям’я Воранавых), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

53. Савецкая, 6 (памяшканне аптэкі № 1), група Г. Г. Фалевіча ў аптэцы № 1.

54. Старавіленская, 26, кв. 3 (сям’я Ляхоўскіх), разведгрупа С. К. Вішнеўскага.

55. Старавіленская, 92 (С. Л. Мацюшка і сям’я Кандрашэвічаў), арганізацыя на цвіковым заводзе, група на балотнай станцыі.

56. Старажоўская, 26 (В. П. Сіневіч), група В. П. Сіневіча.

57. Стараслабодская, 31 (інтэрнат Мінскага педінстытута імя А. М. Горкага), група «Вера».

58. Талстога, 42 (кв. 1 — Д. Ф. Харытончык; кв. 2 — сям’я Івашкевічаў), арганізацыя Мінскага чыгуначнага вузла.

59. Усходні зав., 18 (сям’я Абламскіх), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

60. Уфімская, 4 ([А. П.] Сумарава), група Г. М. Красніцкага на заводзе імя А. Ф. Мяснікова.

61. Цнянская, 14, кв. 2 (К. Я. Нядзельцава), арганізацыі «Андруша», «Віктар», «Уладзімір».

62. Чарнышэўскага, 11 (сям’я Амельянюкоў), падпольны гаркам КП(б)‌Б.

63. Чкалава, 26 (С. Ф. Кузняцоў), арганізацыя на Мінскім чыгуначным вузле.

64. Чкалава, 48, кв. 1 (В. У. Лаўрыновіч), арганізацыя Г. Д. Сасінай.

65. Чырвоназорная, 34 (Л. У. Валадзько), арганізацыі «Андруша», «Віктар».

66. Чырвонамысленскі зав., 7, кв. 2 (Д. I. Безмен), група Д. I. Безмена на Мінскім чыгуначным вузле.

67. Вёска Александрова Мінскага раёна (М. Ф. Ліпень), Александроўскае патрыятычнае падполле.

68. Вёска Вадапой Мінскага раёна ([Б. А. Ляоненка], [З. Ф. Крыштаповіч] і [Н. Ф. Крыштаповіч]), Калодзішчанская падпольная арганізацыя.

69. Станцыя Калодзішчы Мінскага раёна (М. М. Афанасьеў), Калодзішчанская падпольная арганізацыя.

70. Вёска Калодзішчы Мінскага раёна (Н. Ф. Баршчэўская, [М. Ц. Міхальчук]), Калодзішчанская падпольная арганізацыя.

71. Вёска Міханавічы Мінскага раёна (А. Д. Малей), Александроўскае патрыятычнае падполле.

72. Вёска Прылепы Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ([П. У.] Лучонак, А. Ф. Няхайчык), Прылепская падпольная арганізацыя.

73. Вёска Ратамка Мінскага раёна (П. М. Бортнікаў, Ф. Ф. Бурчок), Тарасава-Ратамская падпольная арганізацыя.

74. Станцыя Сцяпянка Мінскага раёна (зараз у межах Мінска, I. [М.] Кавалёў), Калодзішчанская падпольная арганізацыя.

75. Вёска Тарасава Мінскага раёна (В. I. Лашчыцкі), Тарасава-Ратамская падпольная арганізацыя.