Дата стварэння: 01.03.2023 15:54:31
Дата змены: 15.05.2025 15:00:52
Партыза́нскі полк 208‑ы імя́ I. В. Ста́ліна
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Бярэзінскага, Бялыніцкага, Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Пухавіцкага, Чэрвеньскага, Барысаўскага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці, Целяханскага, Лагішынскага, Ганцавіцкага і Пінскага раёнаў Пінскай вобласці.
Створаны ў жніўні 1943 г. на базе атрада 208‑га імя І. В. Сталіна.
Са жніўня 1941 г. у Рудзенскім pаёне дзейнічаў атрад М. П. Пакроўскага, у кастрычніку створаны атрад Сяргеева. Атрады М. П. Пакроўскага, Сяргеева і група У. I. Нічыпаровіча, што прыбыла з Мінскага падполля, 31 снежня 1941 г. аб’яднаны ў партызанскі атрад 208‑ы. У сакавіку 1942 г. атрад перадыслацыраваўся ў Клічаўскі раён, дзе быў перайменаваны ў 208‑ы імя І. В. Сталіна, а яго камандаванне стварыла і ўзначаліла Клічаўскі аператыўны цэнтр. У лістападзе 1942 г. атрад пераўтвораны ў партызанскую брыгаду 1‑ю Клічаўскую (камандзіры: П. В. Яхантаў, Я. М. Бяспоясаў; камісары: I. Р. Іваноў, Р. I. Шчарбакоў; начальнікі штаба: К. А. Арцюшын, Ц. К. Крук). У маі 1943 г. брыгада рэарганізавана ў атрад 208‑ы імя І. В. Сталіна ў складзе трох рот. У жніўні 1943 г. атрад пераўтвораны ў партызанскі полк 208‑ы імя І. В. Сталіна 3‑батальённага складу (роты атрада перафарміраваны ў батальёны). У кастрычніку 1943 г. сфарміраваны 4‑ы батальён (вучэбна-рэзервовы), у снежні ён рэарганізаваны ў сапёрную роту. Полк перабазіраваўся ў Целяханскі раён у ходзе рэйду, які адбыўся 11 снежня 1943 г. — 30 студзеня 1944 г. У сакавіку 1944 г. зноў сфарміраваны 4‑ы батальён.
У лютым, сакавіку 1942 г., красавіку і жніўні 1943 г. байцы атрада, потым брыгады, разграмілі варожыя гарнізоны і апорныя пункты ў в. Пухавічы, вёсках Градзянка Асіповіцкага раёна, Суша Клічаўскага раёна, Мацевічы Бярэзінскага раёна (гл. Мацевіцкі бой 1943 г.), у г. п. Бялынічы. Правялі 17 абарончых аперацый супраць карнікаў, у т. л. Кліноцкі бой 1942 г. У маі 1943 г. прарвалі блакаду. У жніўні 1943 г., удзельнічаючы ў «Рэйкавай вайне», знішчылі больш за 3,5 тыс. рэек.
Партызаны палка 19 лютага 1944 г. на ўчастку Малькавічы — Люсіна спынілі і знішчылі вайсковы эшалон. Адбілі 16 чэрвеня 1944 г. атакі буйных сіл карнікаў на лініі Агінскага канала. Ва ўзаемадзеянні з часцямі Чырвонай арміі 4–7 ліпеня 1944 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Новы Двор, Пагост-Загарадск, Лагішын Лагішынскага раёна, Сошна і Парахонск Пінскага раёна.
Партызаны правялі больш за 400 баявых аперацый, знішчылі і пашкодзілі больш за 70 эшалонаў на чыгуначных участках Мінск — Орша, Орша — Жлобін, Мінск — Жлобін, Баранавічы — Лунінец, Лунінец — Пінск.
Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 11 ліпеня 1944 г., на той момант уключаў 4 батальёны, у якіх змагаліся 1 422 партызаны.
Камандзір палка Я. М. Бяспоясаў, камісар Р. І. Шчарбакоў, начальнік штаба П. Ф. Бадачэнка.